Дзяцінства павінна быць бяспечным

- 11:31Актуально, Апошнія запісы

Як навучыць дзіця жыць бяспечна? Як выпрацаваць у яго асноўныя навыкі паводзін пры надзвычайнай сітуацыі? Гэтыя і многія іншыя пытанні бяспекі жыццядзейнасці выхаванцаў дашкольнай адукацыі абмеркавалі днямі на рэспубліканскім семінары ў Магілёве, удзел у якім прынялі міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў і міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка.

Як адзначыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў, бяспецы жыццядзейнасці ў вучэбным працэсе ўдзяляецца прыярытэтная ўвага.
— Жыццё нашых дзяцей — самае дарагое, што ў нас ёсць, таму правілы бяспечных паводзін неабходна прывіваць з ранняга дзяцінства. Дасягнуць добрага выніку можна толькі праз цеснае міжведамаснае ўзаемадзеянне. У гэтым плане ў нас поўнае паразуменне з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. Ва ўстановах адукацыі павышаная ўвага ўдзяляецца захаванню жыцця і бяспекі дзяцей, уключэнню ў агульную справу бацькоў, што дазваляе зрабіць працэс навучання больш эфектыўным, бо дзеці часта бяруць прыклад менавіта з дарослых. Павышэнне кваліфікацыі і ведаў педагогаў і выхавальнікаў стымулюе іх на пошук новых форм і метадаў работы, — сказаў Міхаіл Анатольевіч.
Педагогі і выхавальнікі добра разумеюць важную ролю дашкольнай адукацыі ў фарміраванні навыкаў бяспечных паводзін у дзяцей. Ва ўстановах дашкольнай адукацыі краіны пастаянна ўкараняюцца новыя формы работы ў гэтым напрамку. Так, у яслях-садзе № 26 Ліды навучанне дзяцей АБЖ размежавалі па ўзроставых групах. Асноўны ўпор зрабілі на гульнявую дзейнасць. Праз займальныя гульні ва ўстанове адпрацоўваюць паводзіны малых у рэальнай надзвычайнай сітуацыі. Адметна, што большая частка цацак і гульняў створана рукамі супрацоўнікаў ясляў-сада.
А ў яслях-садзе № 239 Мінска стаўку зрабілі на высокія тэхналогіі — выкарыстанне інтэрнэту.
— У дзіцячым садзе закладваюцца асноўныя навыкі паводзін пры надзвычайнай сітуацыі. Дзіця, якое яшчэ ў раннім узросце засвоіла правілы захавання ўласнай бяспекі, будзе выконваць іх і ў далейшым жыцці. Навучаючы дзяцей, мы нечакана сутыкнуліся з недасведчанасцю бацькоў. Выправіць сітуацыю вырашылі, выкарыстоўваючы сайт установы, а таксама наш блог “Бяспечнае дзяцінства”, — расказала загадчыца ясляў-сада Таццяна Кузьміч.
Паводле яе слоў, такая форма работы больш запатрабавана. Буклеты, якія вісяць у групах, чытае вельмі мала бацькоў. Ім зручней зайсці на старонку сайта або блога ўстановы.
— Гэта не сухая афіцыйная інфармацыя: аб простых правілах бяспечных паводзін сваім бацькам расказваюць дзеці. Не забываем мы і аб павышэнні кваліфікацыі педагогаў, для чаго стварылі на сайце асобны метадычны блог, — падкрэсліла Таццяна Аляксандраўна.
Эфектыўны вопыт работы на выставе дэманстравала і Магілёўшчына. Напрыклад, у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 1 абласнога цэнтра актыўна прымяняюць метады праектаў і даследчай дзейнасці, гульні, выкарыстоўваюць куткі і пакой бяспекі. Актыўна вядзецца ў дашкольным цэнтры і супрацоўніцтва з бацькамі. Так, ужо з наступнага года ва ўстанове будзе ўкараняцца праграма навучання бацькоў АБЖ з выкарыстаннем трэнінгавых тэхналогій. Дарэчы, азнаёміцца з усімі напрацоўкамі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва ўдзельнікі семінара маглі на свае вочы ў ходзе экскурсіі ў названую навучальную ўстанову.
Цікавыя методыкі работы на семінары прэзентавалі дашкольныя ўстановы Мінскай, Віцебскай, Брэсцкай, Гомельскай абласцей. Увогуле, прэзентацыйная выстава наглядна пацвярджала: работа па прывіцці малышам навыкаў бяспечных паводзін вядзецца не на паперы, а на справе.
Па словах міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі, ёсць і вынік такой комплекснай работы.
— Параўнальны аналіз чатырох гадоў і трох месяцаў папярэдняй і бягучай пяцігодак паказвае, што колькасць пажараў зменшылася з 41 да 31 тысячы. За папярэдні перыяд загінулі 147 дзяцей, за бягучы — 70 непаўналетніх. Гэта значыць, што гібель дзяцей на пажарах за апошнія гады скарацілася больш чым удвая, — адзначыў Уладзімір Аляксандравіч.
Аднак ёсць і праблемы, як заўважыў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. “Пакуль дзеці гінуць у агні, дарослым ёсць куды імкнуцца. Работа стане дасканалай толькі тады, калі выпадкі трагедыі будуць зведзены да мінімуму”, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч.
Праблемныя моманты ў міжведамаснай рабоце яшчэ прысутнічаюць. Гэта і неабходнасць мадэрнізацыі асобных устаноў дашкольнай адукацыі, павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню выхавальнікаў, і невялікая колькасць айчынных метадычных дапаможнікаў па АБЖ для дашкольнікаў. Характэрна, што ў час семінара праблемы былі не проста названы, але і прагучалі канкрэтныя прапановы, накіраваныя на іх вырашэнне.
На думку намесніка начальніка Навукова-даследчага інстытута пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Алены Дзмітрук, гадаваць кваліфікаваныя кадры неабходна са студэнцкай лаўкі.
— Мы недастаткова выкарыстоўваем у рабоце патэнцыял вышэйшых навучальных устаноў, дзе рыхтуюць будучых педагогаў і выхавальнікаў. У сувязі з гэтым прапаную стварыць на базе МДУ імя А.А.Куляшова пілотны праект. Уключыць тэмы па асновах бяспекі жыццядзейнасці ў пералік курсавых і дыпломных работ, якія абараняюцца на факультэце педагогікі і псіхалогіі дзяцінства ўніверсітэта. Далучаць студэнтаў да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праводзіць абласное ўпраўленне МНС. Магчыма, неабходна стварыць ва ўніверсітэце аўтарскі калектыў, які распрацуе метадычны дапаможнік па АБЖ для выхавальнікаў і бацькоў, — выступіла з ініцыятывай Алена Дзмітрук.
Якасных беларускіх вучэбных дапаможнікаў па АБЖ сапраўды мала, у асноўным ва ўстановах выкарыстоўваюць расійскія падручнікі. На гэтым акцэнтавала ўвагу прысутных і начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч.
Выпраўляць сітуацыю трэба, але гэта не так лёгка. Важна не толькі распрацаваць дапаможнік, але і ўзгадніць яго змест з педагогамі і супрацоўнікамі МНС. Нярэдка тое, што ствараюць ва ўстановах адукацыі, не знаходзіць адабрэння ў супрацоўнікаў МНС, і наадварот. Стварэнне адпаведнага ўсім нормам падручніка неабходна. Па словах Альбіны Леанідаўны, гэтая работа ўжо вядзецца, і, магчыма, ужо на пачатку новага навучальнага года выйдзе вучэбны дапаможнік, дзе ўся неабходная інфармацыя будзе выкладзена даступнай дзецям дашкольнага ўзросту мовай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара і Юліі ЕЎМЯНЬКОВАЙ.