Фіналісты вызначаны

- 10:30Адукацыйная прастора

Настаўніца іспанскай мовы гімназіі № 2 Ваўкавыска Юлія Касталомава стала пераможцай абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.

Больш за дзве з паловай тысячы чалавек з 536 устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці прынялі ўдзел у адборачных мерапрыемствах конкурсу, 600 настаўнікаў і выхавальнікаў — у раённых турах. У фінал абласнога этапу выйшлі 24 педагогі з Гродна, Дзятлава, Слоніма, Ваўкавыска, Шчучына, Ліды, Зэльвы, Смаргоні, Мастоў, Карэліцкага, Ашмянскага і Воранаўскага раёнаў. Арганізатарамі конкурсу выступілі ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі і Гродзенскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а само мерапрыемства адбылося ў Гродзенскай гарадской гімназіі.

У першы дзень фіналу ўсе ўдзельнікі прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, а потым у васьмі намінацыях прадставілі сваю педагагічную дзейнасць, методыкі правядзення заняткаў, расказалі аб дасягненнях сваіх вучняў. Восем удзельнікаў выйшлі ў фінальны этап, дзе правялі міні-ўрок і выступілі на тэму “Настаўнік учора, сёння, заўтра”.

Юлія Касталомава ўрок у незнаёмым класе правяла з вучнямі гімназіі № 1 Ліды.

— І гэта быў адзін з самых запамінальных урокаў у маім жыцці, — расказвае Юлія Уладзіміраўна. — На працягу двух месяцаў старанна працавала разам з камандай гімназіі, таму што кожнае мерапрыемства патрабавала максімальнай аддачы. Так было і напярэдадні апошняга конкурснага дня, калі разам рыхтаваліся да міні-ўрока, тэму якога даведаліся напярэдадні вечарам.

А тэмай міні-ўрока пераможцы стала “Толькі ажыццяўляючы свае лепшыя мары, чалавецтва рухаецца наперад”. Данесці тэму да аўдыторыі, якая не ведала іспанскай мовы і складалася з калег-настаўнікаў, дапамаглі карціны знакамітага Сальвадора Далі і майстэрства настаўніцы.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 39 Гродна Сяргей Паграбнёў на сваіх уроках прапануе дзецям нестандартныя гульні. У фінале абласнога этапу конкурсу ён прадэманстраваў трэніроўку дыхальнай сістэмы, калі вучань толькі з дапамогай патоку паветра можа ўтрымаць поліэтыленавы пакет. Разам з гэтымі настаўнікамі Гродзеншчыну ў фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства будуць прадстаўляць дыпламантка ІІ ступені абласнога этапу настаўніца гісторыі гімназіі № 1 Ашмян Ларыса Ларыёнава; дыпламантка ІІІ ступені настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 2 Слоніма Юлія Марчук; Вольга Роўгач, настаўніца матэматыкі гімназіі № 1 Слоніма; Наталля Ступчык, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 Зэльвы; Людміла Заяц, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Ваўкавыска, і выхавальнік ДЦРД № 89 Гродна Алеся Кніга.

За час існавання конкурсу “Настаўнік года” прадстаўнікі Гродзенскай вобласці тройчы станавіліся пераможцамі. Працягнуць гэтую традыцыю пажадаў пераможцам абласнога этапу начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін. Старшыня Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка дадала: “Мы, члены журы, атрымалі шчырае задавальненне ад майстэрства, прафесіяналізму, пераканальнасці, якія прадэманстравалі канкурсанты. Кожны з вас вяртаецца ў свой педагагічны калектыў пераможцам”.

Прагучалі віншаванні педагогам у гэты дзень і ад калектыву “Настаўніцкай газеты”. Намеснік галоўнага рэдактара выдання Уладзімір Фалалееў уручыў падарункі ўдзельнікам конкурсу, якія найбольш актыўна супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, а галоўны прыз у намінацыі “Медыяперсона” атрымаў Сяргей Сяргеевіч Паграбнёў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Уладзіміра ФАЛАЛЕЕВА.