Экстрэмістам закрыюць шлях дадому

- 10:14Інфармацыйная гадзіна

Казахстанцаў будуць пазбаўляць грамадзянства за ўступленне ў тэрарыстычную групоўку “Ісламская дзяржава”. Аб гэтым у эксклюзіўным інтэрв’ю тэлеканалу “МИР 24” расказаў Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў.

“Згодна з казахстанскім заканадаўствам, калі падданы нашай краіны паехаў і ўступіў у рады якой-небудзь экстрэмісцкай арганізацыі, вярнуцца на радзіму ён ужо не зможа: ён аўтаматычна пазбаўляецца грамадзянства. Гэта вымушаная мера. Ад Казахстана і групоўкі “Ісламская дзяржава” цяпер чалавек 500—600, ад краін былога Савецкага Саюза — да 5000, а можа, нават больш”, — сказаў Нурсултан Назарбаеў.

Паводле яго слоў, у першую чаргу трэба прымаць такія меры, каб людзі не ўступалі ў рады тэрарыстаў. “Мы спрабавалі весці прафілактычную работу з тымі, хто вярнуўся з “ІД”, але гэта не дало вынікаў. Таму было прынята рашэнне закрыць ім шлях дадому”, — адзначыў Прэзідэнт Казахстана.

Нурсултан Назарбаеў заклікаў краіны аб’яднацца ў барацьбе з тэрарыстамі і заявіў: “Тэрарысты, экстрэмісты, бандыты ўзнікаюць там, дзе няма ўлады. Ім зручна там жыць. Захапілі зямлю, кавалак Ірана, кавалак Сірыі і сказалі, што яны Ісламская дзяржава. Тэрарызм распаўсюджваецца па ўсім свеце. 65 мільёнаў бежанцаў, з іх — 14 мільёнаў дзяцей. Загінула больш за мільён чалавек за гэтыя тры гады. Толькі ўнутры самой Сірыі бежанцаў 5 мільёнаў чалавек”, — сказаў Нурсултан Назарбаеў.

Гаворачы аб сірыйскім канфлікце, Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што Астана была выбрана ў якасці пляцоўкі для міжсірыйскіх перагавораў з-за таго, што Казахстан роўнааддалены ад усіх бакоў канфлікту.

“Мы прадаставілі магчымасць сустракацца канфліктуючым бакам — сірыйскай апазіцыі і ўраду, а таксама тым, хто ўдзельнічае ў перагаворах, — Расія, Іран, Турцыя. Па іх просьбе, праходзяць некалькі серый такіх сустрэч. На самай справе на астанінскай пляцоўцы ўдзельнічаюць усе тыя, хто не ўдзельнічаў у Жэневе, асабліва з боку апазіцыі. Мы палічылі, што Казахстан роўнааддалены або мае аднолькавыя адносіны да ўсіх бакоў канфлікту, таму мы прапанавалі і стварылі ўмовы для такіх перагавораў. Без сумеснай цеснай работы ўсіх дзяржаў, зацікаўленых у перамозе над Ісламскай дзяржавай, і барацьбы з тэрарызмам вырашыць праблему немагчыма”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.