Мазаіка “Ефрасіння Полацкая”, сабраная з 31 тысячы паштовых марак, стане ўпрыгажэннем адной з экспазіцый на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Полацку, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
“На электронны адрас райвыканкама прыйшло пісьмо ад мінскага калекцыянера Віктара Язневіча, які прапанаваў выставіць на свяце, прысвечаным 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, сваю работу — вялікую мазаіку з выявай Святой Прападобнай Ефрасінні, выкананую з 31 тысячы гашаных паштовых марак. Цяпер мы вызначаемся, дзе менавіта лепш экспанаваць гэтае незвычайнае пано. Гэта можа быць будынак паштовага аддзялення або іншай установы, найбліжэйшай да зоны ўрачыстасцей”, — адзначылі ў райвыканкаме.
Мазаіка раней ужо экспанавалася, напрыклад, на філатэлістычнай выставе ў Магілёве, прымеркаванай да 750-годдзя горада. Таксама яна была адзначана на Міжнароднай філатэлістычнай выставе “Белфіла-2017”. Экспанат выкананы з прайшоўшых пошту марак (галоўным чынам 14-га стандартнага выпуску) памерам 4,3 3,3 м. Як растлумачыў Віктар Язневіч, ён працуе ў мінскай фірме, якая вядзе шырокую паштовую карэспандэнцыю. “На канвертах сустракалася шмат марак — шкада было выкідваць. Я гэтыя маркі збіраў і вось прыдумаў, як іх выкарыстаць”, — сказаў аўтар.
Мерапрыемствы да Дня беларускага пісьменства пройдуць у Полацку 1—3 верасня.