Філіял “Грынпіс” у школе

- 12:28Выхаванне

Бяздомныя дамашнія жывёлы — праблема многіх буйных гарадоў. Б’юць трывогу санітарна-эпідэміялагічныя службы і папярэджваюць, што нельга дапускаць, каб жывёлы безнаглядна жылі і гінулі на вуліцах, станавіліся прычынай рызыкі для чалавека, што жывёлы-бадзягі — разносчыкі паразітаў, узбуджальнікі кішэчных інфекцый і шаленства. Вось чаму ў краіне штогод знішчаецца каля 70 тысяч жывёл. Марта Аляксандраўна Ганцоўская, настаўніца хіміі і педагог-арганізатар сярэдняй школы № 201 Мінска, і яе выхаванцы таксама за тое, каб на вуліцах было менш бяздомных жывёл. Але яны ўпэўнены, што прыходзіць да гэтага трэба не варварскім, а гуманным спосабам.

Кот — сябар чалавека

Марта з дзяцінства дапамагала жывёлам. Яна знаходзіла іх на вуліцах, часам пакалечаных, выходжвала. У яе партфелі заўсёды ляжалі ласункі для катоў. У сям’і М.А.Ганцоўскай, у сем’ях яе сваякоў жылі каты. У анкетах (памятаеце, якія яны былі папулярныя?), якія давалі запаўняць аднакласнікі, дзяўчынка пісала, што будзе працаваць абаронцай жывёл у арганізацыі “Грынпіс”. І, хоць яна стала настаўніцай, сваёй мары не здрадзіла. Не перашкодзіла і тое, што пакуль Марта Аляксандраўна жыве ў інтэрнаце, а там забаронена заводзіць жывёл. Яна дакладна ведае, што, як толькі купіць сваю кватэру, першым у яе зойдзе кот. А пакуль клапоціцца пра пяцярых вулічных катоў, часта гуляе з катамі, якія некалі таксама былі безнагляднікамі, а цяпер жывуць у яе мамы і бабулі. Больш за тое, разам са сваімі вучнямі яна адкрыла ў школе філіял “Грынпіс”.

Летась у жніўні настаўніца арганізавала валанцёрскі атрад “Надзея”, які клапоціцца пра ветэранаў і адзінокіх людзей, малазабяспечаных дзяцей з іх школы, выхаванцаў з дзіцячага дома № 5 Мінска. Трапілі ў гэты спіс і бяздомныя жывёлы.

“Для бяздомных жывёл у людзей застаецца зусім мала часу, а калі і знаходзяцца нераўнадушныя, то звычайна ў дачыненні да сабак, якіх прынята лічыць лепшымі сябрамі чалавека. Але і кот можа стаць лепшым сябрам”, — упэўнена Марта Аляксандраўна.

Каб дзеці пераканаліся ў гэтым, яна запрасіла да супрацоўніцтва валанцёраў грамадскага аб’яднання аховы жывёл “Эгіда”, якія прыехалі ў школу са сваімі жывёламі. Дзеці пазнаёміліся і падружыліся з валанцёрамі, даведаліся аб праблеме бяздомных жывёл, задумаліся над тым, як апошнім жывецца, асабліва калі на вуліцы дождж ці мароз. Даведаліся навучэнцы і пра тое, як валанцёры збіраюць бадзяжак па горадзе, даглядаюць іх, кормяць і падчас акцый “Дабру быць!” раздаюць у добрыя рукі.

Так школьнікі сталі збіраць корм для гадаванцаў “Эгіды”, пачалі праводзіць выставы сваіх дамашніх жывёл. Дзеці сталі заўважаць побач са сваімі дамамі бяздомных жывёл, і найчасцей у поле зроку траплялі каты — дый зносіны з сабакамі ў дварах могуць быць небяспечнымі для дзяцей.

Перапіс кацінага насельніцтва

“Спачатку было вырашана зрабіць улік жывёл, якія жывуць дома ў навучэнцаў школы і педагогаў. Мы правялі анкетаванне ўсёй школы, высветлілі колькасць жывёл, стаўленне апытаных да сваіх гадаванцаў і бяздомных. Аказалася, што ў навучэнцаў жывуць 353 каты, 24 — у педагогаў. Сабак у навучэнцаў і педагогаў 251 і 18 адпаведна. Значна менш папугаяў, чарапах, хамякоў, пацукоў, марскіх свінак, рыбак, трусоў, шыншыл, тушканчыкаў і іншых.

Акрамя гэтага, мы атрымалі цікавыя звесткі: сем’і 53 навучэнцаў і 4 педагогаў падабралі катоў на вуліцы, сем’і 35 навучэнцаў і 1 педагога ўзялі катоў у прытулку для жывёл. Гэта гаворыць пра тое, што людзі могуць ратаваць бяздомных жывёл, незалежна ад іх пароды і знешняга выгляду.

Мы спецыяльна пыталіся пра ўзрост рэспандэнтаў і высветлілі, што дзеці да 15-гадовага ўзросту на пытанне “Як вы адносіцеся да бяздомных жывёл?” у сваіх адказах заўсёды пісалі, што ім іх шкада, што хочацца па меры магчымасці ім дапамагаць. А ўжо 16—17-гадовыя падлеткі найчасцей пісалі: “Мне ўсё роўна”, “Абыякава”. Гэта гаворыць пра тое, што, калі чалавек сталее, становіцца раўнадушным да многіх праблем. Хаця мне асабіста гэта незразумела. Я ўсё жыццё памятаю, як у дзяцінстве сустрэла сабаку з абрэзанай пластыкавай бутэлькай на галаве (нехта вырашыў паздзекавацца з яго), але ён уцёк і не даўся яе зня ць. Я не магла месяц спаць, плакала, хадзіла з нажніцамі і шукала гэтага сабаку, каб зрэзаць бутэльку”.

