Эфектыўнае навучанне

- 11:51Адукацыйная прастора

У канцы мінулага тыдня ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў фестываль педагагічных ідэй “Стратэгіі актыўнай ацэнкі для эфектыўнага навучання: лепшыя адукацыйныя практыкі”, які сабраў сапраўдных адэптаў гэтай стратэгіі навучання.

М.Запрудскі.

За 10 гадоў прымянення АА у беларускіх школах тэхналогія была прызнана дзейсным сродкам павышэння акадэмічнай паспяховасці, унутранай матывацыі, ацэначнай самастойнасці і адказнасці вучняў за ўласнае навучанне. Як заўважыла начальнік цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі АПА Алена Радзевіч, зварот да стратэгіі прадэманстраваў жаданне беларускіх педагогаў мяняцца. І змены сапраўды адбыліся.

АА ў сваю адукацыйную практыку ўвялі многія настаўнікі. Марына Яцкевіч з 69-й школы Мінска: “Мне здаецца, што ўвесь час я працавала ў школе, а побач знаходзіліся дзверы з шыльдай “Вучыць можна так!”. Часам яны былі зачынены, часам мне шчасціла прачыняць іх, зазі­раць, здзіў­ляцца, але потым яны зачыняліся. Актыўная ацэнка дапамагла адчыніць іх поўнасцю. І мне здаецца, што я ўжо стаю на парозе. Яшчэ рыхтуюся, але ўжо гатова ўвайсці. За гэты год — столькі цікавых адкрыццяў! Зараз я стараюся право­дзіць усе ўрокі з выкарыстаннем АА. На жаль, не ўсё яшчэ атрымліваецца, але разумею, што я на правільным шляху”.

АА прынялі вучні і бацькі. Настаўніца з Пінска: “Праз два месяцы работы з прымяненнем актыўнай ацэнкі мае вучні мне сказалі: “Нарэшце мы вас палюбілі”. Вучань настаўніцы біялогіі Кацярыны Скрыган з Мінскага ліцэя № 2: “Мне спадабалася ідэя з актыўнай ацэнкай, таму што з ёй у цябе ёсць магчымасць ацаніць сябе не толькі па балах, але і па ведах. Спадабалася, што актыўная ацэнка дазваляе ўбачыць, дзе табе трэба падвучыць ці, наадварот, дзе ў цябе ўсё атрымліваецца”.

Паказальным з’яўляецца той факт, што сярод удзельнікаў фестывалю і дыстанцыйнага курса па актыўнай ацэнцы, былі выкладчыкі педагагічных універсітэтаў. Зна­чыць ёсць шанс, што ў школы будуць прыходзіць падкаваныя ў сучасных тэхналогіях навучання настаўнікі.


Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Мікалай Іванавіч Запрудскі прадэманстраваў колькасныя вынікі рэалізацыі тэхналогіі актыўнай ацэнкі ў навучальных установах краіны. Мікалай Іванавіч звярнуў увагу на вынікі апытання. Былі апытаны 194 настаўнікі. Палова з іх лічыць, што вало­даюць АА больш, чым на 85%. Прымяняюць АА на ўсіх уроках 36%, асобныя сродкі — 71%. Дыягнастычную мэту — 64,9%, “На Што Бу  ЗУ” — 81,4%, узаем­ную ацэнку — 77,1%.

Калі апрацоўваліся пытанні змен, аказалася, што ў лепшы бок змяніліся задаволенасць працай (40,7%), адказнасць вучняў (59,3%) і ўзровень ведаў (42,2%), у вучняў фарміруюцца ключавыя кампетэнцыі (62,1%).

На пытанне “Чым абумоўлены вашы поспехі ў прымяненні АА?” рэспандэнты адказалі: “было лёгка адмовіцца ад стэрэатыпаў” — 55,2%, “падтрымліваюць вучні” — 59,4%, “падтрымліваюць калегі (праз сайт)” — 54,3%, “падтрымліваюць калегі ў сваёй школе” —15,5%.


