Фармат — без гальштукаў!

- 10:55Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Ярка, дынамічна, крэатыўна прайшла традыцыйная штогадовая сустрэча педагогаў Віцебшчыны са стажам работы да трох гадоў. 

Мітап сёлета #Вышэй! аб’яднаў 112 удзель­нікаў, якіх гасцінна сустрэла сярэдняя школа № 31 імя В.З.Харужай абласнога цэнтра. Па словах начальніка Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Валянціны Пікулік, прапанаваны арганізатарамі фармат мерапрыемства — без гальштукаў. Іншымі словамі — знаёмства, пошук аднадумцаў, абмен працоўнымі і творчымі здабыткамі, актыўны адпачынак, магчымасць праявіць свае навыкі і таленты, пашырыць веды, натхніцца новымі ідэямі. Усё гэта надзвычай каштоўна для тых настаўнікаў, хто нядаўна прыйшоў у школу — як і зносіны ў нефармальнай атмасферы з вопытнымі калегамі, іх ацэнка і парады. 

У ходзе прадстаўлення візітнай карткі “Педагог нашага часу” моладзь разважала аб плюсах і мінусах прафесіі, асаблівасцях выбранай спецыяльнасці, якасцях, неабходных настаўніку для поспеху. Пры падвядзенні вынікаў самай арыгінальнай прызнана візітка Першамайскага раёна Віцебска. Таксама падзякамі адзначаны прэзентацыі каманд Віцебскага, Талачынскага, Пастаўскага, Лёзненскага і Докшыцкага раёнаў. Тым часам на інтэрактыўных пляцоўках-студыях разгарнулася цікавая вучоба. Намеснік дырэктара гімназіі № 1 Оршы Святлана Емяльянава-Раманоўская азнаёміла з прыёмамі мнематэхнікі на ўроку для дарослых. Выкладчыкі кафедры педагогікі, прыватных методык і ме­не­джменту адукацыі ВАІРА Ірына Селязнёва і Алена Сотнікава запрасілі на печа-кучу ў японскай стылістыцы “#PROпсіхалогію”, настаўніца англійскай мовы гімназіі № 2 Віцебска Аляксандра Міненка — у “Сусветную кавярню”. Метадыст ВАІРА Вольга Паўсцяная правяла арыгінальную і змястоўную “Педагагічную ідэнтыфікацыю”. Зрабіць першыя крокі да праграмавання ўсе жадаючыя маглі ў студыі MATATALAB пад кіраўніцтвам настаўнікаў інфарматыкі Наталлі Снытко (сярэдняя школа № 12 Оршы) і Людмілы Лукашэвіч (сярэдняя школа № 2 Докшыц). А яшчэ былі інтэрв’ю, флэш-мобы, пляцоўка псіхолага для суправаджаючых “Мы хацелі вам сказаць” і фотасесія — дзень сапраўды атрымаўся насычаным!

У ходзе  прадстаўлення візітнай карткі “Педагог нашага часу” моладзь разважала аб плюсах і мінусах прафесіі, асаблівасцях выбранай спецыяльнасці, якасцях, неабходных настаўніку для поспеху.

— Добра маладзёжная аўдыторыя прыняла новаўвядзенне гэтага года: замест квеста мы прапанавалі інтэлектуальны SMART-батл, прысвечаны славутым мясцінам і вядомым культурна-гістарычным аб’ектам роднай Віцебшчыны, — падкрэсліла Валянціна Пікулік. — Яго абсалютнай пераможцай і ўладальніцай дыплома І ступені стала каманда Гарадоцкага раёна. Дыпломамі ІІ і ІІІ ступеней узнагароджаны маладыя педагогі Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска, Лепельскага, Лёзненскага і Аршанскага раёнаў. У перспектыве мы плануем пашырыць як пазнавальны, так і спартыўны складнікі праграмы. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.