Фестываль педагагічнай шчодрасці

- 14:55Навука і інавацыі

Завяршаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта па падтрымцы высокаматываваных малодшых школьнікаў, і яго ўдзельнікі вырашылі падзяліцца напрацаваным за чатыры гады вопытам з педагогамі краіны. У адных рэгіёнах мерапрыемствы прайшлі ў анлайн-фармаце, у іншых рызыкнулі арганізаваць жывыя зносіны. Але незалежна ад формы правядзення іх аб’ядноўвала адно: жаданне ўзбагаціць методыку пачатковага навучання. І гэтая мэта была паспяхова дасягнута!

Ад тэорыі да практыкі

Абнаўленне зместу адукацыі ў нашай краіне рэгламентуецца інструкцыяй аб парадку правядзення эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. Усё пачынаецца з тых самых “кабінетных” вучоных, у якіх з’яўляюцца новыя ідэі, прычым не на пустым месцы, а падмацаваныя навуковымі тэорыямі і аналізам сучасных тэндэнцый развіцця грамадства. Наступны крок — праверка, наколькі апрабацыя вынікаў даследавання бу­дзе эфектыўнай. Эксперыменты, якія даказалі сваю мэтазгоднасць, становяцца інавацыйнымі праектамі і ўжо больш шырока ўкараняюцца ў адукацыйны працэс. Усе этапы старанна і ўсебакова адсочваюцца спецыялістамі вядучых навукова-метадычных устаноў: Нацыянальнага інстытута адукацыі і Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, якія затым даюць рэкамендацыі па масавым выкарыстанні інавацыі.

Думка пра тое, што адораных дзяцей трэба вучыць інакш, каб алмаз сапраўды змог ператварыцца ў брыльянт, не з’яўляецца рэвалюцыйнай. Аднак неабходна было выпрацаваць адзіныя падыходы да навучання такіх навучэнцаў і распрацаваць адпаведнае метадычнае забеспячэнне, прычым на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Менавіта гэтыя палажэнні і ляглі ў аснову эксперыментальнага праекта 10 гадоў назад, які апрабаваўся ў 7 установах адукацыі Гомельшчыны. А інавацыйнай дзейнасцю былі ахоплены як сталіца, так і ўсе вобласці, і да фінішу падышлі ўжо 22 пляцоўкі.

З чаго мы пачыналі

Мэтай першага этапу было выявіць навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі, якіх затым назавуць мэтавай групай. Здавалася б, навошта марнаваць на гэта ўвесь першы клас, няўжо адразу не відаць? Калі дзіця прыйшло ў школу падрыхтаванае, умее чытаць і пісаць, калі яно лічыць да тысячы і шмат ведае — значыць, адоранае! Але ўсё не так проста. Па-першае, мы не ведаем, як былі атрыманы гэтыя вынікі. Нярэдка настаўнікі адзначаюць, што такія дзеці сапраўды апярэджваюць аднагодкаў у самым пачатку навучання, а потым рэзка “зніжаюць абароты”. Магчыма, прычына ў тым, што яны прывыклі вучыцца ў індывідуальным рэжыме, а за партамі можа сядзець і 30 вучняў. Па-другое, незразумела, дзіця дэманструе свае ўласныя здольнасці ці гэта вынік амбіцый бацькоў, якія хацелі ўсім даказаць, што іх цуда-дзіця лепшае за ўсіх? А яшчэ бывае так, што пачатковец губляе цікавасць: ці то яму сумна, ці то ўжо надакучыла!.. Зрэшты, сустракаюцца і супрацьлеглыя выпадкі: прыходзіць Нязнайка, але праз пару месяцаў ён раскрываецца — і толькі паспявай за ім!