Рэдактар партала www.nastaunik.info мадэратар дыс­тан­цыйнага курса “Актыўная ацэнка: курс-практыкум для настаўнікаў” Тамара Мацкевіч засяродзілася на метадычных і навуковых аспектах АА. У прыватнасці, яна з дапамогай даследаванняў Джона Хэці адказала на пытанне “Што ўплывае на дасягненні вучняў?”.

“Прафесар Джон Хэці з Універсітэта Окленда ў Новай Зеландыі і яго каманда на працягу 15 гадоў аналізавалі вынікі розных даследаванняў пра тое, што ўплывае на паспяховасць вучняў. Іх праца ўяўляе сабой сінтэз больш за 800 метааналізаў, у тым ліку вынікі 50 000 тэстаў, у якіх прынялі ўдзел каля 200 мільёнаў навучэнцаў ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў. Каманда Джона Хэці параўнала эфекты розных уздзеянняў у галіне адукацыі і выклала іх у форме табліц і графікаў, каб прааналізаваць, што аказвае ключавы ўплыў на дасягненні вучняў.

Пад “уздзеяннем” маюцца на ўвазе стратэгіі, методыкі, іншыя меры ў галіне выкладання і навучання, якія прымяняліся для паляпшэння дасягненняў вучняў і вынікаў іх навучання. Дасягненні вучняў — рост ведаў і набыццё навыкаў, а не толькі атрыманыя адзнакі. Дасягненнем будзе лічыцца пераход вучня ў наступны клас. У даследаванні браліся пад увагу толькі колькасныя ацэнкі дасягненняў. Прафесар Хэці прыйшоў да высновы, што лепшыя вынікі ў адукацыйным працэсе дасягаюцца, калі настаўнік глядзіць на навучанне вачыма вучня, а вучань — вачыма настаўніка. Таму і кніга прафесара называецца “Узаемабачнае навучанне”, — адзна­чыла Тамара Мацкевіч.

Т.Мацкевіч.

У выніку фактарамі, якія пра­цуюць на павышэнне вучнёўскіх дасягненняў сталі самаацэнка, актыўная (фарматыўная) ацэнка, адносіны “вучань — настаўнік”, праблемнае навучанне, пастаноўка якасных мэт, уплыў аднагодкаў, заангажаванне бацькоў, навучанне ў малых групах, матывацыя, задаванне пытанняў.

АА — гэта тэхналогія змен, новая філасофія адукацыі, сродак падрыхтоўкі кадраў. Актыўная ацэнка фарміруе ключавыя кампетэнцыі: камунікатыўную (праз узаемаацэнку, работу ў парах, групах), сацыяльную (праз супрацоўніцт­ва, давер, уменне не пакрыў­дзіць, наладжваць стасункі), грамадзянскую (праз сумесны ўдзел у вызначэнні мэт, крытэрыяў ацэнкі, выхаванне адказнасці за сваё навучанне, вынікі сваёй працы).


Як гэтыя кампетэнцыі фарміруюцца на практыцы, можна было ўбачыць на прэзентацыі педагагічных ідэй выкарыстання АА ў адукацый практыцы. Шматлюдна было на майстар-класе “Актыўная ацэнка і праектаванне кампетэнтнаснага ўрока” адэптаў АА Алены Ананчыкавай (настаўніка-метадыста, намесніка дырэктара сярэдняй школы № 13 Жлобіна) і Элы Якубоўскай (настаўніка-метадыста, настаўніцы фізікі гімназіі № 1 Жодзіна).

Пры традыцыйным падыходзе мэта навучання — перадача (набыццё) тэарэтычных складнікаў зместу адукацыі (веды, уменні, навыкі); пры кампетэнтнасным — арыентацыя на практычны складнік зместу адукацыі, які забяспечвае паспяховую жыццядзейнасць (кампетэнцыі).

Асноўная формула выніку адукацыі пры традыцыйным падыхо­дзе — “ведаю, што…”, пры кампэтэнтнасным — “ведаю, як…”. Характар адукацыйнага працэсу пры традыцыйным — рэпрадуктыўны, пры кампетэнтнасным — прадукцыйны. Дамінуючы кампанент працэсу пры традыцыйным падыходзе — катроль, пры кампетэнтнасным — практыка і самастойная работа.

