Экскурсійныя прыгоды пачаткоўцаў

- 11:47Краязнаўства

Пачаткоўцам, якія яшчэ ўчора былі дашкольнікамі, лягчэй успрымаць візуальную інфармацыю. Кіруючыся дадзеным прынцыпам, мы з дзецьмі стараемся як мага часцей звяртацца да нагляднасці на ўроках. Але ж функцыя школы заключаецца не толькі ў навучанні пэўным прадметам, але і ў пашырэнні агульнага кругагляду. Пазнанне рэчаіснасці з прымяненнем інтэрактыўнасці адбываецца нязмушана і больш прадукцыйна, таму экскурсіі сталі ў нашым класе неад’емнай часткай як адукацыйнага, так і выхаваўчага працэсу.

Вандроўкі — гэта наша традыцыя, мы іх здзяйсняем штомесяц. Не сталі перапынкам для турыстычнай дзейнасці і летнія канікулы. Мы рэгулярна збіраліся, каб адправіцца па чарговую порцыю прыгод. Усе экскурсіі плануюцца загадзя. Пры выбары месца ўлічваюцца інтарэсы дзяцей, запыты бацькоў, а таксама ўзроставы патэнцыял падарожнікаў. Менавіта з гэтай прычыны мы пакуль не сягаем далёка за рэгіянальныя межы. А каб дзеці не страцілі імпэту да паездак, пазнавальны кірунак заўсёды пераплятаецца з забаўляльным. Пачыналі мы з даследавання прылеглай тэрыторыі, блізкага наваколля. Наведалі аддзяленне сувязі, дзе пазнаёміліся са шматлікімі аперацыямі пошты. Зазірнулі на месца ў вёсцы, дзе некалі размяшчаўся панскі маёнтак Дубніца. Потым наш маршрут пашырыўся.

Пазнаёміцца з загадкавай мінуўшчынай і акунуцца ў авантурныя прыгоды дазволіла квест-гульня “У пошуках скарбаў Старога замка” падчас наведвання Старога замка ў Гродне. Дзеці з запалам вырашалі пастаўленыя задачы, разглядаючы старадаўнія дакументы, збіраючы па цаглінках макет забудовы палаца, шукаючы зашыфраваны артэфакт. Такім чынам вучні далучыліся да гісторыі без надакучлівай вучобы. Захапіў дзяцей і майстар-клас па мылаварэнні. У выніку атрымаліся арыгінальныя міні-шэдэўры, зробленыя хоць і непрафесійна, але з душой. Падчас наведвання заапарка ўдалося бліжэй далучыцца да фаўны, паназіраць за дзікімі жывёламі, даведацца аб іх звычках. Дарэчы, спадабаліся дзецям не толькі заморскія звяры, уразілі самабытнасцю і жыхары нашых геаграфічных шырот.

Вядома, пачаткоўцы ў вольны час аддаюць перавагу гульням. Гэты факт мы з калегамі таксама ўлічваем, таму ў пункты маршруту ўключаем забаўляльныя мерапрыемствы. Цырк, атракцыёны, каруселі, кінатэатр… У выніку ўсе задаволены. Пасля кожнай паездкі абавязкова праводзім рэфлексію, абмяркоўваем усе падзеі, выказваем свае адносіны. Пазней пры кожнай магчымасці згадваем падарожжа, прыводзім яго ў якасці прыкладу на ўроках і класных гадзінах.

Экскурсіі — гэта не толькі змястоўнае і цікавае правядзенне часу, але і непасрэднае далучэнне да аб’ектаў, што вывучаюцца. Такі від пазнання рэчаіснасці апраўдвае сябе, бо ў падарожнікаў застаюцца незабыўныя ўражанні і эмоцыі, якія спрыяюць лепшаму запамінанню і ўсведамленню інфармацыі. А гэта асабліва актуальна, калі мы маем справу з малодшымі школьнікамі, таму з другакласнікамі гатовы да інтэрактыўнага пазнання і плануем наступныя пункты прызначэння.

Людміла ДАРАШКЕВІЧ,
класны кіраўнік 2 класа Навасёлкаўскай базавай школы Гродзенскага раёна.
Фота аўтара.