Таму працэс дакладнага выяўлення адораных навучэнцаў немагчымы без удзелу псіхолагаў. У іх арсенале ёсць правераныя дыягностыкі ўзроўню матывацыі, лагічнага мыслення, творчых здольнасцей, пазнавальнай актыўнасці… Толькі нельга ўсе гэтыя тэсты адразу абрушыць на галаву малыша, гэта няправільна! Да таго ж абавязковым з’яўляецца ўзаемадзеянне з бацькамі, гутаркі з якімі істотна дапаўняюць вынікі даследаванняў.

А што ж на ўроку, няўжо ўсё традыцыйна? Вядома, не! Адзін з вядучых спецыялістаў па гэтай тэме расійскі вучоны А.І.Савянкоў у сваіх работах неаднаразова падкрэслівае, што абавязковай прыметай адоранасці ў малодшым узросце з’яўляецца адчувальнасць да праблем. Адпаведна, праблемнае навучанне — гэта тое самае натуральнае асяроддзе, у якім толькі і магчыма паўнавартасная рэалізацыя патэнцыялу нашых разумнікаў і разумніц. І таму праводзіліся семінары, на якіх вучыліся бачыць і ствараць праблемныя сітуацыі. Таксама была арганізавана віртуальная суполка “Новая школа”, дзе настаўнікі маглі атрымліваць кансультацыі, абменьвацца напрацоўкамі, павышаць свой прафесійны ўзровень, вывучаючы вопыт калег з розных краін.

Да канца навучальнага года заканамерным вынікам такой сістэматычнай работы стала стварэнне мэтавых груп у колькасці ад 2 да 12 вучняў, у сярэднім 20—25% ад колькасці навучэнцаў у класе. Пры гэтым дзеці нават не здагадваліся, што іх выбралі, а вось для настаўніка і псіхолага ўсё толькі пачыналася!..

Дыферэнцыяцыя і не толькі

Навучанне ў 2 класе будавалася на аснове шырокага выкарыстання дыферэнцыраванага падыходу. На чатырох вучэбных прадметах (“Матэматыка”, “Руская мова”, “Літаратурнае чытанне”, “Чалавек і свет”) выкарыстоўвалася сістэма наступных спецыяльна распрацаваных заданняў:

• праблемныя пытанні, якія прадугледжваюць наяўнасць супярэчнасці паміж старымі і новымі ведамі; стварэнне сітуацыі развіццёвага дыскамфорту;

• адкрытыя заданні, якія маюць мноства правільных адказаў і дазваляюць усім навучэнцам быць паспяховымі;

• даследчыя заданні, у якіх неабходна было вызначыць прычыну незразумелай з’явы, для чаго трэба было вылучыць гіпотэзу і праверыць яе;

• творчыя заданні, накіраваныя на стварэнне ўласнага аўтарскага прадукту.

Зразумела, што гэтыя заданні прапаноўваліся не толькі адораным навучэнцам, але менавіта яны значна ахвотней і цікавей іх выконвалі, рэалізуючы свае здольнасці. Што ж тычыцца звычайных картак з заданнямі павышанага ўзроўню, то яны таксама былі, але, акрамя гэтага, настаўнікі імкнуліся выкарыстаць магчымасці камп’ютарнага навучання. Таксама дыферэнцыраванымі былі і дамашнія заданні, якія ўключалі і стварэнне заданняў па аналогіі, і ўскладненне ўмовы або павелічэнне аб’ёму практыкаванняў, і падрыхтоўку вусных паведамленняў або прэзентацый. Увогуле, працавалі пад дэвізам: “Вялікаму караблю — вялікае плаванне” (сярод праблем адораных часта вылучаюць нізкую сфарміраванасць валявых якасцей як вынік таго, што вучоба занадта лёгка даецца; таму мы стараліся дзяцей “дагружаць”).

