Як ацэньваць веды вучняў, каб на іх не сварыліся бацькі

- 11:19"Настаўніцкай газеце" — 70

Памятаеце, у савецкіх падручніках часта друкавалася рэпрадукцыя карціны Фёдара Рашэтнікава “Зноў “двойка”? Мы нават не раз апісвалі яе, уяўляючы пачуцці хлопчыка, яго маці, а таксама старэйшай сястры і малодшага брата, якія былі на карціне. І суперажывалі галоўнаму герою, перабіраючы ў сваіх дзіцячых галовах спосабы пакарання за такое.
Карціна была напісана ў 1952 годзе, калі пяцібальнай сістэмай ацэнкі ведаў савецкіх школьнікаў карысталіся ўжо шмат гадоў. Да мяне нядаўна трапіў артыкул “Настаўніцкай газеты” за 9 мая 1946 года, у якім І.С.Вадэйка, начальнік упраўлення пачатковай і сярэдняй школы Міністэрства асветы БССР, піша, як ацэньваць веды вучняў, бо ў тыя часы гэтае пытанне набыло выключную вастрыню.

У прынцыпе, пытанне лібералізму пры ацэньванні вучняў актуальнае і сёння, бо сустракаецца як завышэнне, так і заніжэнне адзнак. Здараецца, што педагогі трапляюць у палон сваіх эмоцый і адзнаку разглядаюць як спосаб пакарання або падзякі. Праўда, цяпер мы карыстаемся іншай тэрміналогіяй і адзнаку разглядаем як спосаб матывацыі вучня. І калі вучань вучыцца добра, то ён высокаматываваны, а калі так сабе, то матывацыя ў яго нізкая. Акрамя таго, цяпер у нашай адукацыі настаўнікі кіруюцца дзесяцібальнай сістэмай ацэнкі ведаў. Паняцця дрэннай адзнакі ў нас не існуе. Усе балы ў гэтай шкале станоўчыя, таму карціну Ф.П.Рашэтнікава ў нашы дні разбіраць на ўроках зусім не актуальна.
Хаця, калі кіравацца паняццямі нізкіх і высокіх балаў, то “двойка” героя карціны, канечне, вельмі нізкі бал нават па дзесяцібальнай шкале. І калі сённяшні вучань яе атрымлівае, то “разбор палётаў” ад бацькоў яму гарантаваны, бо, згодна з нормамі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў агульнаадукацыйных устаноў па вучэбных прадметах, засваенне вучэбнага матэрыялу на 1—2 балы сведчыць пра першы (нізкі) узровень, калі навучэнец дэманструе дзеянні толькі на пазнаванне, распазнаванне і адрозненне паняццяў (аб’ектаў вывучэння). Тут хочацца спыніцца на адносінах бацькоў да адзнак сваіх дзяцей больш падрабязна. І, напэўна, апелюючы да тэрмінаў І.С.Вадэйкі, з імі (гэтымі адносінамі) трэба весці самую рашучую барацьбу. Сучасныя бацькі пільна сочаць за адзнакамі (заўважу: не за якасцю ведаў) сваіх дзяцей, а многія вядуць свае, паралельныя (даволі часта скажоныя), журналы паспяховасці дачок і сыноў. І калі адбываецца нестыкоўка з настаўніцкай адзнакай, ідуць змагацца ў школу за кожную коску або выпраўленне. Настаўніку ў такім выпадку даводзіцца яшчэ і яшчэ раз даказваць сваю прафесійную кампетэнтнасць.
Асобна трэба сказаць пра бацькоў выдатнікаў. Заўсёды шкадую гэтых дзяцей, якія разрываюцца паміж патрабаваннямі педагогаў і бацькоў. Яны ўвесь час у напружанні, на мяжы нервовага зрыву. А калі раптам атрымліваюць “васьмёрку” (!), адразу пачынаюць плакаць, баючыся бацькоўскага пакарання. Мне здаецца, што ў дзіцяці павінны быць самыя розныя адзнакі. Гэта нармальна, бо немагчыма ўсё штодзень ведаць толькі на “дзевяць” або “дзесяць”. Вельмі важна, каб вучань развіваўся ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, а галоўнае — ён павінен адчуваць гэтае развіццё, каб імкнуцца наперад.
Сучасныя настаўнікі ў адрозненне ад сваіх калег, якія працавалі ў 1946 годзе, пры ажыццяўленні кантрольна-ацэначнай дзейнасці кіруюцца пяццю ўзроўнямі засваення вучэбнага матэрыялу. Пра першы мы ўжо гаварылі.
Другі ўзровень (здавальняючы) паказвае, што вучнёўскія дзеянні па аднаўленні вучэбнага матэрыялу (аб’ектаў вывучэння) знаходзяцца на ўзроўні памяці (ацэньваюцца ад 3 да 4 балаў). Трэці (сярэдні) дэманструе дзеянні навучэнца на ўзроўні разумення, апісання і аналізу дзеянняў з аб’ектамі вывучэння, якія ацэньваюцца ад 5 да 6 балаў.
Чацвёрты ўзровень з’яўляецца дастатковым, бо дэманструюцца дзеянні па прымяненні ведаў у знаёмай сітуацыі па ўзоры, ідзе тлумачэнне вучнем сутнасці аб’ектаў вывучэння, выкананне дзеянняў з выразна пазначанымі правіламі, веды прымяняюцца на аснове абагульненасці алгарытму для вырашэння новай вучэбнай задачы (такія веды ацэньваюцца ад 7 да 8 балаў).
