Фактычны кошт пуцёвак быў ніжэйшым за прагназуемы

- 10:47Інфармацыйная гадзіна, Рознае

У Беларусі ў аздараўленчых лагерах за дзве змены пабывала ўжо больш як 286 тысяч дзяцей, паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

“Для дзяцей набліжаецца да завяршэння другая змена адпачынку ў лагерах. За дзве змены ў летніх аздараўленчых лагерах пабывала ўжо больш як 286 тысяч дзяцей. З іх звыш 94 тысяч — у кругласутачных і больш як 192 тысячы — у дзённых лагерах”, — сказаў Генадзь Балбатоўскі. Усяго ж у перыяд летняй кампаніі ў рэспубліцы прадугледжваецца аздаравіць каля 350 тысяч дзяцей.

У тым ліку за дзве змены ў спартыўна-аздараўленчых лагерах (гэта новая форма аздараўлення школьнікаў, упершыню ў бягучым годзе была зацверджана датацыя ў такія лагеры) пабывала больш як 56 тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак, у профільных лагерах — 31 тысяча, у лагерах працы і адпачынку — каля 14 тысяч чалавек.

Была арганізавана работа больш як 5,2 тысячы лагераў, з іх амаль 1,2 тысячы — кругласутачныя.

Адносна фінансавага складніка дзіцячага адпачынку кіраўнік цэнтра адзначыў, што фактычны кошт пуцёвак у дзіцячыя аздараўленчыя лагеры быў ніжэйшым за прагназуемы. “Гэта сведчыць аб тым, што такая форма адпачынку даступная для дзяцей за кошт таго, што бацькоўская плата складае каля 10% з улікам датацый. Так, кошт пуцёўкі ў кругласутачны лагер са знаходжаннем не менш як 18 дзён склаў Br3 млн 780 тысяч (недэнамінаваных рублёў) пры планавым кошце Br3 млн 850 тысяч. Кошт пуцёўкі ў дзённы лагер склаў Br845 тысяч пры прагнозным больш як Br1 млн 35 тысяч”, — дадаў Генадзь Балбатоўскі.