Экспанаты з нежылой хаты. Як папаўняюцца фонды краязнаўчага музея Арэхаўскай школы на Ушаччыне

- 10:26Новости

Патрыятычныя пачуцці школьнікаў грунтуюцца найперш на веданні мінулага роднай вёскі, свайго роду, лёсаў блізкіх людзей. У гэтым упэўнена гісторык з Ушаччыны Ларыса Булаўка — дырэктар Арэхаўскай сярэдняй школы імя Надзеі Касцючэнка і кіраўнік школьнага краязнаўчага музея. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Маштаб гістарычнага бачання

У Арэхаўна калі едзеш, то стаяць паабапал дарог вялікія лясы. Дарэчы, вы чулі выслоўе “за дрэвамі лесу не бачыць”? Што за парадокс?.. Так мудрыя людзі зашыфравалі думку: трэба мець востры розум, каб за дробнымі дэталямі ўмець разгледзець сутнасць праб­лемы, з’явы, больш за тое, унутраным зрокам убачыць прыхаваныя законы светабудовы. На жаль, штодзённыя клопаты часам выцясняюць на перыферыю свядомасці нашы надзвычай важныя праграмы жыццядзейнасці. Вось і забываем, што кожны з нас мае ў сабе часцінку Жыцця. Той нябачны Дух, які ўсё ажыўляе, без якога ўсё проста пыл і мітусня. І як вялізныя дрэвы, грэцкія арэхі, скажам, вырастаюць з невялічкіх арэшкаў, так і кожны з нас развіваецца-расце ў велічнай Сіле з маленькіх зернейкаў духу.

…Не выключаю, што Арэхаўна калісьці назвалі ў гонар лясных арэхаў — ляшчыны. Ды ўсё роўна за дрэвамі-хмызнякамі варта бачыць лес. І разумець, што і ў глыбінцы кожны далучаны да роду свайго і да ўсяго народа, чалавечай супольнасці. Яскравы прыклад гэтага — Ларыса Булаўка. Згадваючы экспанаты музея, яна расказала, што яе родны дзед, Піліп Чорны, слухаў Леніна ў Петраградзе, калі той выступаў на мітынгу перад рабочымі Пуцілаўскага завода. Інтэрнэт падказвае: у маі 1917-га, яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Уявіце сабе: дзе Піцер і дзе лясная Беларусь… Той самы драўляны чамадан (арыгінал, не муляж!), з якім хлопец з Ушаччыны падаўся на заробкі ў паўночную сталіцу, і мы пабачылі ў музеі. Там жа ёсць і тры пісьмы роднага дзядзькі Ларысы Аляксандраўны — брата маці Мікалая Піліпавіча Чорнага, які быў прызваны на службу незадоўга да пачатку вайны і з яе не вярнуўся. Апошняе пісьмо салдат напісаў родным 23 чэрвеня 1941-га…

Крэўная далучанасць Ларысы Аляксандраўны да знакавых па­дзей эпохі — праз родных людзей — паўплывала і на яе самасвядомасць: “Я кажу дзецям: усё тое, што было пасля рэвалюцыі, я ведаю, бо гэта ж пры маім жыцці адбывалася. Такое адчуванне часам, што я сама і ў рэвалюцыйных па­дзеях удзельнічала, і ў штурме Зімовага палаца”. Пры гэтым родам яна з 60-х гадоў, з невялічкай вёскі ля Арэхаўна. Зрэшты, ці ж не з саміх нас пачынаецца свет? Усё, што ў ім адбываецца, — і ў нас адбіваецца. Як і ў гісторыі Арэхаўна люструецца гісторыя Бацькаўшчыны.

