Міністр адукацыі Ігар Карпенка сустрэўся са слухачамі курсаў маладзёжнага актыву Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі “Сучасныя выклікі ў сацыяльна-працоўнай сферы. Інавацыйныя інструменты дзейнасці прафсаюзаў”.

Навучанне і сустрэча з кіраўніком ведамства адбыліся на базе дома адпачынку “Лагойскі”. Мерапрыемства праходзіла ў форме дыялогавай пляцоўкі. Былі абмеркаваны інавацыйныя падыходы ў прафсаюзнай рабоце, сучасныя выклікі і іх адлюстраванне ў СМІ, пытанні будовы канструктыўнага дыялогу з апанентамі. Гаварылася і пра ўплыў інтэрнэт-рэсурсаў на грамадскую думку, міжасобасныя адносіны, стрэс-менеджмент у рабоце прафсаюзнай арганізацыі.
Старшыня прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч падкрэсліла, што прафсаюз цесна супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі і заўсёды гатовы да абмеркавання актуальных пытанняў адукацыі (ад сацыяльных да праблем навучання і выхавання).
Міністр падкрэсліў, што такая форма работы, як дыялог з педагагічным актывам, ужо паказала сваю эфектыўнасць. Абменьвацца думкамі і прапановамі карысна ўсім удзельнікам такіх сустрэч. Зваротная сувязь дапамагае лепш чуць і разумець адзін аднаго.
Адказваючы на пытанне пра плануемыя змены на ўзроўні як сярэдняй, так і вышэйшай адукацыі, Ігар Карпенка заўважыў: “Падчас сустрэч на месцах, на дыялогавых пляцоўках, мы прагаворваем усе пытанні з педагагічнай грамадскасцю, абмяркоўваем іх у СМІ, раімся з прафесіяналамі, таму ўсё, што запланавана на найбліжэйшую перспектыву ў сістэме адукацыі, замацавана ў асноўных дакументах”.
Трэба адзначыць, што сустрэча з прафактывам не стала выключэннем. Міністр падрабязна спыніўся на зменах у сістэме адукацыі, якія закладзены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі, гаварыў пра Канцэпцыю развіцця адукацыі да 2030 года.
Акрамя таго, кіраўнік ведамства адказваў на пытанні пра будучыя змены ў выпускной кампаніі за курс сярэдняй школы і ўступнай — ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ігар Васільевіч патлумачыў новыя падыходы да правядзення выпускных экзаменаў за курс сярэдняй школы, якія ўжо ў 2023 годзе пройдуць у форме цэнтралізаванага экзамену па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы. Выпускны экзамен па замежнай мове прапануецца не праводзіць, а па гісторыі Беларусі — перанесці з 11 класа ў 9 і праводзіць яго, як і раней, у вуснай форме.
Адказваючы на пытанне пра перспектывы развіцця інклюзіўнай адукацыі, міністр заўважыў, што нам патрэбна свая навуковая школа.
Акрамя таго, задавалася пытанне пра змест дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Ігар Карпенка адзначыў, што гэтыя спецыялісты павінны актыўна ўключацца ў выхаваўчы працэс установы адукацыі, унікаючы ў самыя розныя яго кірункі.
Гаворачы пра профільную адукацыю, міністр адзначыў, што павінна быць выбудавана адмысловая мадэль профільнага навучання. Для навучэнцаў базавых 10—11 класаў у рамках прадмета па працоўным навучанні арганізавана прафесійная падрыхтоўка рабочых з магчымасцю зда ць кваліфікацыйны экзамен і атрымаць разрад. “З наступнага навучальнага года ў базавых класах такі экзамен плануем зрабіць абавязковым”, — заўважыў міністр.
Залічэнне ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы Беларусі прапануецца праводзіць без цэнтралізаванага тэсціравання — па конкурсе дакумента аб агульнай сярэдняй адукацыі. “Залічэнне ў ССНУ без ЦТ будзе спрыяць павышэнню прывабнасці такой адукацыі ў выпускнікоў, а таксама ў людзей, якія маю ць стаж работы ў прафесіі”, —сказаў міністр.
Калі зайшла гаворка пра вышэйшую адукацыю, кіраўнік ведамства адзначыў, што ў кодэксе замацавалі новую сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй: прадугледжваюцца агульная, паглыбленая і спецыяльная вышэйшая адукацыя.
Асобным пунктам размовы стала тэма аплаты працы педагагічных работнікаў, пытанні аховы працы і працоўнай дысцыпліны. Задавалася пытанне пра забеспячэнне арэндным жыллём маладых спецыялістаў. Ігар Карпенка адзначыў, што такое жыллё найперш павінна будавацца ў рэгіёнах, каб развіваць інфраструктуру менавіта там.
На завяршэнне сустрэчы міністр адукацыі падкрэсліў: “Нам трэба будзе сур’ёзна папрацаваць па ўсіх напрамках: і па змесце адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях, і па павышэнні яе якасці, і па пытаннях, звязаных з нарматыўным забеспячэннем адукацыйнага працэсу на ўсіх узроўнях, і па фінансаванні галіны. Невыпадкова на педсавеце, які праходзіў з удзелам Кіраўніка дзяржавы, прагучала ідэя абвясціць наступны год Годам адукацыі”.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара





