Фіналістамі рэспубліканскага фестывалю «Педагагічны дэбют» ад Гомельшчыны сталі 10 педагогаў

- 16:24Образование

Фіналістамі рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют” ад Гомельшчыны сталі 10 педагогаў. Першапачаткова ў конкурсе ўдзельнічалі 54 маладыя прадстаўнікі сістэмы адукацыі ва ўзросце да 31 года са стажам работы не больш за 5 гадоў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Настаўнікі прадстаўлялі эсэ, распрацоўкі педсаветаў, урокаў, дэманстравалі майстэрства публічнага выступлення.

Дыплом І ступені ў намінацыі “Малады настаўнік” заваяваў Арцём Ядлоўскі, настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава. На другой прыступцы Вольга Кар­тэль, настаўніца англійскай мовы гомельскай гімназіі № 36 імя Івана Мележа. 3-е месца ў Віктара Гарбачука, настаўніка рускай мовы і літаратуры мазырскай сярэдняй школы № 9.

У намінацыі “Малады выхавальнік да­школьнай адукацыі” 1-е месца ў Домны Кібіткінай, выхавальніцы мазырскага спецыяльнага дзіцячага сада № 30. Дыплом II ступені заваяваў Дзяніс Максіменка, выхавальнік нараўлянскага санаторнага дзіцячага сада № 3. А 3-е месца прысуджана Кацярыне Бараш, выхавальніцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Калінкавіч.

Дырэктар Хракавіцкай сярэдняй школы Брагінскага раёна Андрэй Смалянчук стаў лідарам у намінацыі “Малады дырэктар установы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі”. 2-е месца ў Алега Скібіцкага, дырэктара Матневіцкай базавай школы Чачэрскага раёна. На трэцяй прыступцы Таццяна Папроцкая, дырэктар Мялешкавіцкай сярэдняй школы Мазырскага раёна.

У намінацыі “Малады загадчык установы, якая рэалізуе адукацыйную праграму дашкольнай адукацыі” прысуджаны толькі дыплом ІІІ ступені. Яго ўладальніцай стала Лілія Грышчанка, загадчыца Літвінавіцкага дзіцячага сада Кармянскага раёна.

 Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара