Эстонія будзе замест Брытаніі

- 16:37Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Эстонія будзе старшынстваваць у Савеце ЕС у II паўгоддзі 2017 года замест Вялікабрытаніі, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на прэс-службу Савета ЕС.

“Функцыі старшыні Савета ЕС з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года будуць перададзены Эстоніі. Далейшы парадак старшынства застанецца нязменным”, — адзначаецца ў афіцыйным паведамленні прэс-службы.

Вялікабрытанія прадоўжыць заставацца членам Еўрапейскага саюза да завяршэння перагавораў аб выхадзе з яго складу. У адпаведнасці з Лісабонскім дагаворам, самі перагаворы могуць прадаўжацца не больш за два гады. Паводле паведамленняў інфармацыйных агенцтваў, яны павінны стартаваць у бягучым годзе.

Вялікабрытанія адмовілася ад свайго старшынства ў Савеце ЕС, аб чым новы прэм’ер-міністр краіны Тэрэза Мэй праінфармавала старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска.

У Злучаным Каралеўстве ў чэрвені 2016 года прайшоў рэферэндум аб выхадзе са складу ЕС (так званы Brexit). 51,9 працэнта грамадзян краіны, якія маюць права голасу, выказаліся на ім за выхад Вялікабрытаніі з супольніцтва 28 краін.

Кожная з дзяржаў Еўрасаюза старшынствуе ў Савеце ЕС па паўгода. Бягучы каляндар старшынства краін распісаны аж да 2020 года.