Каб ацаніць сітуацыю ў дварах, валанцёры вырашылі правесці перапіс бяздомных катоў Кунцаўшчыны і іншых мікрараёнаў Фрунзенскага раёна сталіцы, у якіх пражываюць навучэнцы школы, і для гэтага сфатаграфаваць катоў, а таксама зрабіць ім пашпарты. На гэтую прапанову адгукнуліся школьнікі і нават іх бацькі: яны слалі фотаздымкі катоў, якіх бачаць каля сваіх дамоў, у сацсеткі, прыносілі флэшкі і фотаапараты ў школу. Усяго па выніках перапісу аказалася каля 40 вусатых безнагляднікаў.

Акрамя таго, валанцёры вырашылі рэкламаваць жывёл. На флаерах яны размяшчаюць фота з прыпіскай: “Калі вы дасце гэтаму кату прытулак, патэлефануйце нам, і мы будзем пастаўляць вам корм”. Такія флаеры дзеці пакідаюць каля пад’ездаў, раздаюць іх прахожым падчас акцый “Самы верны сябар”, а валанцёры “Эгіды” раздаюць педагогам-арганізатарам школ, з якімі праводзяць сумесныя мерапрыемствы ў рамках шостага школьнага дня.

“Мы хацелі б падключыць да праекта як мага больш гараджан з іншых раёнаў, наладзіць супрацоўніцтва з транспартнымі службамі, каб мець магчымасць знаходзіць гаспадароў бяздомным жывёлам, дэманструючы іх фота на экранах у трамваях, — дзеліцца планамі Марта Аляксандраўна. — Хацелася б праводзіць акцыі ў раёне і перадаваць коцікаў жадаючым. Толькі спачатку нам трэба прывесці ў парадак жывёл, калі ёсць праблемы са здароўем — вырашыць іх. Хаця гэтым павінны займацца спецыялісты, а не дзеці. Але для гэтага нам патрэбны сродкі. Вось чаму мы не проста ціха займаемся сваёй справай, а шукаем гранты для яе рэалізацыі”.

Валанцёрскі атрад “Надзея” за год паспеў стаць лепшым у раёне, а па выніках работы ў дабрачыннай сферы лідар атрада і аўтар праекта “Укараненне мадэлі дзейнасці валанцёрскага атрада ў выхаваўчую прастору школы” Марта Аляксандраўна стала фіналістам гарадскога конкурсу “Маладзёжны трыумф” у намінацыі “За высокія дасягненні ў валанцёрскай дзейнасці”. На днях гэты праект прайшоў раённы адбор конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, які арганізоўвае БРСМ, і хутка будзе прадстаўлены на гарадскім этапе.

Мы ў адказе і за тых, каго не прыручылі

Па розных прычынах не кожны валанцёр можа ўзяць ката дадому: камусьці бацькі не дазваляюць, у кагосьці ў сям’і алергія, хтосьці ўжо мае дома ката, часам і не аднаго. Таму валанцёры клапоцяцца аб жывёлах на вуліцы, нават будуюць ім цёплыя домікі. Але галоўная іх задача — накарміць. Каля дамоў, дзе жывуць каты, яны расстаўляюць кармушкі, якія потым папаўняюць. У групе валанцёрскага атрада “УКантакце” (у ёй ужо больш за 700 удзельнікаў) можна паглядзець, дзе размешчаны кармушкі. Як біёлаг Марта Аляксандраўна расказвае атрадаўцам, якія хваробы могуць пераносіць жывёлы, інструктуе, чым іх карміць, нагадвае, што, даючы сухі корм, абавязкова трэба ставіць ваду, папярэджвае, што гладзіць катоў можна толькі ў пальчатках, вучыць, як набліжацца да жывёл, як з імі кантактаваць.

Асабліва актыўна клапоцяцца пра жывёл на вуліцах раёна навучэнцы 7—8 класаў. Сярод старшакласнікаў школы толькі некалькі актыўных валанцёраў. Адзін з іх — дзесяцікласнік Канстанцін Ермаловіч.

“У мяне ў вёсцы — два каты і сабака, а да нядаўняга часу быў яшчэ і самы стары кот, якога я завёў яшчэ ў маленстве, — гаворыць Косця. — Гэта закон бумеранга. Я веру, што любое дабро чалавеку вяртаецца — не важна, ці ты смецце на вуліцы прыбраў, ці ты дапамог камусьці. Тым больш што калі мы падбіраем катоў, даём ім прытулак, мы атрымліваем узамен непараўнальна больш: у вас будзе добры настрой, кот стане вашым антыстрэсам, вы будзеце радавацца яго мурлыканню, прыйшоўшы дадому, адчуваць яго вернасць”.

У аднакласніка Канстанціна — Максіма Салаўя — у кватэры жыве сабака, таму завесці ката ён не адважваецца, але пастаянна клапоціцца пра дваровых катоў. “Мне радасна рабіць прыемнае іншым, у тым ліку жывёлам, — кажа Максім. — Я не магу глядзець спакойна, калі падбягаюць худыя каты, просяць есці. Я рэгулярна напаўняю іх кармушкі, а калі жывёлам холадна, то пускаю пагрэцца”. На маё пытанне “Чаму з узростам людзі перастаюць заўважаць бяздомных жывёл?” Максім, задумаўшыся, адказаў: “Значыць, нешта важнае было ўпушчана. Калі ты з дзяцінства палюбіў жывёл, з гадамі гэтая любоў не праходзіць. З любові немагчыма вырасці”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.