Філолаг-паліглот — не павеў моды, а патрабаванне часу

- 12:11Выбар прафесіі

Старэйшае пакаленне настаўнікаў памятае, як няпроста было раней трапіць на філалагічны факультэт: чатыры чалавекі на месца, а то і больш. Час змяніўся — іншымі сталі патрабаванні на рынку працы, а моладзь стала больш прагматычнай.
Каб філалогія не страціла прывабнасці, а выпускнікі філфакаў заставаліся запатрабаванымі, кіраўніцтву філалагічных факультэтаў прыходзіцца ўносіць змены ў вучэбны працэс і шукаць новыя падыходы да падрыхтоўкі будучых спецыялістаў. Так, напрыклад, на філалагічным факультэце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны з’явіўся напрамак “Камп’ютарнае забеспячэнне”, і цяпер запіс аб кваліфікацыі ў дыпломе выглядае так: “Філолаг. Выкладчык беларускай (ці рускай) мовы і літаратуры. Спецыяліст па камп’ютарнай філалогіі”.

— Вядома, гэта не праграміст, але атрыманыя камп’ютарныя навыкі дазваляюць больш шырока прымяняць свае веды ў галіне філалогіі, — сцвярджае дэкан філалагічнага факультэта ГДУ Уладзімір Андрэевіч Бобрык.
Яшчэ адзін напрамак, які ўжо даўно апраўдаў сваё існаванне, — літаратурна-рэдакцыйная дзейнасць. Сёння сотні выпускнікоў з такой кваліфікацыяй працуюць у газетах, часопісах, выдавецтвах, на тэлебачанні.

Гэй, славяне!

Не засталося па-за ўвагай і яшчэ адно патрабаванне часу. Валоданне замежнымі мовамі сёння пашырае межы дзейнасці, адкрывае перад чалавекам новыя гарызонты. Пагадзіцеся, калі выпускнік філфака будзе ведаць, напрыклад, польскую мову, то ён можа разглядаць сваю будучыню значна шырэй. Веданнем англійскай ці нямецкай мовы зараз ужо не здзівіць, да таго ж яно ўваходзіць у абавязковую ўніверсітэцкую праграму, а пры жаданні дасканала авалодаць раманскімі мовамі юнакі і дзяўчаты адразу выбіраюць факультэт замежных моў.
Што ж прапануецца філолагам? А тут магчымасцей шмат. Галоўнае, каб была зацікаўленасць. Па-першае, у праграме філфака гомельскага ўніверсітэта значыцца абавязковае вывучэнне на другім курсе дзвюх славянскіх моў — польскай (на беларускай і рускай філалогіі) і чэшскай (на рускай філалогіі). Праўда, на гэтую дысцыпліну адведзена ўсяго крыху больш за трыццаць гадзін. Тым не менш гэтага дастаткова, каб атрымаць базу, а разам з тым зразумець, ці ёсць у цябе жаданне авалодаць гэтай мовай на больш глыбокім узроўні. І зноў жа ў дапамогу родны факультэт! Курсы польскай мовы тут пачалі працаваць яшчэ на пачатку 2000-х гадоў. На філфаку адкрыты кабінет польскай мовы, дзе сабрана шмат нагляднага матэрыялу, а таксама падручнікаў і даведнікаў, энцыклапедый і слоўнікаў, мастацкай літаратуры. Нават устаноўлена спадарожнікавая антэна, што дазваляе слухаць жывую польскую гаворку. Такая арганізацыя курсаў стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву ўніверсітэта з Пасольствам Польшчы, якое і прадаставіла факультэту спецыяльную літаратуру, аўдыя- і відэадапаможнікі.
Два разы на тыдзень па тры гадзіны на працягу двух гадоў дастаткова, каб асвоіць польскую мову. Далей пры жаданні можна здаць экзамен і атрымаць адпаведны сертыфікат. Жадаючых наведваць курсы, па словах Уладзіміра Андрэевіча, хапае. Прычым ніякіх абмежаванняў няма: курсы могуць наведваць студэнты як філфака, так і іншых факультэтаў, і нават гараджане, якія хочуць авалодаць польскай мовай. Адметна, што курсы бясплатныя. Зрэшты, для філолагаў ёсць дадатковы бонус: штогод лепшыя слухачы з ліку студэнтаў філфака разам са сваім выкладчыкам, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам Рыгорам Уладзіміравічам Серыкавам адпраўляюцца на стажыроўку ў Польшчу, каб замацаваць веданне мовы, а таксама пазнаёміцца з культурай гэтай краіны. Расходы па стажыроўцы бярэ на сябе польскі бок. Для адказных і старанных юнакоў і дзяўчат гэта вельмі прывабная магчымасць.

Філолаг з веданнем іўрыту

Так-так, іўрыт на філфаку гомельскага ўніверсітэта! Ініцыятарам гэтых, здавалася б, незвычайных курсаў выступіла Пасольства Ізраіля.
У хуткім часе пасля таго, як на факультэце адкрыўся кабінет польскай мовы, універсітэт наведалі прадстаўнікі Пасольства Ізраіля і прапанавалі ў рамках супрацоўніцтва ў адукацыйнай і культурнай сферах адкрыць пры філфаку Цэнтр ізраільскай культуры і вывучэння мовы іўрыт. Было нямала скептыкаў, маўляў, якія перспектывы адкрыюцца пры гэтым для нашых філолагаў? Але ж, калі зазірнуць у гісторыю, то ідэя цалкам апраўдана. Пасля далучэння Гомеля да Расійскай імперыі горад паступова станавіўся адным з цэнтраў рассялення яўрэйскага насельніцтва, і ў канцы ХІХ стагоддзя больш як палову насельніцтва горада складалі менавіта яўрэі. З цягам часу лічба памяншалася, а на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя наогул адбылася масавая эміграцыя яўрэйскага насельніцтва. Тым не менш яўрэйскі народ пакінуў цікавую культурную спадчыну, яго прадстаўнікі ўнеслі значны ўклад у развіццё розных сфер дзейнасці. Таму нядзіўна, што вывучэнне іўрыту аказалася запатрабаваным як у студэнтаў, так і ў гараджан. Зноў жа, курсы праходзяць на бясплатнай аснове.
— У гэтым годзе прадстаўнікі ізраільскага пасольства ў чарговы раз наведалі наш універсітэт, — расказвае У.А. Бобрык. — Яны прысутнічалі на занятках і засталіся вельмі задаволены вынікамі.
Што да перспектыў, то веды ў той ці іншай сферы дзейнасці заўсёды даюць пэўныя магчымасці, а вось як іх выкарыстаць, залежыць ад нашага бачання і асабістых намаганняў.

Загадкавая і прывабная мова Паднябеснай

Сёння даволі дынамічна развіваецца супрацоўніцтва нашай краіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Прычым яно закранае розныя сферы дзейнасці: эканамічныя, адукацыйныя, культурныя, і перспектывы далейшага развіцця не падлягаюць сумненню, як не падлягаюць сумненню і перспектывы тых, хто валодае загадкавай і незвычайнай для нас кітайскай мовай. Невыпадкова зацікаўленасць у вывучэнні беларусамі гэтай мовы разглядаецца ў Кітаі на дзяржаўным узроўні. Гэтым пытаннем непасрэдна займаецца Дзяржаўная канцылярыя КНР, у абавязкі якой уваходзіць распаўсюджанне кітайскай мовы ў краінах, з якімі Паднябесная мае цеснае ўзаемадзеянне.
— Усё пачалося ў 2005 годзе, калі наш універсітэт святкаваў юбілей, — расказвае прафесар загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэта ГДУ імя Ф.Скарыны Уладзімір Іванавіч Коваль. — Да нас завітаў тагачасны саветнік Пасольства КНР па пытаннях адукацыі спадар Бэй Вэньлі. Доўга размаўлялі, разглядалі перспектывы супрацоўніцтва. Так і нарадзілася ідэя адкрыцця ў адной з аўдыторый філфака кабінета кітаязнаўства.
Надоўга рашэнне не адкладвалі. На наступны год кабінет працаваў, і першыя слухачы факультатыўных заняткаў пад кіраўніцтвам кітайскіх выкладчыкаў спрабавалі асвоіць дзіўную мову. Суразмоўцы з гордасцю расказваюць пра сваіх студэнтаў, якія дасягнулі поспеху ў гэтай няпростай справе. Сярод іх і Аліна Генадзьеўна Шукайлава. Зараз яна выкладае кітайскую мову на факультатыўных занятках у гомельскай гімназіі № 10.
— Зразумела, вывучыць кітайскую мову складаней, чым, напрыклад, англійскую ці французскую, магчыма, не кожнаму яна даецца, — разважае Уладзімір Іванавіч. — Але ж мы ўжо маем добрыя вынікі. Сёння нашы выпускнікі, якія скончылі курсы кітайскай мовы, самі выкладаюць яе на курсах і факультатыўных занятках ва ўстановах адукацыі.
Зараз факультатыўныя заняткі па асновах кітаязнаўства на філфаку праводзіць выпускніца Харбінскага педагагічнага ўніверсітэта Ао Чжэнчжун. Больш за паўсотню маладых людзей з задавальненнем наведваюць заняткі. Трэба адзначыць, што найбольш здольныя слухачы праходзяць тэсціраванне ў Рэспубліканскім інстытуце кітаязнаўства імя Канфуцыя (РІКК) БДУ і маюць магчымасць атрымаць сертыфікат.
Як бачым, справа наладжана сур’ёзна. Больш за тое, у планах супрацоўніцтва Пасольства КНР і Гомельскага дзяржуніверсітэта вывесці вывучэнне кітайскай мовы на новы ўзровень.
Па-першае, плануецца ў хуткім часе ўвесці кітайскую мову як адну з дысцыплін спецыялізацыі для тых, хто вывучае рускую філалогію. Прафесар У.І.Коваль лічыць, што гэта добрая задума. Калі наведванне факультатыву, па сутнасці, не нясе ніякіх абавязкаў, то ўвядзенне кітаязнаўства ў лік планавых дысцыплін патрабуе папрацаваць як мінімум на здачу заліку.
Па-другое, на пачатку наступнага навучальнага года на філалагічным факультэце плануецца адкрыццё кабінета Канфуцыя як структурнага падраздзялення РІКК БДУ. Такое рашэнне было прынята Дзяржаўнай канцылярыяй КНР і агучана на Еўрапейскім форуме інстытутаў Канфуцыя, які прайшоў у верасні мінулага года ў Мінску. Сёння работа па яго адкрыцці ідзе поўным ходам: праведзены рамонт памяшкання, кітайскі бок дастаўляе неабходную літаратуру і іншыя матэрыялы. Цяпер чакаюць партыю камп’ютараў і камплектуючыя. У час летніх канікул спецыялісты ўстановяць камп’ютары, літаратура і дапаможныя матэрыялы зоймуць сваё месца — і кабінет адчыніць дзверы для студэнтаў і тых, хто цікавіцца культурай Паднябеснай.
— Адкрыццё кабінета Канфуцыя ў нашым універсітэце мы ўспрымаем як прызнанне кітайскім бокам і нашымі сталічнымі калегамі заслуг ГДУ ў справе вывучэння і папулярызацыі кітайскай мовы, — адзначае дэкан філалагічнага факультэта У.А.Бобрык.
У.І.Коваль ужо разглядае і аналізуе перспектывы, якія могуць з’явіцца з адкрыццём кабінета.
— Хацелася б пайсці далей, не замыкацца ў сваёй установе, а прыцягваць да справы іншыя навучальныя ўстановы рознага ўзроўню, у тым ліку і тыя, што размешчаны на перыферыі, у найбольш буйных гарадах Гомельшчыны, — дзеліцца планамі прафесар.
Так сёння жыве філфак Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Вывучэнне замежных моў стала адным з прыярытэтаў і накіравана ў першую чаргу на перспектыву для выпускнікоў. Можа, і маюць рацыю тыя, хто гаворыць, што філфак страціў былую папулярнасць, але ж і сёння сюды прыходзяць таленавітыя зацікаўленыя выпускнікі школ, ліцэяў і гімназій. Сярод нядаўніх выпускнікоў-філолагаў нямала кіраўнікоў устаноў адукацыі і рэдакцый, добрых журналістаў, перакладчыкаў, членаў Саюза пісьменнікаў, якія выпусцілі ў свет не адзін зборнік апавяданняў і вершаў, і, зразумела, таленавітых і адданых сваёй справе настаўнікаў. Вядомая простая ісціна: усе работы добрыя. А вось наколькі добрыя — залежыць ад асабістых намаганняў чалавека.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.