Э.Якубоўская і А.Ананчыкава.

Характар кантрольных працэсаў на традыцыйным уроку — статыстычныя метады ацэнкі вучэбных дасягненняў (адзнака), на кампетэнтнасным — комплексная ацэнка вучэбных дасягненняў (партфоліа з прадуктамі творчага навучання).

Пры праектаванні ўрока з выкарыстаннем АА самым складаным з’яўляецца фармулёўка ключавога пытання, таму ў сваю прэзентацыю настаўніцы іх уключаюць заўсёды. У прыватнасці, на згаданым майстар-класе прагучала такая тэма і пытанне: “У Італіі ёсць вядомая пячора, якую называюць “Сабачая пячора”. Чалавек у ёй можа знаходзіцца працяглы час, а сабака адразу задыхаецца і гіне. Растлумач­це, чаму гэта адбываецца? (“Паветра як сумесь газаў. Метады збірання газаў”.)

Алена Ананчыкава з Элай Якубоўскай перакананы, што сучасная дыдактычная структура заснавана на логіцы пазнання: актуалізацыя, матывацыя, змест, засваенне прадметнага зместу, рэфлексія.


Майстар клас настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Радунскай сярэдняй школы Святланы Кампанеец быў прысвечаны стратэгіям АА пры вывучэнні лірычных твораў на ўроках беларускай літаратуры.

“Лірыка адлюстроўвае суб’ек­тыўныя пачуцці і перажыванні, унутраны свет асобы, яе духоўнае жыццё, думкі і ідэі. Важная прыкмета лірыкі — гэта яе экспрэсіўнасць і эмацыянальнасць. Урокі пры вывучэнні лірычных твораў часцей сумныя; вучні малаактыўныя, адказваюць на пытанні накшталт “знайдзі”, “успомні”, з цяжкасцю разу­меюць ідэйны змест твора, не могуць ацаніць ролю сродкаў мастацкай выразнасці. Каб такія заняткі напоўніць значным для кожнага вучня зместам і эмоцыямі, я выкарыстоўваю стратэгіі АА”, — звярнулася да калег Святлана Юльянаўна.

Пры звароце да “НаШТоБуЗу” можна дыягнастычна сфармуля­ваць мэту, вызначыць “НаШтоБуЗу”, арганізаваць зваротную сувязь, вызначыць праблемнае пытанне пры аналізе лірычнага твора. “Мэта традыцыйнага навучання — прааналізаваць твор, сфарміра­ваць уменне заўважаць мастацкія дэталі, разві­ваць уменне разумець сэнс лірычных твораў. Актыўная ацэнка — стратэгія навучання, у межах якой вучні маю ць магчы­масць пастаянна бачыць і разумець свае поспехі, валодаць працэдурамі ацэнкі, кіраваць уласным навучаннем.

У гэтай сувязі вучэбная мэта — гэта заява пра тое, чаго мы з вучнем спадзяёмся дасягнуць за 45 мінут.

Што жадаем атрымаць у выніку?

Што будзе карысным для дзяцей?

Як дзеці змогуць выкарыстаць гэта ў будучыні?

Што будуць ведаць і ўмець пасля ўрока?

Што будуць памятаць некалькі гадоў?” — працягвала настаўніца.

Каб дапамагчы сваім вучням успрыняць лірычны твор і ства­рыць патрэбную атмасферу, Святлана Юльянаўна прапануе ім работу з адмысловымі схемамі (табліцамі) аналізу, у якія, акрамя элементаў кампазіцыі, мастацкіх сродкаў (эпітэты, параўнанні), цытат, уключае, напрыклад, меркаванні і разважанні бацькоў. Педагог лічыць, што прыцягненне ў навучанне татаў, мам, бабуль, дзядуляў носіць узаемаабагачальны характар, з’яўляецца дадатковай матыва­цыяй для дзяцей.

“Табліца ці схема трымае ў полі зроку “НаШтоБуЗу”, дапамагае бачыць цяжкасці для кожнага вучня, дае магчымасць выпраўляць недахопы — рабіць ацэнку і самаацэнку”, — прыйшла да высновы настаўніца.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.