Еўрапейскі саюз гатовы аказваць садзейнічанне Беларусі ў рэалізацыі Нацыянальнага плана па правах чалавека. Аб гэтым заявіла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын у час кансультацый экспертнага ўзроўню “Справаздачнасць у адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах: пяты перыядычны даклад Рэспублікі Беларусь”.
“Еўрапейскі саюз вітаў распрацоўку і прыняцце ў Беларусі Нацыянальнага плана па правах чалавека. Гэта выдатны крок, наступным павінна стаць рэалізацыя гэтага плана дзеянняў”, — сказала Андрэа Віктарын.
Паводле яе слоў, Еўрасаюз, выбудоўваючы адносіны з усімі краінамі, удзяляе важную ўвагу гэтым пытанням. Калі і з’яўляюцца нейкія рознагалоссі, бакі стараюцца вырашаць іх паслядоўна і канструктыўна. Андрэа Віктарын таксама звярнула ўвагу, што ЕС гатовы аказваць садзейнічанне Беларусі ў рэалізацыі Нацыянальнага плана па правах чалавека, прадастаўляючы магчымасці для абмену перадавым вопытам з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі, а таксама для экспертных кансультацый.
Падтрымка Беларусі ў гэтай сферы будзе ісці і ад Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, адзначыў у сваю чаргу пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Санака Самарасінха. Ён падкрэсліў, што падрыхтоўка чарговага даклада аб правах чалавека стала важным крокам для краіны ў гэтым напрамку.
Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляецца адным з асноўных міжнародных дагавораў па правах чалавека.
Цяпер дзяржавамі — удзельніцамі пакта з’яўляюцца 169 краін свету, уключаючы Беларусь. Для маніторынгу за выкананнем краінамі палажэнняў пакта быў створаны Камітэт ААН па правах чалавека, у які ўваходзяць 18 незалежных экспертаў. Усе дзяржавы-ўдзельніцы абавязаны рэгулярна прадастаўляць камітэту даклады аб тым, як ажыццяўляюцца правы, замацаваныя ў пакце.
У красавіку 2017 года Беларусь накіравала свой пяты перыядычны даклад, у якім змешчаны адказы на пералік пытанняў, сфармуляваных камітэтам і адрасаваных дзяржаве ў кантэксце падрыхтоўкі да дыялогу, які мае адбыцца. Папярэдні даклад Беларусь прадставіла ў Камітэце ААН па правах чалавека ў 1997 годзе.