«Фехтаванне ў пальчатках»: звыш 30 гадоў Віктар Тухто развівае бокс сярод юных жыхароў Смаргоні

- 12:24Образование

У ліку выпускнікоў трэнера Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Віктара Тухто — кагорта адданых боксу спартсменаў. Падрабязнасці — у карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Бокс для абароны

У жыцці Віктара Тухто бокс з’явіўся ў школьныя гады, калі ён жыў яшчэ ў Астравецкім раёне. У дзяцінстве хлопчык быў нізкім, і аднакласнікі не праміналі магчымасці яго пакрыўдзіць. Віктар не хацеў з гэтым мірыцца: каб быць у сабе больш упэўненым і пры неабход­насці ўмець за сябе пастаяць, даць здачы задзірам, пайшоў займацца ў секцыю па дзюдо. Калі ж яго трэнер пераехаў, замест секцыі па дзюдо адкрылася новая — па боксе. Віктар не вагаўся — запісаўся. Бокс яму спадабаўся куды больш. Ён рабіў поспехі спачатку як спартсмен, а потым, у вольны ад асноўнай работы час, вучыў гэтаму віду спорту хлопчыкаў на Астравеччыне і працягнуў трэнерскую справу, пераехаўшы ў Смаргонь.

Трэніруе педагог навучэнцаў не толькі са школ горада, але і з усяго раёна. Заняткі праходзяць на базе фізкультурна-спартыўнага комплексу “Юнацтва” і ў школьных спартыўных залах. У раёне ён адзіны, хто займаецца развіццём боксу. Прычым вельмі паспяхова: кожны год яго навучэнцы становяцца прызёрамі і чэмпіёнамі краіны. Віктар Станіслававіч працуе па праграме, якую распрацаваў сам. Вопыт работы па ёй педагог прадстаўляў у 2023 годзе на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Педагагічная майстэрня”, за што мае дып­лом ІІ ступені.

— Нішто не загартоўвае чалавека так, як бокс. Гэта не проста спорт, а своеасаблівая школа жыцця. Для мяне ж бокс — гэта маё жыццё, яго сэнс і напаўненне, — падкрэс­лівае Віктар Тухто.

Тонкасці трэніровак

Бокс у тэхнічна-тактычным плане — адзін з самых складаных відаў спорту. Спартыўная барацьба ў баі на рынгу дасягае вялікай вастрыні. Хутка зменлівая атмасфера бою патрабуе ад баксёра здольнасці імгненна і дакладна арыентавацца ў паставах, якія ўзнікаюць, своечасова прымаць і ажыццяўляць свае рашэнні. Таму баксёр павінен быць спрытным, хуткім, выдатна валодаць сабой, умела і рацыянальна прымяняць разнастайныя тэхнікі і тактыкі. Якраз гэтаму і вучыць трэнер дзяцей падчас заняткаў. І заўсёды вучыць галоўнаму свайму правілу: бокс павінен быць выключна на карысць, а не на шкоду.

На трэніроўкі Віктар Станіслававіч возіць сваіх наву­чэнцаў у Маладзечна, Ліду, Мінск, каб яны мелі практыку спартыўных зносін з іншымі спартсменамі.

— Калі выходзіш на рынг, галоўнае — абыграць саперніка, перамагчы. Не пабіць яго, а менавіта абыграць. А значыць, тут разлік на хуткасць, рэакцыю. Якраз гэтым я стараюся выхоўваць у дзяцей упэўненасць у сабе. Бо многія, хто прыходзіць у бокс, не вераць у свае сілы, у здольнасць перамагаць, пераадольваць уласны страх, сумненні, — гаворыць педагог.

На маё пытанне, ці можа дзіцячая, нават жартоўна-сяброўская бойка стаць прычынай сур’ёзных траўм, улічваючы, што часта ўдары ў баксёраў адточваюцца да аўтаматызму, Віктар Станіслававіч адказвае:

— Гэта малым дзецям цяжкавата ўсвядоміць правілы паводзін у грамадстве, у зносінах адно з адным (мы прымаем дзяцей з 6 гадоў). Большыя дзеці і падлеткі вельмі хутка разумеюць рызыку такога свавольства. Тыя, хто доўга і сур’ёзна займаецца боксам, ведаюць, пачым фунт ліха і што ў адказ абавязкова прыляціць, таму і не прымяняюць свае навыкі на справе. Баксёры — самыя добрыя людзі. Злыя і агрэсіўныя не затрымаюцца ні ў спорце, ні ў спартыўных установах. Той, хто выходзіць з кулакамі ў двор, — гэта не баксёр. Ды і на рынгу іх задача не ў тым, каб напіраць магутнымі ўдарамі на саперніка. Тут важна навучыцца рабіць іх лёгкімі.

Педагог адзначае, што ў боксе галоўнае — тлумачэнне:

— Я тлумачу кожнаму дзіцяці па-свойму, індывідуальна: выклікаю на лапы (снарад, які надзявае на рукі трэнер, для адпрацоўкі ўдараў. — Заўвага аўтара.) і на справе тлумачу, як правільна рабіць прамы ўдар, бакавы, ніжні, абарончы. На індывідуальнай трэніроўцы, адчуваючы ўдар дзіцяці праз лапы, ты разумееш, што яно робіць не так, і ўдасканальваеш яго тэхніку. Не менш важна для спартсмена ўмець адаптавацца да спаборніцкіх пляцовак. Як для ваенных стальба ў ціры і на полі бою — кардынальна розныя рэчы, так і ў боксе: адна справа — біць па лапах, па мяшку, другая — па жывых людзях, ды яшчэ і пры балельшчыках. Гэта вельмі істотны псіхалагічны бар’ер.

Зоркі рынгу

Колькі было выпушчана спартсменаў за 30 гадоў, падлічыць цяжка, бо штогод у секцыю прыходзіць 50—70 чалавек. Канечне, не ўсе яны застаюцца вернымі гэтаму віду спорту. Не кожнаму дзіцяці па сілах перанесці цяжкасці падчас трэніровак і спаборніцтваў. І характары ў іх розныя: ёсць больш спакойныя, якім па душы такія ж і заняткі, а ёсць байцы, якім падабаецца рэалізоўвацца ў спорце, перамагаць саміх сябе і сваіх сапернікаў. Так, толькі за апошнія тры навучальныя гады на рахунку навучэнцаў Віктара Тухто 83 пераможныя і прызавыя месцы на спаборніцтвах абласнога ўзроўню і 11 — рэс­публіканскага.

Сярод выпускнікоў Віктара Станіслававіча ёсць прафесійныя баксёры, якія ўжо ці сталі трэнерамі, ці яшчэ толькі збіраюцца. Так, адзін з першых яго вучняў Аляксандр Апанасёнак — дзевяці­разовы чэмпіён Беларусі па боксе, удзельнік XXVIII летніх Алімпійскіх гульняў у Афінах, майстар спорту міжнароднага класа па боксе, зараз з’яўляецца трэнерам Акадэміі бокса ў Расіі. Аляксандр Аўдзіенка скончыў Віцебскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву, а зараз працуе фітнес-трэнерам з элементамі бокса. У скарбонцы Дзяніса Беніцэвіча, ужо кандыдата ў майстры спорту, былі перамогі не толькі на абласных і рэс­публіканскіх, але і на міжнародных спаборніц­твах па боксе для школьнікаў. Скончыў Рэспубліканскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву і вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры на аддзяленні бокса. Нядаўна яго ж скончыў і Міхаіл Завада.

— У сапраўдным спорце хлопцы мяняюцца, адбываецца станаўленне іх характару. Чалавек па-іншаму глядзіць на свет і спартыўныя спаборніцтвы. На іх спартсмены знаёмяцца паміж сабой. Бокс, як і любы іншы від спорту, далучае людзей да сяброўства. І як вынік — з’яўляецца баксёрская салідарнасць, утвараецца вялікая спартыўная сям’я. Мы вельмі спадзяёмся, што хтосьці з хлопцаў, атрымаўшы адпаведную адукацыю, вернецца ў Смаргонь і працягне справу свайго настаўніка, — адзначае Вольга Вайцяшонак, загадчык аддзела тэхнічнай творчасці і спорту Смаргонскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

Віктар Станіслававіч ведае, як выхаваць з юных баксёраў спартсменаў высокага класа. Ён прывівае сваім вучням любоў да бокса як да майстэрскай гульні на рынгу, свайго роду фехтавання ў пальчатках, развівае ў іх тактычнае мысленне, хуткасць і спрыт.

Апошнім часам да юнакоў-спартсменаў далучаюцца і дзяўчаты. Сярод іх вылучаецца Кіра Ларычава. У красавіку яна заваявала “золата” на першынстве Рэспублікі Беларусь па боксе сярод юніёраў. Сёлета дзяўчына скончыла 9 клас і будзе паступаць у Гродзенскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву.

Навучэнцы Віктара Тухто не толькі самі рэалізуюцца на рынгах краіны — паралельна яны вывучаюць гісторыю развіцця бокса ў Беларусі і дасягненні беларускіх трэнераў і спартсменаў. Вынікам іх даследчага праекта стаў вэб-сайт “Бокс — школа жыцця”. Сайт пастаянна абнаўляецца і дапаўняецца. А ўлічваючы, што трэніроўкі і спаборніцтвы для юных спартсменаў праходзяць тут без перапынку на канікулы, першыя дапаўненні могуць быць унесены ўжо хутка. 12 чэрвеня пачалася Рэспубліканская спартакіяда школьнікаў, на якой за перамогу пазмагаецца юны баксёр Мацвей Страшынскі.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара і Сяргея ЮРЭВІЧА