Эканамічны рост аднаўляецца

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.

“Па сямі месяцах у нас абазначыўся эканамічны рост. Ён пацвярджае тыя значэнні, якія былі па выніках першага квартала. За сем месяцаў у Беларусі тэмп росту валавога ўнутранага прадукту склаў 101,1%, мы дабавілі адну дзясятую. Гэта нягледзячы на тое, што з-за аб’ектыўных прыродна-кліматычных умоў тэрміны ўборкі ўраджаю зрушыліся на два-тры тыдні адносна мінулага года”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Ва ўрадзе разлічваюць, што па выніках жніўня сельскагаспадарчая вытворчасць выйдзе на ўзровень, які перасягне мінулагодні. Для гэтага ёсць усе перадумовы: напрыклад, сабраны на сённяшні дзень ураджай ужо лепшы, чым год назад. Добрыя вынікі паказваюць лёгкая прамысловасць, дрэваапрацоўчая і будаўнічая галіны.

“Відавочны ўстойлівы трэнд на аднаўленне эканамічнага росту. Цяпер стаіць задача, каб гэтая дадатная тэндэнцыя была замацавана і мы развілі гэтую сітуацыю ў наступным годзе”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

“У нас устойлівая тэндэнцыя на зніжэнне інфляцыі. Мы, праўда, крыху ўступаем Расійскай Федэрацыі па тэмпах інфляцыі за сем месяцаў, але ў нас яна лепшая, чым у Казахстане, Украіне. У нас ёсць перспектывы таго, што да снежня інфляцыя можа не перавысіць 7%”, — сказаў Андрэй Кабякоў.

Як вынік, можа знізіцца працэнтная стаўка па крэдытах, заўважыў прэм’ер-міністр. “За ліпень па новавыдаваемых крэдытах без усялякіх ільгот працэнтныя стаўкі склалі для суб’ектаў гаспадарання 13,2%. Каб зразумець, наколькі істотны рух адбыўся для рэальнага сектара, скажу, што ў снежні 2016 года гэта было 20,6%, — звярнуў увагу кіраўнік урада. — Ужо нават стаўка 13% сама па сабе для суб’ектаў гаспадарання немаленькая. Вядома, ніхто не прапануе забягаць наперад і неяк адміністрацыйна спрабаваць яе змяншаць, але калі не будзе нейкіх незвычайных знешніх уздзеянняў, то ёсць перспектыва, што працэнтная стаўка па крэдытах будзе рухацца ў бок змяншэння і далей”.

Пры гэтым, падкрэсліў прэм’ер-міністр, ёсць і негатыўныя тэндэнцыі, сярод якіх недастатковая работа мясцовай улады па стварэнні новых рабочых месцаў.

“Толькі дзве вобласці выканалі тыя абавязацельствы, прагнозныя параметры, якія былі вызначаны на паўгоддзе. З 33 тысяч новых рабочых месцаў створана каля 31 тысячы. Гэта вельмі сур’ёзны званок, таму што ў 2016 годзе, калі быў уведзены гэты паказчык, у пачатку 2017-га мясцовыя органы ўлады, аблвыканкамы вельмі лёгка рабілі справаздачу аб тым, што ўсё добра, вельмі ўсё лёгка і проста атрымліваецца”, — расказаў Андрэй Кабякоў.

Ён звярнуў увагу, што ў Беларусі за 2017 год плануецца стварыць 70 тысяч рабочых месцаў. “Гэта званок для кожнага кіраўніка мясцовага органа ўлады. Вядома, гэта задача і для адпаведных кіраўнікоў галіновых органаў кіравання”, — адзначыў кіраўнік урада.

Разам з тым прэм’ер-міністр канстатаваў, што сітуацыя ў сферы занятасці ў краіне прыкметна палепшылася: вакансій больш, чым кандыдатаў, якія афіцыйна зарэгістраваліся ў якасці беспрацоўных. Яшчэ год назад сітуацыя была процілеглай.