А яшчэ менавіта ў гэты год з’явіліся тыя адметнасці, якія суправаджалі інавацыю і ў далейшым. Заліковыя работы як аўтарскі падыход безадзнакавага кантролю ведаў навучэнцаў 2—4 класаў, думаю, ужо добра вядомы настаўнікам пачатковых класаў. Аднак мы іх выкарыстоўвалі не толькі ў канцы чвэрці, але і ў пачатку, калі яны выконвалі ролю мэтавых арыенціраў навучання. І відавочна, што калі адораныя навучэнцы маглі выка­наць выніковую работу, то не было неабходнасці адпрацоўваць з імі трэніровачныя заданні. Можна было адразу рухацца наперад або вучыцца аказваць дапамогу тым, хто адчуваў цяжкасці.

Апошні дзень чвэрці стаў праводзіцца як дзень самаадукацыі. Замест падручнікаў навучэнцы прыносілі разнастайныя энцыклапедыі і спачатку іх вывучалі, робячы выпіскі і замалёўкі, а затым выступалі перад класам і адказвалі на пытанні. Часам даводзіцца чуць пярэчанні: “А хіба так можна? Дзеці павінны вучыцца!” Але ж яны і вучыліся! Кожны са сваёй хуткасцю і ў адпаведнасці са сваімі патрэбамі. Адбывалася рэальнае фарміраванне агульнавучэбных уменняў, якія неабходна выпрацоўваць у малодшых школьнікаў. На жаль, на ўроках прадметны складнік па-ранейшаму з’яўляецца дамінуючым, хоць у патрабаваннях стандарту гаворыцца яшчэ і пра асобасныя і метапрадметныя вынікі навучання.

А яшчэ высокаматываваныя навучэнцы сталі выпрабавальнікамі тэхналогіі мнагамернага чытання, створанай аўтарскім калектывам беларускіх педагогаў, сутнасць якой у павольным чытанні-паглыбленні главы літаратурнага твора, калі, адштурхоўваючыся ад тэксту, выяўляеш мноства сэнсаў. Навучанне па гэтай тэхналогіі прадугледжвае выкананне самых разнастайных заданняў, якія далёка выходзяць за рамкі школьнай праграмы; а таксама не ўстанаўлівае фармальных рамак праходжання матэрыялу: у залежнасці ад канкрэтнай адукацыйнай сітуацыі адно заданне магло займаць і пяць мінут, і ўвесь урок! (Калі ў канцы 4 класа была праведзена параўнальная дыягностыка функцыянальнай пісьменнасці, былі выяўлены істотныя адрозненні на карысць навучэнцаў эксперыментальных класаў у параўнанні з аналагічнымі кантрольнымі, у якіх работу пісалі таксама моцныя вучні; значыць, тэхналогія працуе!).

Індывідуальны сшытак і методыка “КАРТ”

Дзеці сталелі, і можна было паступова даваць ім больш самастойнасці. У 3 класе адзін раз на тыдзень на ўроку матэматыкі ці рускай мовы пры вывучэнні новай тэмы навучэнцы мэтавай групы працавалі ў індывідуальных сшытках на друкаванай аснове. Работа складалася з дзвюх частак: абавязковай, у якой было неабходна самастойна асвоіць незнаёмую тэму, выконваючы серыю заданняў, якія паступова ўскладняліся; і адвольнай, заданні якой можна было не толькі выконваць па жаданні, але і аб’ядноўвацца ў пары ці групы.

Вядома, спачатку навучэнцам патрэбна была дапамога настаўніка, але з часам нават узнік своеасаблівы інтэлектуальны азарт: “А самому слабо?” Пры гэтым падчас стымулюючых заняткаў заданні аналізаваліся, веды ўпарадкоўваліся, але тым не менш фарміравалася звычка спадзявацца на ўласныя сілы (варта адзначыць, што адзнакі за гэтыя работы не ставіліся).

А ў 4 класе яшчэ дабавілася ролевая гульня ў групах. Здавалася б, што тут асаблівага, групавая форма работы выкарыстоўваецца ўжо на ўроках курса “Уводзіны ў школьнае жыццё”. Але давайце ўважліва вывучым усе асаблівасці гэтай методыкі, назва якой утворана з першых літар роляў:

К — каардынатар, вучань які адказвае за работу групы;

А — аніматар, вучань, які загадзя рыхтуе заданне займальнага характару;

Р — рэпетытар, вучань, які загадзя рыхтуе заданне па тэме паўтарэння;

Т — трэнер, вучань, які загадзя рыхтуе алімпіяднае заданне.

Такім чынам, 1—2 разы на тыдзень, але ўжо на ўроку паўтарэння або замацавання, “мэтавікі” ўтвараюць групы па чатыры чалавекі, перастаўляючы парты так, каб сядзець тварам адно да аднаго. Настаўнік у пачатку ўрока выдае ліст з планам, і далей група працуе цалкам аўтаномна пад кіраўніцтвам каардынатара. Спачатку выконваюць заданне на паўтарэнне, і рэпетытар яго тут жа правярае; потым ідзе работа з падручнікам, і навучэнцы калектыўна выконваюць заданні, прапанаваныя настаўнікам, затым каардынатар арганізуе фізкультхвілінкі, пасля чаго свае заданні прапануюць трэнер і аніматар. У канцы ўрока навучэнцы выстаўляюць адзнакі па кожнай ролі згодна з дакладна прапісанымі крытэрыямі, але па 5-бальнай шкале; а астатнія 5 балаў зможа дабавіць настаўнік, калі работа выканана без памылак. Гэтыя ролі з’яўляюцца зменнымі, і кожны вучань можа па чарзе паспрабаваць сябе ў розных амплуа. Спачатку ўсе хацелі быць каардынатарамі, бо гэтая роля не прадугледжвае ніякай папярэдняй падрыхтоўкі. Аднак хутка зразумелі, што гэта самае цяжкае, бо трэба не толькі арганіза­ваць усю работу, але і сачыць за часам і дысцыплінай, быць справядлівым арбітрам, умець ствараць добразычлівую атмасферу, а пры неабходнасці звяртацца па дапамогу. А яшчэ дзеці змаглі ацаніць значнасць супрацоўніцтва, калі агульны поспех забяспечваецца асабістым укладам кожнага ўдзельніка.

І зноў, як і з іншымі новаўвядзеннямі, настаўнікам было няпроста “адпусціць” дзяцей. Акрамя трывогі (А раптам самі не справяцца? А можа, не атрымаецца?), узнікае яшчэ і пэўнае пачуццё разгубленасці (Дык што, я ўжо не патрэбна, яны і без мяне могуць?). Ды не, патрэбна, вядома ж! Толькі ў іншай якасці: не квахтуха вакол куранят, а важак, які пракладае шлях (на ўсялякі выпадак яшчэ раз падкрэсліваю, гаворка ідзе пра адораных дзяцей, хоць навыкі вучэбнай самастойнасці былі б нялішнімі і для ўсіх астатніх навучэнцаў).

“Усё творча, інакш навошта?”

Дэвіз І.П.Іванова, стваральніка камунарскай методыкі, сёння вядомай як КТД, можна па праве аднесці і да нашых педагогаў — удзель­нікаў інавацыі. Яшчэ зімой мы вырашылі азнаёміць настаўнікаў у рэгіёнах з найбольш цікавымі і яркімі дасягненнямі праекта. А далей былі створаны творчыя групы, кожная з якіх прыдумвала сваю ўласную праграму. І калі выступленні ў ZOOM былі даволі падобныя (хоць мінчане падышлі вельмі незвычайна, выкарыстоўваючы па ходзе інтэр­актыўныя заданні для ўдзельнікаў), то вочныя фестывалі мелі сваё аблічча.

У Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі праводзіўся квест “Падарожжа маленькага чалавечка ў “Новай школе” даўжынёй у 4 гады”. Усе ўдзельнікі падзяліліся на шэсць груп (па колеры буклетаў) і далей пераходзілі ад аднаго стала да іншага, прымяраючы на сябе ролю навучэнцаў мэтавых груп у розных відах дзейнасці. А закончылі мерапрыемства настаўнікі з Кобрына калектыўнай дэкламацыяй уласнага верша пра тое, як насенне пры клапатлівым доглядзе ператвараецца ў квітнеючы сад: “У навуку дабаўляем надзею, веру і любоў, і дабаўляем зноў і зноў: і маральнасць, і волю, і цярпенне, і твор­часць, і дух, і натхненне…”

Для педагогаў Гродзенскай вобласці таксама на базе ІРА адбыўся фестываль “Інавацыйнае адукацыйнае асяроддзе для інтэлектуалаў”, дзе спачатку прайшло пленарнае пасяджэнне, на якім, акрамя настаўнікаў пачатковых класаў, сваім вопытам суправаджэння адораных навучэнцаў падзяліліся псіхолагі, а затым была арганізавана работа дзвюх секцый. Добра, што ўдзельнікаў адразу падзялілі на дзве групы, інакш было б вельмі няпроста выбраць, куды пайсці: удзель­нічаць у практыкуме па рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў праз даследчую дзейнасць або праглядзець фрагмент відэаўрока па тэхналогіі мнагамернага чытання; даведацца, як фарміраваць пазнавальную цікавасць навучэнцаў пры правя­дзенні дня самаадукацыі, або пазнаёміцца з прыёмамі развіцця вучэбна-інтэлектуальных уменняў; вывучыць, як методыка “КАРТ” уплы­вае на ўзровень сацыялізацыі навучэнцаў, або прааналізаваць вынікі ўкаранення інавацыйнага сшытка, а можа, асвоіць прыёмы развіцця камунікатыўных здольнасцей.

Хоць на самай справе абедзве секцыі прадстаўлялі прыкладна аднолькавы змест, праломлены праз прызму ўласных педагагічных дасягненняў. І менавіта пра гэта са шчырай удзячнасцю і з цалкам зразумелым жаданнем паспрабаваць гаварылі ўдзельнікі фестывалю пры падвядзенні вынікаў.

А ў пачатковай школе № 63 Гомеля пасля прэзентацыі асноўных вынікаў рэалізацыі інавацыйнага праекта праходзіла работа ў творчых майстэрнях. Педагогі настолькі актыўна прымалі ў іх удзел, што нават давялося крыху затрымаць закрыццё, каб усе жадаючыя мелі магчымасць выказацца падчас адкрытага мікрафона. І зноў гучалі словы падзякі і пытанні, як можна атрымаць матэрыялы, каб выкарыстоўваць іх і ў сваёй рабоце. Адметна, што гэтыя мерапрыемствы праходзілі ў перыяд правядзення заключнага этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. А чым больш адораных “зорачак” удасца выявіць і падтрымаць у пачатковай школе, тым ярчэй і мацней будуць ззяць зоркі на Алімпе!

А што далей?

Згодна з планам інавацыйнай дзейнасці, заключным этапам праекта павінны стаць метадычныя рэкамендацыі па выкарыстанні асноўных яго вынікаў у масавай практыцы. Мы хочам падрыхтаваць серыю публікацый як у метадычных часопісах для настаўнікаў пачатковых класаў, так і ў псіхалагічных выданнях. Магчыма, з часам будуць надрукаваны вучэбныя дапаможнікі для навучэнцаў. А ўжо зараз выдадзены зборнік навукова-практычных артыкулаў удзельнікаў інавацыйнага праекта “Сістэма работы з высокаматываванымі малодшымі школьнікамі ў сучасных умовах”. Больш за 60 педагогаў шчодра дзеляцца сваім педагагічным вопытам, прычым гэтыя матэрыялы можна назваць дружалюбнымі: яны не толькі напісаны даступнай мовай (для сваіх!), але і нярэдка суправаджаюцца спасылкамі на відэададаткі, даступныя з дапамогай QR-кода.

Святлана ГІН,
навуковы кансультант інавацыйнага праекта.