Музей у школьным інтэр’еры

У пачатку размовы Ларыса Булаўка расстаўляе акцэнты. Не яна стварала музей: “Быў ён і ў былым будынку Арэхаўскай школы, якая размяшчалася ў маёнтку пана Грабніцкага. Школа прайшла ўсе этапы станаўлення: ад пачатковай да базавай. Я там вучылася, калі школа была васьмігадовай, і памятаю: на другім паверсе размяшчаўся музей, у ім было шмат экспанатаў. Нават макет шалаша пры сяле Шушанскім, у якім Ленін бываў. І скульптурны вобраз Надзеі Касцючэнка з белага гіпсу — цяпер такога няма”. Новы будынак школы напоўніўся жыццём з 1998 года, і тады ж яна стала сярэдняй, а мая суразмоўніца з 1 верасня прыйшла сюды ўжо настаўніцай.

Музейныя экспанаты часткова перавезлі з былой школы, калі дырэктарам быў яшчэ Васіль Ігнатавіч Карчэўскі. Пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Святланы Васільеўны Лісоўскай збіралі новыя. Адкрылі ж музей у 2002-м, калі дырэктарам стала Іна Фёдараўна Сыроўчанка.

Так склаўся лёс Ларысы Аляксандраўны, што не адразу яна вярнулася працаваць у Арэхаўна. Школу скончыла, паступіла ў Полацкае педвучылішча. Па накіраванні паехала на Гомельшчыну: у Хойніцкім раёне пасля чарнобыльскай трагедыі патрэбны былі настаўнікі. Выйшла замуж за аднакласніка і вярнулася жыць сюды, але адпрацавала 10 гадоў у школе ў Сарочыне — суседняй вёсцы. Тут яна з 1998-га і ўжо 11 гадоў шчыруе дырэктарам.

Зразумела, што ў свеце няма нічога выпадковага, усё адно з адным глыбока спалучана, нібы ў велізарным жывым арганізме. Вось і школьны краязнаўчы музей, хоць і займае чатыры залы, мае адзіную канцэпцыю, якую нават пасля рэканструкцыі ў 2017 годзе збераглі, а экспазіцыі папаўняюць.

“У 2017-м адзначалі 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, і нам захацелася савецкі перыяд асобна вылучыць, — тлумачыць дырэктар школы. — Зрабілі акцэнт на рэвалюцыйных падзеях, на станаўленні калгаснай сістэмы. Адпаведнае афармленне на сцяне зрабілі, сабралі матэрыялы па тэме. Цяпер многія разумеюць, што выхаванне патрыятызму — гэта вельмі важная справа. Ды само па сабе, з нічога, пачуццё любові да Айчыны не вырасце, калі ў гэты бок свядома не скіроўваць школьнае выхаванне, а таксама музейную педагогіку. Патрыятычныя пачуцці школьнікаў, я ў гэтым глыбока пераканана, грунтуюцца найперш на веданні свайго мінулага”.

Тут дарэчы будзе правесці аналогію з клопатамі земляробаў. Калі хочаш атрымаць добры ўра­джай, то пачынаць трэба з якаснай пад­рыхтоўкі глебы. Урадлівая зямля ў біблейскіх тэкстах — сімвал моцнай веры ва Усявышняга. І такая зямля-вера, мы ведаем з евангельскай прыпавесці пра сейбіта, дае добры плён. Па сутнасці, у Арэхаўне музей таксама стаў той глебай, на якой вырошчваюць патрыётаў.

У нас тут усё сваё!

Калі ў 2023 годзе на Віцебшчыне праходзіла пашпартызацыя музеяў, гэта надало свежы імпульс рабоце краязнаўцаў з Арэхаўна.

“У нас праводзяцца экспедыцыі, мэта якіх — пошук новых экспанатаў для музея, — адзначае Ларыса Аляксандраўна. — Дзейнічае валанцёрскі атрад. Чатыры ранейшыя раздзелы хоць і засталіся ў музеі, аднак мы іх папаўняем новымі экспанатамі, аформлены новыя стэнды. Адзін з кірункаў работы музея — гэта музейныя ўрокі, арганізацыя тэматычных выстаў (да юбілею камсамола, утварэння БССР). Для ўрокаў гісторыі Беларусі, літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў настаў­нікі выкарыстоўваюць мясцовы матэрыял, які змешчаны ў музеі. Да таго ж у нас цяпер багатая і этнаграфічная частка пра Арэхаўна. Калі ж у мяне пытаюць, чым адметны наш музей, адказваю: у нас тут усё сваё! Асноўнае, што паказваем, — роднае Арэхаўна і ваколіцы, здалёк анічога не прывозім. Зберагаем усё мясцовае”.

Цяпер у музеі працуюць групы экскурсаводаў з ліку вучняў 9—10 класаў. Крыху пазней чатыры дзяўчыны правялі для нас экскурсіі на сакавітай беларускай мове. Дарэчы, на сайце ўстановы адукацыі размешчана відэаэкскурсія па музеі, а таксама аўдыя­гід. Заслугоўвае ўвагі наладжаная сістэма збору матэрыялаў. Пра гэта Ларыса Булаўка расказ­вае: “На гэты конт маем гадавы план, агаворваем яго дэталі з класнымі кіраўнікамі. Яны ў класах рас­казваюць, што, дзе і як можна збіраць. Потым школьнікі шукаюць, прыносяць: хто са свайго дома, хто ад бабулі-дзядулі, сусе­дзяў, знаёмых. Мы ўсё аглядаем, кансультуем, часам удакладняем кірункі далейшых пошукаў, нешта прымаем на захоўванне. Летась, напрыклад, абследавалі тыя мясцовыя хаты, у якіх ужо ніхто не жыве. Папярэдне звязваліся з родзічамі былых гаспадароў, дамаўляліся, ці маглі б яны нешта перадаць нам у музей. І яны, як правіла, штосьці перадавалі”. Усе паступленні ў музей абавязкова фіксуюцца. На кожную рэч складаецца адпаведны акт прыёмкі-перадачы. Пры гэтым заносіцца ў кнігу ўліку: хто, што і адкуль перадаў. Бо гэта ж тое, што мае каштоўнасць, хай сабе і ў мясцовым маштабе.

Дзед Піліп і яго сын

Ларыса Булаўка па нашай просьбе агучвае некаторыя запісы аб прынесеных рэчах: “Бочка, дзежка, сіта… Хусцінка чорная з кветкамі. Пранік для бялізны. Прас электрычны… Лямпа керасінавая. Сумка жаночая. Фотаальбом зялёнага колеру. Ваза для садавіны. Талерка гліняная… Прыбор для выкрайкі. Напарстак металічны. Швейная машынка “Зінгер” — дарэчы, трафейная: з Германіі брат дзеда Піліпа прывёз у 1945-м… А вось запіс пра чамадан драўляны. Гэта рэч майго дзеда Піліпа, які на пачатку ХХ стагоддзя ў Пецярбургу быў рабочым на Пуцілаўскім заводзе. Там бачыў Леніна, слухаў яго прамову. Так што чамадан у Піцеры пабыў! Калі я нарадзілася, дзеда ўжо не было, а пра тое мне расказвала бабуля. Дзед Піліп родам быў з мясцовай вёскі Чарнічонкі, бабуля — з вёскі Лагавыя. Маладым дзед у Петраградзе працаваў, аднак жа каханне да бабулі аказалася мацнейшым, і ён вярнуўся дадому, у 1917 годзе пажаніліся яны і засталіся жыць тут”.

Што да згаданых раней салдацкіх лістоў, то ў іх свая гісторыя. Мікалай Чорны быў прызваны ў войска ў лістападзе 1940-га, пісаў родным пісьмы. Захаваліся тры з іх: два красавіцкія, трэцяе напісана 23 чэрвеня 1941 года.

