У найлепшых традыцыях прынцыпу “дзе нарадзіўся…” будуецца жыццё настаўніка гісторыі сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы Аляксандра Пясецкага. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Добры прыклад

У 1991 годзе ён скончыў установу, дзе сёння захапляе школьнікаў сваім прадметам.
— Шлях у настаўніцтва выбраў дзякуючы першай настаўніцы Веры Міхайлаўне Цюхай. Зрэшты, і ў старшым звяне заўсёды шанцавала на яркіх педагогаў. Так было не толькі ў мяне, бо шмат хто ў нашым педкалектыве — выпускнік роднай школы, — пачынае гутарку з цікавага назірання Аляксандр Валер’евіч.
А кіраўнік установы адукацыі Наталля Баўфалік якраз у гэты момант уносіць важную рэмарку:
— Для нашых сённяшніх школьнікаў Аляксандр Валер’евіч і сам з’яўляецца такім яркім арыенцірам. У мінулым годзе адзін з яго вучняў-алімпіяднікаў паступіў у ГрДУ імя Янкі Купалы на факультэт гісторыі і камунікацыі. Гэта той прыклад, які ўспамінаецца адразу. А такіх дасягненняў нароўні з важнымі дыпломамі і ўзнагародамі ў скарбонцы заслуг нашага захопленага гісторыка нямала.
Адказ на пытанне, як зацікавіць школьнікаў гісторыяй і пошукавай дзейнасцю, Аляксандр Пясецкі пачынае з чаканага “трэба самому быць захопленым”. Тут не паспрачаешся.
— Стараюся кожны свой урок зрабіць маленькім адкрыццём. Цікавыя факты па тэме прыводжу не толькі з падручніка. Стараюся для школьнікаў стварыць сітуацыю поспеху, — дзеліцца суразмоўнік.
Шчырая зацікаўленасць
Вынікі яго асабістага захаплення — вывучэння гісторыі партызанскага руху на малой радзіме — рэгулярна публікуюцца на старонках раённай газеты. І гэта добры стымул для школьнікаў адкрываць усё новыя гарызонты ведаў.
— Геаграфію ў мяне вёў Барыс Іванавіч Лях, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, партызан, франтавік. Ён быў цяжка паранены і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. У школьныя гады я быў частым госцем у яго кабінеце, і такое ўзаемадзеянне ў многім вызначыла галоўны кірунак для пошукавай работы. Наогул даследаванне партызанскага руху Свіслацкага краю — гэта брэнд нашай установы ўжо на працягу многіх гадоў.
Пасля гэтых слоў педагог пералічвае нямала імёнаў і работ школьнікаў, якія станавіліся прызёрамі і пераможцамі навукова-практычных канферэнцый ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню. Пад кіраўніцтвам суразмоўніка дзеці вывучаюць гісторыю вызвалення раёна. Частка даследчых работ прысвечана асобе Героя Савецкага Саюза Мікалая Паўлавіча Масонава, імя якога носіць школа з 2005 года.
— Адна з маіх вучаніц, Ксенія Пясняк, нядаўна заўважыла: чым больш мы паглыбляемся ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тым лепш разумеем, як мала ведаем пра яе. Гэта важныя і правільныя словы. Як для настаўніка мне асабліва важна, што падлетак прыйшоў да гэтай высновы самастойна, — заўважае Аляксандр Валер’евіч.
Сучасны падыход
Ён шчыра зацікаўлены ў поспехах сваіх вучняў і ўсяляк спрыяе дасягненню іх не толькі ў даследчай і алімпіяднай дзейнасці.
Настаўнік распрацаваў электронны рэсурс па падрыхтоўцы да ЦЭ і ЦТ па гісторыі. У ім — прэзентацыі па многіх тэмах, у якіх акумуляваны асноўныя даты і тэрміны, а таксама тэставыя і картаграфічныя заданні.
Гэтай распрацоўцы ўжо больш за 5 гадоў, і ўвесь гэты час настольным электронным дапаможнікам яна становіцца для вучняў педагога.
— Сваім пяцікласнікам на этапе знаёмства з прадметам заўсёды кажу, што гісторыю трэба вучыць, каб правільна трактаваць урокі мінулага. А ў старшых класах тую ж думку дублірую словамі з Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, што захаванне гістарычнай памяці — абавязак кожнага грамадзяніна нашай краіны, — гаворыць Аляксандр Валер’евіч.
У яго сфарміравана цэлая картатэка тэматычных відэаматэрыялаў да многіх урокаў. Прычым такія ІКТ ён выкарыстоўвае, спачатку паставіўшы перад школьнікамі заданне знайсці ў прапанаваным матэрыяле адказ на тое ці іншае пытанне.
Педагог упэўнены, што галоўнае на ўроку гісторыі — жаданне вучня аналізаваць факты. Тады інфармацыя становіцца ведамі аўтаматычна.
— Метады і прыёмы, эфектыўныя ў адным класе, могуць не даць такога ж выніку ў іншым. На этапе рэфлексіі заўсёды вызначаю для сябе моманты, якія добра працуюць у пэўным вучнёўскім калектыве, і з улікам гэтага будую далейшую работу, — дзеліцца настаўнік.
Працуючы са старшакласнікамі, ён часта звяртаецца да метадаў праектнай дзейнасці, якія прадугледжваюць работу не толькі з падручнікам. А ў многіх тэмах па гісторыі Беларусі актыўна выкарыстоўвае багаты краязнаўчы матэрыял. Акрамя таго, да гістарычнай карты педагог вучыць вучняў усіх узростаў ставіцца ў першую чаргу як да крыніцы ведаў.
Адметны вопыт
— Стараюся наведваць усе майстар-класы і адкрытыя заняткі калег нашай установы адукацыі і не толькі. Гэта дапамагае па-новаму зірнуць на сваю работу і абавязкова прыўносіць у яе новыя фарбы, — дадае суразмоўнік.
Зрэшты, гатовы ён да педагагічных эксперыментаў. У гэтым годзе, напрыклад, двое васьмікласнікаў Аляксандра Валер’евіча вельмі прасілі самі правесці ўрок у сваім класе. Падтрымаў педагог і такую ініцыятыву школьнікаў. Даверыў патлумачыць частку новага матэрыялу і нават дапамог з падрыхтоўкай да такога фармату адкрытага ўрока.
— Можа, гэтая ініцыятыва стане пачаткам шляху ў настаўніцкую прафесію, — дадае педагог і акцэнтуе ўвагу на яшчэ адным важным моманце: — Быць ініцыятыўнымі і шмат чым цікавіцца — добрая традыцыя моладзі нашага краю. Падтрымліваецца і культывуецца яна не толькі ва ўстановах адукацыі. Вучні, якія дасягнулі поспехаў падчас навучальнага года, заўсёды заахвочваюцца прэміяй райвыканкама, а іх бацькам уручаецца грамата кіраўніцтва раёна. Кожны год такую ацэнку сваёй працы абавязкова атрымліваюць і мае даследчыкі з алімпіяднікамі.
Вынікі некаторых работ нярэдка здзіўляюць і самога Аляксандра Валер’евіча. Тут ён успамінае даследчы праект Алены Чаганаевай, якая, карыстаючыся рэсурсам partizany.by, прааналізавала даныя некалькіх соцень партызан, вылучыла ўдзельнікаў брыгады імя С.М.Кірава, а сярод іх — ураджэнцаў свіслацкай зямлі.
Шмат дасягненняў і ў самога настаўніка. У яго скарбонцы дыпломы I ступені ў абласным этапе рэспубліканскай выставы-конкурсу навукова-метадычных матэрыялаў “Будучыня пачынаецца сёння”, дыплом I ступені абласнога конкурсу прэзентацый “Іх імёнамі названы школы”, дыплом ΙΙΙ ступені ў абласным турыстычна-краязнаўчым праекце “Побач з намі”, дыплом I ступені па выніках XV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.
Створаны сумесна з настаўнікам геаграфіі Уладзімірам Асіюком электронны сродак навучання “Дынамічная карта “Машынабудаванне Беларусі” прайшоў педагагічную экспертызу, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале і на адзіным інфармацыйна-адукацыйным рэсурсе.
Музейная справа
Аляксандр Пясецкі шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком музея хлеба.

