За мінулы год прапала як мінімум 10 тысяч дзяцей-бежанцаў, якія прыбылі ў Еўропу без суправаджэння дарослых. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Еўрапала Браян Дональд.
Паводле яго слоў, як мінімум 5 тысяч дзяцей-бежанцаў зніклі ў Італіі, яшчэ тысяча — у Швецыі. Устаноўлена, што дзеці і падлеткі зніклі пасля таго, як былі зарэгістраваны ўладамі краіны прыбыцця.
Некаторыя з прапаўшых, лічаць еўрапейскія паліцэйскія, маглі стаць ахвярамі сексуальнай эксплуатацыі, або мясцовыя крымінальныя групоўкі вымушаюць іх займацца рабскай працай. Злачынцы, якія займаюцца перавозкай мігрантаў у Еўропу, часта супрацоўнічаюць з бандамі, якія выкарыстоўваюць дзяцей у такіх мэтах.
Пры гэтым у Еўрапале лічаць, што не ўсе прапаўшыя дзеці сталі ахвярамі крымінальнага свету. “Не ўсе з іх будуць уцягнуты ў крымінальную эксплуатацыю. Некаторыя, магчыма, былі прыняты ў якасці членаў сем’яў. Мы проста не ведаем, дзе яны, што яны робяць або з кім яны”, — адзначыў Браян Дональд.
Паводле даных арганізацыі Save the Children, усяго ў Еўропу ў 2015 годзе трапілі 26 тысяч беспрытульных дзяцей. Непаўналетнія складаюць 27 працэнтаў з мільёна мігрантаў, якія прыбылі ў ЕС у мінулым годзе.