“Пісьмы ад брата зберагала мая мама, Галіна Піліпаўна, разам з ёй мы неаднаразова перачытвалі апошняе, цяпер я іх перадала ў музей. Дзядзька ў Ленінградзе служыў — горад трох рэвалюцый, як раней казалі, нейкім чынам яго прыцягнуў-паклікаў. Затым з Ленінграда быў адпраўлены на перасыльны пункт, а што далей — невядома, толькі звесткі з медсанбата. Пахаваны ён на гарадскіх могілках у Волагдзе: там пасля ранення памёр у шпіталі. Пра тое мы даведаліся ўжо дзякуючы электроннай базе даных “Мемориал”. Калі выдавалі кнігу “Памяць. Ушацкі раён”, то было заданне для мясцовых гісторыкаў пераправерыць звесткі пра ўдзельнікаў вайны. Я занялася тым і адшукала звесткі пра дзядзь­ку. Дарэчы, у кнізе ён двойчы згадваецца. Наша пакаленне яшчэ выхоўвалася на ваенных падзеях. Мы чыталі шмат кніг пра вайну, глядзелі фільмы. Ветэраны вайны і партызаны побач з намі жылі, прыходзілі ў школу. Таму гэта ўсё для мяне як сваё, як асабіста перажытае”, — прызнаецца Ларыса Аляксандраўна.

Да гісторыі любоў

Многія з яе выхаванцаў выбралі справай свайго жыцця педагогіку. Шэсць яе выпускнікоў працуюць сёння ў Арэхаўскай школе.

Прышчэпку здаровага патрыятызму, вялікай павагі да мінулага бацькоў, дзядоў і прадзедаў школьнікі ў Арэхаўне атрымліваюць у тым ліку дзякуючы асабістай далучанасці да музейных спраў.

Ёсць выпускнікі, якія выбра­лі для сябе прафесію настаўніка гісторыі. Абедзьве пляменніцы дырэктара школы скончылі Віцебскі дзяржуніверсітэт імя П.М.Машэрава. Дачка маёй суразмоўніцы працуе ўрачом.

“Я і сама з педагагічнай дынастыі, хоць і не па прамой лініі, — заўважае Ларыса Аляксандраўна. — Мая стрыечная сястра, Клаў­дзія Іванаўна Шарыпа, настаўніцай працавала, цяпер на пенсіі. Яе маці, дзеці, а таксама родная сястра — усе настаўнікі. Яе дачка, Таццяна Уладзіміраўна Шарыпенка, была настаўніцай гісторыі, цяпер дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашага раёна. Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа — настаўніца нямецкай мовы. І па татавай лініі ў нас ёсць педагогі”.

Ларыса Аляксандраўна з удзяч­насцю прыгадвае сваю выкладчыцу з педвучылішча Зінаіду Платонаўну Ярмак: “Тады ў вучылішчы працавалі дзве сястры — Надзея і Зінаіда. Першая больш вядомая, у тым ліку як паэтэса, заслужаная настаўніца БССР, выкладала рускую мову — толькі не ў маёй групе. Абедзве — удзельніцы вайны, аднак пра сябе яны мала рас­казвалі. Настаўніцы ад Бога! Урокі гісторыі ў нас праводзіла Зінаіда Платонаўна, было вельмі цікава. Гэта былі, можна сказаць, урокі цішыні. Часта зашторвалі вокны, глядзелі фільмы — яшчэ на кінапраектары плёнкі круцілі”.

Ларыса Булаўка вучылася на гістфаку БДУ завочна, аднак тое было ў час, калі Беларусь толькі набыла незалежнасць. Цікавасць да гісторыі Бацькаўшчыны была велізарнай, і вучоба пакінула незабыўныя ўспаміны: “Я скончыла факультэт у 1996 годзе. Выкладчыкі нашы самі хацелі мову ве­даць, размаўлялі з намі па-беларуску. А мы вучыліся прама ў аўтараў вучэбных дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, па сусветнай гісторыі”.

Аднак і гісторыя Арэхаўна вельмі цікавая. Скажам, адным з папярэднікаў Ларысы Булаўка на дырэктарскай пасадзе быў удзельнік чатырох войнаў. І ў школе сёння працуе яго ўнучка. Яшчэ вядома, што ў вайну маёнтак пана Грабніцкага партызаны прыстасавалі пад шпіталь — пазней там была школа. Пра гэта ды іншыя цікавыя факты, якія выявілі краязнаўцы, ствараючы летапіс школы, раскажам іншым разам.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара