У каманды Беларусі першы медаль на ўніверсіядзе! Ды што там казаць, адразу два медалі. “Серабро” і “золата” заваявалі спартсменкі беларускай зборнай у акадэмічным веславанні на дыстанцыі 2000 метраў. Надвор’е ў Казані ўжо некалькі дзён не дае спакою ні яе жыхарам, ні ўдзельнікам універсіяды. Аднак калі на дыстанцыю выйшлі жаночыя двойкі ў лёгкай вазе, пайшоў дождж. Для нас гэта аказаўся дождж з медалёў.
Ірына Ляскова і Алена Крывашэенка з відавочнай перавагай абышлі нямецкую двойку ў складзе Кэтрын Сома і Норы Весэль, а таксама расіянак Ганну Языкову і Наталлю Варфаламееву, іх час 7.49.83 мін. Ужо на другой палове дыстанцыі канкурэнтаў у нашых дзяўчат не было, больш як восем секунд чэмпіёнкам саступіў нямецкі тандэм. Спартсменкі прызнаюцца, што менавіта такога выніку яны і чакалі. У мінулым годзе беларускія вясляркі заваявалі золата чэмпіянату Еўропы, а ў Казані яшчэ раз пацвердзілі свой вынік.
“Цяпер можна і на адпачынак”, — усміхаецца Алена. А вось Ірына, якая выступае і ў адзіночным разрадзе, будзе напружана рыхтавацца да новых стартаў.
Задаволена сваім выступленнем і другая жаночая двойка: Таццяна Кухта і Кацярына Шлюпская. Яны саступілі толькі чэмпіёнкам свету літоўкам Данаце Вістартайце і Мілдзе Валчукайце, якія пераадолелі дыстанцыю ў 2000 метраў за 7.17.43 мін. Беларускі адсталі на 7,2 секунды. “Бронза” дасталася ўкраінкам Ганне Краўчанка і Алене Бурак.
“Гэта не першыя нашы міжнародныя спаборніцтвы, — адзначае Таццяна Кухта, — у мінулым годзе мы сталі чэмпіёнкамі Еўропы. Аднак мы ўражаны тым, што адбываецца ў Казані. І перш за ўсё я маю на ўвазе атмасферу. Напрыклад, студэнцкая вёска — гэта нешта непаўторнае. І ўвогуле ўніверсіяда, без перабольшанняў, сапраўднае свята спорту.
Нам здаецца, што мы трапілі на алімпійскія гульні. Мне асабіста хацелася б, каб як мага больш беларускіх спартсменаў выязджалі на такія спаборніцтвы. Пасля гэтага немагчыма не займацца спортам”.
“Мы разлічвалі на поспех, — адзначае Кацярына Шлюпская. — Саперніц сваіх ведалі, дзяўчаты з Літвы сёлета былі чэмпіёнкамі Еўропы. Нам карцела паганяцца, памерацца сіламі, і мы задаволены сабой. Свой план выканалі!”
Дзяўчаты расказваюць, што паспелі завесці ў Казані шмат новых сяброў. Яны перадалі прывітанне роднай Беларусі і пажадалі маладым спартсменам, у якіх усё яшчэ наперадзе, абавязкова мець мару, імкнуцца да яе, яно таго каштуе!