Электронная медкартка дасць магчымасць палепшыць агульную якасць абслугоўвання

- 12:09Інфармацыйная гадзіна

Рэкордная колькасць дзяцей нарадзілася ў Беларусі ў 2015 годзе, паведаміла намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на пасяджэнні падагульняючай калегіі Міністэрства аховы здароўя.

Рэкордным па колькасці нованароджаных за апошнія 20 гадоў быў 2014 год — тады ў краіне нарадзілася 118,5 тысячы дзяцей. Аднак 2015-ы, паводле слоў Наталлі Качанавай, стаў яшчэ больш паспяховым у гэтым плане — на свет з’явілася 119 506 дзяцей. “Гэта цудоўнае дасягненне”, — адзначыла віцэ-прэм’ер.
Як паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя, мэтанакіраваная работа органаў і арганізацый аховы здароўя рэспублікі дала магчымасць павялічыць каэфіцыент нараджальнасці з 2011 па 2015 год на 9,6 працэнта з 11,5 да 12,6 праміле. У перынатальных цэнтрах выжывальнасць нованароджаных з масай 500—1000 г складае 82 працэнты.
Развітая сетка медыка-генетычных цэнтраў з дапамогай метадаў дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій за 2011—2015 гады дала магчымасць забяспечыць нараджэнне больш як 1,6 тысячы дзяцей, эфектыўнасць гэтай тэхналогіі складае больш як 40 працэнтаў.
У ходзе пасяджэння калегіі Міністэрства аховы здароўя абмяркоўваліся вынікі работы галіны і вызначаліся прыярытэтныя задачы на найбліжэйшую перспектыву.
Міністр аховы здароўя Васіль Жарко паведаміў, што ў 2017 годзе плануецца ўкараніць у краіне электронную медыцынскую картку.
“У мінулым годзе распрацавана і паспяхова апрабавана тэхналогія “электронны рэцэпт”, якая павінна быць укаранёна паўсюдна ў 2016 годзе. У 2017-м у нас павінна быць электронная медыцынская картка як аснова інтэграцыі аховы здароўя”, — сказаў Васіль Жарко.
Электронная медкартка дасць магчымасць у цэлым палепшыць агульную якасць медыка-санітарнага абслугоўвання, скароціць (а з часам поўнасцю выключыць) аб’ём папяровай работы. Электронная дакументацыя будзе збіраць інфармацыю аб пацыенце на працягу ўсяго яго жыцця: звесткі аб клінічных назіраннях, лячэнні, вакцынацыі, назначаных лекавых сродках, алергічных рэакцыях, стане здароўя і выніках дыягнастычных даследаванняў.
Васіль Жарко ў цэлым адзначыў, што інфармацыйныя тэхналогіі адыгрываюць вельмі важную ролю. Інфарматызацыя — гэта не даніна модзе, а магчымасць палепшыць якасць, аператыўнасць, пераемнасць і ўзгодненасць дзеянняў у рабоце медыкаў, падкрэсліў міністр.
Міністр таксама адзначыў, што “ў 2016 годзе павінны быць укамплектаваны ўсе раёны вузкімі спецыялістамі. Трэба спыніць практыку размеркавання ўсіх у абласныя гарады і не займацца неабгрунтаваным пераразмеркаваннем”, — сказаў Васіль Жарко.
Пры адсутнасці вузкіх спецыялістаў намеснікі галоўных урачоў і загадчыкі адпаведных аддзяленняў павінны сумяшчаць кіруючую і вакантную пасады. Галоўнае — забяспечыць даступнасць і якасць медыцынскай дапамогі насельніцтву, падкрэсліў міністр.
У цэлым, паводле яго слоў, у галіне працуюць прафесійныя кадры. У той жа час для павышэння сваёй кваліфікацыі беларускія спецыялісты павінны больш актыўна пераймаць замежны вопыт.