Дзевяць экспазіцый адлюстроўваюць гісторыю земляробства і вырошчвання хлеба Свіслацкага краю, расказваюць пра побыт хлебаробаў і вядомых землякоў. Прычым нават у электронным фармаце — на сайце ўстановы адукацыі музея можна віртуальна прагуляцца па зале.
Свой цікавы аповед музей вядзе з 1992 года і сёння налічвае каля 500 экспанатаў. І нават экскурсіі педагог праводзіць у тандэме з вучнямі даволі вынікова. У мінулым навучальным годзе выпускнік школы Раман Дудак стаў лепшым у вобласці ў конкурсе юных экскурсаводаў устаноў адукацыі.

— Не страчваю сувязі са сваімі вучнямі і пасля таго, як яны скончылі школу. Нават у нашым музеі можна з лёгкасцю знайсці пацвярджэнне гэтых слоў. Каля дваццаці экспанатаў для яго, напрыклад, перадаў цяперашні старшыня Свіслацкага райвыканкама мой выпускнік Андрэй Грыцкевіч. Заўсёды акцэнтую ўвагу гасцей музея на гэтым экспанаце — дзеючыя жорны, якімі ў свой час карысталася бабуля кіраўніка нашага раёна. Малодшыя школьнікі заўсёды здзіўляюцца, якім складаным можа быць працэс атрымання мукі, — адзначае суразмоўнік.
Працэс выхавання грамадзяніна краіны, які цэніць, ведае і паважае мінулае свайго краю, — куды больш складаная задача. Але з ёй наш суразмоўнік спраўляецца выдатна.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара





