Эпісталярны жанр ад дашкольнікаў

- 10:55Адукацыйная прастора

Сацыяльна-педагагічны праект “Ліст сябру” набірае абароты ў дашкольных установах адукацыі Міншчыны. Эфектыўная форма работы — лісты для аднагодкаў з апісаннем прыгожых мясцін і славутасцей сваёй малой радзімы — палюбілася тым, каму ад трох да шасці гадоў. Малыя з задавальненнем удзельнічаюць у напісанні папяровых пасланняў і з нецярпеннем чакаюць вестак ад равеснікаў.

Ліст ад рукі

Удзельнікі праекта — педагогі дашкольнай адукацыі, іх маленькія выхаванцы, а таксама бацькі дзяцей. Выхавальнікі адпраўляюцца са сваімі падапечнымі на займальныя экскурсіі, аглядаюць цікавыя прыродныя, прамысловыя, спартыўныя, культурныя аб’екты свайго населенага пункта, знаёмяцца з іх гісторыяй. У непагодлівы дзень замест падарожжа рэальнага дзеці могуць адправіцца ў віртуальную вандроўку, а ў суботу — прагуляцца па вядомым маршруце яшчэ раз з бацькамі.

Пасля вяртання, набраўшыся ўражанняў і эмоцый, да­шкаляты малююць тое, што ім асаб­ліва спадабалася, і ра­зам з выхавальнікам складаюць ліст, расказваючы пра ўбачаныя мясціны, цікавых людзей і па­дзеі, якія засталіся ў іх памяці. Потым гэтыя лісты адсылаюцца ў розныя дзіцячыя садкі Цэнтральнага рэгіёна. Так педагогі дашкольнай адукацыі знаё­мяць малых з роднымі мясцінамі, вучаць любіць малую радзіму, працаваць са словам і выказваць пачуцці, эмоцыі, думкі. У адказ хлопчыкі і дзяўчынкі атрымліваюць пасланні, з якіх даведваюцца пра славутасці як блізкіх раёнаў, так і мясцін наводдаль. Такім чынам, значна пашыраецца кругагляд да­шкалят. Складваючы лісты, яны асвойваюць новы спосаб камунікацыі, развіваюць мысленне, маўленне, вучацца расказ­ванню.

—  Мэта праекта, які працягнецца да жніўня наступнага года, — выхаванне асноў грамадзянскасці і патрыятызму ў дзяцей дашкольнага ўзросту, развіццё звязнага маўлення і культуры зносін у працэсе напісання калектыўных лістоў аб сваёй малой радзіме аднагодкам з іншых раёнаў Міншчыны, — адзначае начальнік вучэбна-метадычнага аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Наталля Болбат. — Гэтая форма работы вельмі прывабная для дзяцей і іх бацькоў,

у тым ліку і тым, што рукапісныя лісты практычна адсутнічаюць у нашым штодзённым жыцці, сёння для многіх гэта штосьці новае, незвычайнае. Ведучы перапіску, выхавальнікі разам са сваімі маленькімі падапечнымі афармля­юць альбом “Мая малая радзіма ў лістах да сяброў”, дзе фіксу­юць усе вынікі: колькі канвертаў і куды адправілі, якія пасланні і адкуль атрымалі ў адказ. Кожны адказ — па­дзея! Збіраючыся вакол выхавальніка, дзеці з вялікай цікавасцю і нецярпеннем чакаюць чытання ліста. Мяркуецца, што выхаванцы дзіцячых садкоў ра­зам з выхавальнікамі стануць аўтарамі раённых электронных кніг з апавяданнямі і малюнкамі дашкалят аб сваёй малой радзіме. Да завяршэння праекта плануецца зрабіць ­адзіную электронную кнігу “Міншчына ў апавяданнях і малюнках дашкалят”.

Хто ходзіць у госці раніцай…

Малышы з Цюрлёўскага дзіцячага сада Маладзечанскага раёна пабывалі ў гасцях у вядомай у акрузе майстрыхі Веры Аляксандраўны Асіповіч, якая адпрацавала больш за 30 гадоў на Маладзечанскай мастацкай фабрыцы. Гасцінная гаспадыня не толькі паказала сваю калекцыю льняных лялек-прыгажунь, але і падзялілася некаторымі сакрэтамі іх стварэння. Дашкольнікі з ясляў-сада № 22 Маладзечна наведалі памятнае месца — мемарыяльны комплекс “Шталаг-342”. Там яны даведаліся, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Маладзечанскі канцлагер траплялі як ваеннапалонныя, так і мірныя жыхары, западозраныя ў сувязях з партызанамі, што ў сценах лагера смерці загінулі больш за 35 000 чалавек, а ўсяго за гады вайны праз яго прайшло каля 70—80 тысяч чалавек.

Выхаванцы старшых груп ясляў-сада № 19 “Пралеска” Жодзіна адправіліся ў дзіцячую мастацкую школу мастацтваў, дзе кожны кабінет-майстэрня па-свойму ўнікальны. Да­школьнікі ўбачылі экспанаты на выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, пабывалі ў кабінетах жывапісу і дызайну, дзе прадстаўлены творчыя работы юных мастакоў.

Выхаванцы станькаўскага ясляў-сада № 1 Дзяржынскага раёна разам з педагогамі і баць­камі завіталі ў Станькаўскую сярэднюю школу імя М.Казея. Госці пабачылі школьную бібліятэку, майстэрні, музей, вучэбныя класы і трэнажорную залу. Даведаліся, што ў школе дзеці вучацца не толькі пісаць і лічыць, але і займаюцца спортам, музыкай, працуюць у майстэрнях. Малым выдалася магчымасць патрымаць у руках клюшку для міні-гольфа і паспрабаваць загнаць мяч у лунку. Будні школьнікаў ім здаліся вельмі прывабнымі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі з аздараўленчага лагера “Лістападзік” Засульскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна наведалі Цэнтр народнай творчасці ў вёсцы Яблонаўка. Гаспадыня цікава расказала пра аздабленне беларускай хаткі, пазнаёміла з некаторымі прадметамі хатняга ўжытку продкаў, развучыла з выхаванцамі вясёлы танец. Напрыканцы сустрэчы дзеці атрымалі маленькія падарункі: сувеніры-абярэгі ў выглядзе дамавікоў і анёлаў.

Выхаванцы Грыцэвіцкага дзіцячага сада Клецкага раёна адправіліся на экскурсію ў края­знаўчы музей мясцовай школы, дзе пабачылі старадаўнія экспанаты, змаглі ўявіць побыт сваіх продкаў. Самыя цікавыя гісторыі пра незвычайныя экспанаты пазней былі апісаны ў лісце да новых сяброў з Гарадзейскага ясляў-сада № 1 Нясвіжскага раёна.

Падапечныя Зазерскага ясляў-сада Пухавіцкага раёна наведалі ДЮСШ прафсаюзаў коннага спорту імя Я.І.Дзяменцьева. Ад трэнераў малыя даведаліся пра жыццё спартыўных коней, змаглі пагладзіць гэтых прыгожых жывёл і пачаста­ваць іх прысмакамі, а таксама паназіралі за працай наезніка. Юным падарожнікам было цікава ўбачыць шматлікія ўзнагароды і кубкі па конным спорце, даведацца, як праходзяць спаборніцтвы. Пра свае ўражанні яны расказалі ў сваіх пасланнях малым жыхарам Слуцкага і Салігорскага раёнаў. Да лістоў былі прыкладзены малюнкі і фота.

Калейдаскоп прафесій

Выхаванцы ясляў-сада № 23 Барысава пазнаёміліся з рознымі прафесіямі. Падчас наведвання станцыі хуткай дапамогі дашкольнікі даведаліся пра прафесію фельчара, медсястры, дыспетчара, зразумелі, для чаго існуе хуткая дапамога, у якіх выпадках варта набі­раць “103”. Асаблівую ўвагу дзяцей прыцягнула медыцынская тэхніка. Яны вельмі здзівіліся, даведаўшыся, як шмат усяго трэба ведаць і ўмець людзям у белых халатах. Сваімі новымі ведамі хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся ў лісце, які адправіўся да новых сяброў у яслі-сад № 7 Смалявіч.

Выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Залаты ключык” Слуцка здзейснілі віртуальную экскурсію ў Квасыніцкі цэнтр рамёстваў, дзе даведаліся пра тэатр “Батлейка”, пазнаёміліся з рознымі майстрамі, а таксама з найпрасцейшай формай ганчарства — стварэннем вырабаў з гліны ўручную.

Падапечныя ўздзенскага ясляў-сада № 3, вывучаючы сваю малую радзіму, наведалі мясцовую мануфактуру “Святло свечкі” і даведаліся ад дырэктара прадпрыемства, што ў вытворчасці выкарыстоўваецца каля 500 форм свечак, больш за 20 колераў і каля 120 іх адценняў, што выраб свечкі вагой 84 кілаграмы, вышынёй 1,5 метра і дыя­метрам 300 міліметраў займае каля тыдня. Вочы дзяцей перапаўняліся захапленнем, калі яны разглядалі ўнікальныя па форме і роспісе ялінкі, снегавікоў, мандарыны, гарбузы з парафіну і воску. На па­мяць кожны з маленькіх гасцей  атрымаў свечку-страказу.

Яркай падзеяй для выхаванцаў дашкольных устаноў № 17 і № 18 Жодзіна стаў прыезд ратавальнікаў на пажарнай машыне. Супрацоўнікі МНС пазнаёмілі дашкольнікаў з камплектацыяй пажарнай машыны, тэхнічным абсталяваннем, якое выкарыстоўваецца пры тушэнні пажараў і выратаванні людзей. Ну і, вядома, яшчэ раз нагадалі дзеткам аб правілах бяспечных паводзін.

Даўно забыты эпісталярны жанр, які зараз актыўна выкарыстоўваецца ў рабоце педагогаў дашкольнай адукацыі Міншчыны, нагадаў, што ўсё новае — гэта добра забытае старое. Да вынікаў праекта яшчэ далёка, аднак ужо цяпер відавочна, што ідэя адпраўляцца ў міні-падарожжа па родным краі падабаецца і дзецям, і дарослым. Па водгуках педагогаў, нават на гэтым этапе ўдаецца вырашыць важныя педагагічныя задачы: зацікавіць малых атрыманнем новай інфармацыі і яе асэнсаваннем падчас напісання ліста, далучыць мам і татаў да адукацыйнага працэсу і проста зблізіць старэйшых і малодшых членаў сям’і.

Марына КУНЯЎСКАЯ.