Дзённік універсіяды: беларускія валейбалісты выйгралі ўжо тры матчы

- 15:47Актуально
У мужчынскім валейбольным турніры прымаюць удзел зборныя 22 краін. Беларусы выступаюць у падгрупе А. Акрамя таго, спаборніцтвы праходзяць у падгрупе В (Тайланд, Латвія, Украіна, Аман, Японія), падгрупе С (Кітай, Макао (Кітай), Польшча, Швейцарыя, Бразілія, Аўстралія) і падгрупе D (Чэхія, Мексіка, Чылі, Канада, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

Першая сустрэча беларускай валейбольнай зборнай адбылася ў казанскім цэнтры валейбола “Санкт-Пецярбург” са зборнай Ганконга (Кітай) у падгрупе А папярэдняга раўнда. Нашы спартсмены перамаглі з лікам 3:0.
7 ліпеня валейбалісты сустрэліся на пляцоўцы з камандай ЗША, якую таксама абыгралі з лікам 3:0 (лік па партыях 25:18, 25:15, 25:20) і разам са зборнай Расіі з шасцю ачкамі ўзначалілі падгрупу А папярэдняга раўнда.
Учора, 8 ліпеня, наша каманда згуляла са зборнай Эстоніі і зноў лік 3:0 (лік па партыях 25:17, 25:19, 25:19).
Пакуль што ў падгрупе А асноўным сапернікам беларусаў з’яўляецца зборная Расіі, з якой наша каманда сустрэнецца на пляцоўцы 11 ліпеня. Да гэтага заўтра яны правядуць матч з камандай Паўднёвай Карэі.
У групе В наперадзе Украіна, у групе С — Бразілія і Польшча, у групе D — Канада.
Раўнд плэй-оф на валейбольным турніры ўніверсіяды пачнецца з чвэрцьфіналаў 13 ліпеня, куды выйдуць па дзве лепшыя зборныя з усіх груп. Паўфіналы запланаваны на 14 ліпеня, фінал на 16 ліпеня.
Хочацца спадзявацца, што беларусы і далей з такой жа ўпэўненасцю будуць рухацца наперад. У Казані іх падтрымліваюць не толькі балельшчыкі з нацыянальнай дэлегацыі, але і шматлікія мясцовыя аматары валейбола.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.