Электронную школу будуем разам

- 10:04Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве сувязі і інфарматызацыі адбылася сустрэча кіраўніка гэтага міністэрства С.П.Папкова з міністрам адукацыі М.А.Жураўковым і яго першым намеснікам В.А.Богушам з нагоды падпісання пагаднення аб супрацоўніцтве на найбліжэйшыя гады.

— Новае пагадненне дазваляе нам прадоўжыць цесныя дзелавыя зносіны паміж нашымі галінамі на найбліжэйшую перспектыву, — заявіў у час сустрэчы Сяргей Пятровіч Папкоў. — Мы праверылі сябе за папярэдні перыяд і выказваем давер нашым партнёрам са сферы адукацыі. Цяпер мы намецілі стратэгічныя мэты ў супрацоўніцтве з адукацыйнай галіной на 2016—2020 гады і гатовы фінансава падтрымаць працэс інфарматызацыі ва ўстановах адукацыі з розных крыніц, у тым ліку за кошт прыватна-дзяржаўнага партнёрства. У першую чаргу гэта тычыцца нацыянальнага аператара сувязі Белтэлекама.Трэба адзначыць, што менавіта 2015 год стаў плённым для Белтэлекама па аснашчэнні радыё і тэлевізійных станцый сучасным лічбавым абсталяваннем. Так, у прыватнасці, нацыянальны аператар скончыў пракладку валаконна-аптычнага кабеля і падачу лічбавага пакета тэлевізійных праграм да ўсіх радыётэлевізійных станцый нашай краіны. Белтэлекам вельмі прадукцыйна займаўся і займаецца інфарматызацыяй сістэмы адукацыі. Напрыклад, згодна з палажэннямі папярэдняга пагаднення аб супрацоўніцтве паміж двума міністэрствамі, у нашай краіне было рэалізавана некалькі пілотных праектаў ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— У цэлым задачай нашага міністэрства і непасрэдна Белтэлекама з’яўляецца забеспячэнне лічбавых аптычных падыходаў у інфарматызацыі гарадскіх школ і навучальных устаноў сельскай мясцовасці, — адзначыў Сяргей Папкоў. — Плённая праца вядзецца па многіх напрамках. Так, у прыватнасці, згодна з праграмай развіцця агульнай сярэдняй адукацыі, у нашай краіне Белтэлекам забяспечыў усе навучальныя ўстановы, у тым ліку і ў сельскай мясцовасці, неабходнай тэхнікай для арганізацыі шырокапалоснага, высакахуткаснага доступу ў сетку інтэрнэт. На сённяшні дзень Белтэлекам вядзе работу па падключэнні гарадскіх школ да інфармацыйна-камунікацыйных паслуг па валаконна-аптычных лініях сувязі.
Сяргей Папкоў нагадаў, што ў верасні гэтага года два міністры сустрэліся ў адной са школ Віцебскай вобласці, дзе было вырашана сумесна стварыць з яе ўстанову XXI стагоддзя. Гэта прадугледжвае сучаснае зместавае насычэнне адукацыйнага працэсу і новае высокатэхналагічнае аснашчэнне вучэбнай базы, а гэта значыць, што двум міністэрствам хопіць работы.
— Наперадзе ўзаемная, цесна пераплеценая дзейнасць адукацыйнай галіны і галіны сувязі і інфарматызацыі, — заявіў Сяргей Пятровіч. — І ёсць усе падставы думаць, што такое ўзаемадзеянне будзе і ў далейшым вельмі плённым.
У адказ Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў выказаў спадзяванні, што адносіны паміж дзвюма галінамі будуць паспяхова развівацца, тым больш прыемна, што крокі супрацоўніцтва накіраваны на забеспячэнне сістэмы адукацыі новымі тэхналогіямі. А гэта стварае спрыяльныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей. У сувязі з гэтым міністр адукацыі прызнаў важнасць новага пагаднення аб супрацоўніцтве, якое адкрывае новыя перпектывы ў развіцці адукацыйнай галіны, інфарматызацыі сістэмы адукацыі. Пачаты нядаўна новы праект “Электронная школа” можна рэалізаваць толькі пры цесным кантакце з сістэмай сувязі і інфарматызацыі.
У новае пагадненне ўвайшлі палажэнні, якія прадугледжваюць працяг сумесных дзеянняў па стварэнні і арганізацыі работы аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага, прыродазнаўча-матэматычнага профіляў (інавацыйных пляцовак) у навучальных установах з мэтай павышэння якасці навуковай, тэхнічнай, інавацыйнай і адукацыйнай дзейнасці і далучэння нашых маладых людзей да сферы высокіх тэхналогій. Гэта каардынацыя дзейнасці інавацыйных пляцовак па інфармацыйных тэхналогіях, робататэхніцы, радыёэлектроніцы ва ўстановах адукацыі і іх метадычнае суправаджэнне. Адным з напрамкаў супрацоўніцтва стане ажыццяўленне сумесных праграм і праектаў па рэалізацыі прафесійнага, інавацыйнага і прадпрымальніцкага патэнцыялу ў моладзі, а таксама сумесная дзейнасць па ўзмацненні практыка-арыентаванага, прыкладнога характару адукацыі пры выкарыстанні розных форм арганізацыі адукацыйнага працэсу (гуртковая работа, дыстанцыйнае навучанне, праектная дзейнасць) і шэраг іншых напрамкаў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.