У Год гістарычнай памяці актуальнай формай выхаваўчай работы застаюцца экскурсіі. Іх эфектыўнасць залежыць не толькі ад прафесіяналізму экскурсаводаў. Не менш важна, як настаўнік падрыхтуе дзяцей да такога адказнага мерапрыемства. А тут, на жаль, часам узнікаюць праблемы.
Кожная экскурсія непаўторная, у кожнай свой настрой, асаблівая атмасфера. Калі наведванне рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы — гэта ўсмешкі, карагоды, падарункі, жарты, то на мемарыяльным комплексе “Хатынь” ужо не да жартаў, не да ўсмешак. Так і павінна быць. Хатынь, Чырвоны Бераг, Брэсцкая крэпасць-герой — гэта мясціны нашага смутку, нашай памяці пра пакуты і подзвіг народа ў гады ваеннага ліхалецця.
Таму дзіўнавата выглядаюць некаторыя фотаздымкі, якія прыходзяць на рэдакцыйную пошту. Клас добраўпарадкаваў брацкую магілу чырвонаармейцаў. Выдатна! Школа падчас канікул арганізавала аўтобусную экскурсію ў Хатынь. Цудоўна! Але што гэта дало вучням? Ці пранікліся яны атмасферай месца, якое наведалі? Ці была перададзена ім часцінка гістарычнай памяці народа? Такія пытанні проста не могуць не ўзнікнуць, калі глядзіш на дзяцей, якія ўсміхаюцца на фоне помніка або робяць сэлфі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу.
Усё гэта чарговы раз нагадала аб праблеме падрыхтоўкі навучэнцаў да экскурсіі, якую перыядычна ўзнімаюць на тэматычных семінарах і канферэнцыях музейныя работнікі і супрацоўнікі мемарыяльных комплексаў. Некаторыя спецыялісты наогул не рэкамендуюць дашкольнікам і вучням пачатковых класаў прыязджаць з экскурсіямі ў Хатынь. З-за свайго ўзросту дзеці яшчэ не могуць усвядоміць трагізм вайны. Для іх Хатынь — гэта хутчэй месца з велічнымі скульптурамі, чым месца смутку.
Вінаваціць школьнікаў не трэба. Тут пытанне да нас, дарослых. Значыць, мы не ўлічылі ўзрост экскурсантаў, не падрыхтавалі належным чынам да экскурсіі, не растлумачылі, куды паедзем. Я, напрыклад, ужо дакладна ведаю, што свайго сына-чацвёртакласніка пакуль што не павязу ў Хатынь. Няхай крыху падрасце. А з падзеямі ваеннага часу можна пачаць знаёміцца ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут, як і ў многіх іншых музеях, распрацаваны выдатныя адукацыйныя праграмы і экскурсіі для наведвальнікаў рознага ўзросту.
У захаванні гістарычнай памяці экскурсіям належыць важная роля. Таму і рыхтавацца да іх трэба сур’ёзна, адказна, улічваць мноства нюансаў.
Вядучы рубрыкі Ігар Грэчка.