Экалагічнае выхаванне навучэнцаў: вопыт Дабрынскай сярэдняй школы

- 17:20Образование

Больш за 60 гадоў назад каля Дабрынскай сярэдняй школы Ельскага раёна членамі экалагічнага атрада “Зялёная страла” пад кіраўніцтвам Аляксандры Ткачук была закладзена ліпавая алея.

Праз гады Аляксандра Аляксандраўна, ветэран педагагічнай працы, з цеплынёй успамінае школьны экалагічны рух. А я вось ужо 26 гадоў прадаўжаю тыя традыцыі, выхоўваючы экалагічную культуру дзяцей.

У свой час пад маім кіраўніцтвам пачаў дзейнічаць экалагічны атрад “Чыстая планета”. Ён быў створаны для таго, каб сфарміраваць у навучэнцаў пэўны аб’ём ведаў па экалогіі і садзейнічаць таму, каб яны самі навукова аналізавалі з’явы прыроды, асэнсоўвалі ўзаемадзеянне грамадства і прыроды.

Навукова-даследчая дзейнасць, як вядома, адзін з важных і актуальных напрамкаў экалагічнага выхавання навучэнцаў. Мы выбіраем праблему і даследуем яе (аналізуем літаратуру, праводзім сацыялагічнае апытанне, кансультуемся са спецыялістамі), ажыццяўляем практычную дзейнасць (праводзім экспедыцыі, доследы і эксперыменты), рыхтуем прэзентацыю і абарону праекта, асвятляем праблемы сярод мясцовага насельніцтва (пры дапамозе буклетаў, лістовак), вызначаем перспектыўныя шляхі вырашэння праблемы.

Вынікі сваёй дзейнасці нашы школьнікі штогод прадстаўля­юць на навукова-даследчых канферэнцыях у раёне, вобласці і рэспубліцы. Прыняўшы ўдзел у мінулым годзе ў конкурсе навуковых біёлага-экалагічных праектаў “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”, Юлія Драная атрымала дыплом І ступені за работу “Эколага-эстэтычны стан Панскага парку”. Выкарыстанне рэгіянальнага кампанента, даследаванне родных мясцін і правільна выбраная паэтап­насць работы — у гэтым сакрэт яе паспяховай даследчай дзейнасці. А перспектыўны шлях выканання даследаванняў — правядзенне экалагічнай акцыі “Хто, калі не мы!”, у рамках якой была выса­джана новая алея з маладых дрэў.

Удзельнікі экаатрада цесна супрацоўнічаюць з работнікамі Ельскага лясгаса: садзяць лес і прыбіраюць яго ад смецця, адкрываюць для сябе шмат цікавага ў жывёльным і раслінным свеце. Наша школа стала пераможцай рэспубліканскага этапу акцыі “Тыдзень лесу” ў намінацыі “Самая актыўная школа”. Пераканана: дзеці, якія самі пасадзілі хаця б некалькі парасткаў, будуць беражліва ставіцца да прыроды, да роднага краю, прапаганда­ваць сярод мясцовага насельніцтва карысныя экалагічныя веды.

З ранняй вясны і да позняй восені прышкольная тэрыторыя радуе сваёй прыгажосцю. Гэта вынік працы ўдзельнікаў школьнага аб’яднання па інтарэсах “Экадэсант”. У апошнія гады азеляненне прышкольнай тэрыторыі право­дзіцца з выкарыстаннем сучасных элементаў ландшафтнага дызайну. Дзеці самі распрацоўваюць дызайн прышкольнай тэрыторыі: ствараюць ракарыі, міксбордары, рабаткі. Сёлета ўдзель­нікі “Экадэсанта” асвойваюць падвесныя сады з хатніх раслін з мудрагелістай японскай назвай какедама, гэта адна з разнавіднасцей бансай.

Велізарная роля ў экалагічным выхаванні навучэнцаў адводзіцца школьнаму пладова-­ягаднаму саду. Сад з сімвалічнай назвай “Жыццё” быў закладзены ў 2010 годзе на прышкольнай тэрыторыі. Тут праводзяцца экалагічныя заняткі, феналагічныя назіранні, вучні на практыцы прымяняюць тэарэтычныя веды па ўнясенні ўгнаенняў і падкормак, даглядаюць дрэвы. У мінулым годзе 29 кастрычніка ў рамках акцыі “Дрэва героя” была пасаджана яблыня сорту “Слава пераможцам” у гонар салдата Аведзіка Капрэлавіча Майкаглуяна, які загінуў пры вызваленні вёскі Дабрынь.

На тэрыторыі школы створаны калекцыйны аддзел хвойных раслін “Вечназялёная памяць” — тут расце больш за 10 відаў хвойных дрэў і кустоў. А ў 2021 годзе ў гонар 110-годдзя Дабрынскай сярэдняй школы была закла­дзена імянная алея хвойных дрэў “Зялёны летапіс”. На тэрыторыі школы вельмі шмат птушак, да зімы дзеці робяць кармушкі і напаўняюць іх кормам, вясной майструюць домікі для птушак і развешваюць іх.

Мы шануем традыцыі, якія нам дасталіся ў спадчыну, і прымнажаем іх. Пераканана, што нашы навучэнцы стануць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны, будуць клапаціцца пра яе, упрыгожваць лясамі, алеямі, садамі і кветкамі.

Вольга ПАНЦЭВІЧ,
настаўніца хіміі і біялогіі Дабрынскай сярэдняй школы