Самы высокі пяты ўзровень, які характарызуецца дзеяннямі вучняў па ўжыванні ведаў у незнаёмых, нестандартных сітуацыях для вырашэння якасна новых задач. Тут навучэнцы выконваюць самастойныя дзеянні па апісанні, тлумачэнні і пераўтварэнні аб’ектаў вывучэння. Такія ўменні ацэньваюцца ад 9 да 10 балаў.
Вернемся ж у 1946 год. У артыкуле начальнік упраўлення пачатковай і сярэдняй школы Міністэрства асветы БССР звяртае ўвагу на нормы ацэнкі паспяховасці вучняў па беларускай і рускай мовах. Асобна спыняецца на вусным апытанні. Каб параўнаць цяперашнія нормы ацэнкі з тымі, што існавалі ў 1946 годзе, я звярнулася да дакумента Міністэрства адукацыі “Ацэнка вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце “Беларуская мова”, у якім гаворыцца, што вуснае апытанне з’яўляецца адным з метадаў кантролю вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў.
Вуснае звязнае выказванне паказвае ўзровень засваення вучнем агульных палажэнняў, правілаў, азначэнняў і ўменне прымяняць атрыманыя веды на практыцы, а таксама ўменне школьнікаў ствараць звязнае, лагічна паслядоўнае паведамленне на пэўную тэму.
Пры ацэнцы адказу вучня ўлічваюцца:
1) ступень усвядомленасці вывучанага;
2) пацвярджэнне тэарэтычных звестак прыкладамі;
3) паўната;
4) фактычная дакладнасць адказу;
5) лагічнасць і дакладнасць маўлення;
6) правільнасць маўлення.
Далей прыводзяцца крытэрыі і паказчыкі ацэнкі вуснага адказу. І паколькі цяпер у нас дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў, то спынюся толькі на нізкім, сярэднім і высокім узроўнях.
“Зноў “двойка” можа быць, калі навучэнец не можа абгрунтаваць свае меркаванні, прывесці прыклады, узнаўляе нязначную частку матэрыялу і пры гэтым робіць памылкі ў фармулёўках азначэнняў і правілаў. Выкладае непаслядоўна, робіць шматлікія маўленчыя памылкі, якія не можа выправіць пры ўказанні на іх.
“Пяць” можна атрымаць, калі паказваеш разуменне асноўных палажэнняў, але недастаткова абгрунтоўваеш свае меркаванні, тэарэтычныя звесткі падмацоўваеш прыкладамі з падручніка без абгрунтавання, узнаўляеш асноўныя палажэнні і пры ўзнаўленні матэрыялу дапускаеш у азначэннях паняццяў і фармулёўцы правілаў недакладнасці, большую частку якіх не можаш выправіць пры ўказанні на іх. Разам з тым выкладаеш з пэўнай дакладнасцю, але з недахопамі ў паслядоўнасці, робіш маўленчыя памылкі, якія выпраўляеш самастойна або з дапамогай пытанняў настаўніка.
Ну і “дзясятка” ставіцца тады, калі вучань выкладае свабодна, з высокай ступенню ўсведамлення і аргументаванасці, робіць самастойныя вывады і абагульненні, тэарэтычныя звесткі ілюструе прыкладамі не толькі з падручніка, але і самастойна падабранымі, поўнасцю ўзнаўляе матэрыял, правільна выкладае тэарэтычны матэрыял, дакладна ўзнаўляе азначэнні і правілы, выкладае ў поўным аб’ёме ў адпаведнасці з патрабаваннямі лагічнасці і дакладнасці, маўленчых недахопаў не дапускае.
Канечне, дзесяцібальная сістэма значна пашырыла магчымасці настаўніка ў ацэньванні ведаў вучня. Акрамя таго, яна больш гуманная, чым пяцібальная, бо ўсе адзнакі станоўчыя і двоечнікаў у савецкім разуменні ў нас няма. Ды і на другі год вучыцца не пакідаюць. Але праблемы ўспрымання такой шкалы яшчэ ёсць. Няпроста настаўнікам старэйшага пакалення, няпроста і бацькам, якія ў большасці сваёй вучыліся ў іншай сістэме каардынат.
Тым не менш, як заўважыў у сваім артыкуле 1946 года начальнік упраўлення Міністэрства асветы БССР І.С.Вадэйка, адзіныя нормы, з’яўляючыся асновай пры ацэнцы паспяховасці вучняў, не вызваляюць настаўніка ад абавязку індывідуальнага падыходу да ацэнкі кожнага адказу, кожнай пісьмовай работы вучня: пры ацэнцы паспяховасці вучня настаўнік павінен звяртаць увагу не толькі на асобныя памылкі, дапушчаныя вучнем, але і на якасць выканання задання ў цэлым, не толькі на колькасць памылак у рабоце, але і на іх характар. І праз 70 гадоў такія парады з’яўляюцца актуальнымі, бо пытанні ацэнкі ведаў навучэнцаў па-ранейшаму з’яўляюцца аднымі з самых важных у практычнай дзейнасці настаўніка.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.