Як пераўтварыць звычайны будынак у кветкавы аазіс, ведаюць у Беражноўскай сярэдняй школе Столінскага раёна. Тут дзейнічае школьная бізнес-кампанія “Кветкавы рай” па вырошчванні і продажы хатніх кветак. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кветкавы школьны бізнес узяла ў свае рукі Наталля Аляксееўна Сметанюк, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца рускай мовы і літаратуры. Бізнес-кампанію яна стварыла яшчэ шэсць гадоў назад, і з таго часу яе кветкавае багацце толькі павялічваецца.
— Любоў да кветак жыве ўва мне, колькі сябе памятаю. Свой дом я не ўяўляю без кветак, а калі 29 гадоў назад пачала працаваць настаўніцай, то і школу. Першы год, калі нам прапанавалі стварыць бізнес-кампанію, мы вязалі бярозавыя венікі. Але яны не карысталіся вялікім попытам. Многія пыталіся ў нас якраз пра кветкі, таму мы кінулі ідэю з венікамі і працягнулі сваю кветкавую справу — з асалодай і ўжо з фінансавай карысцю, — гаворыць Наталля Сметанюк.
Фікусы, герані, аглаанемы, спацыфілумы і іншае — выбар для ўпрыгожвання падаконнікаў у пакупнікоў шырокі. Але галоўны тавар тут фіялкі. Іх ужо каля сотні гатункаў. Яны ўражваюць разнастайнасцю не толькі кветак, але і лісця. Яно не толькі зялёнае, але і мае белы, ружовы, фіялетавы малюнак… Як толькі ў фіялкаводаў Беларусі з’яўляюцца новыя гатункі, неўзабаве яны апынаюцца ў гэтай школе, а хутка — і ў калекцыі і прайсе.
Патанае школа ў кветках і знадворку. На ўчастку кветкавыя кампазіцыі, міксбордары і клумбы аформлены з густам. Нездарма на працягу апошніх гадоў пятнаццаці школа штогод займае 1-я месцы ў раёне ў конкурсах “Прыгажэйшай стане Брэстчына мая”, “Упрыгожым Беларусь кветкамі”, “Зялёны дом” і прызавыя — на абласных этапах.
— Вырошчваць на расаду садовыя расліны, на жаль, мы не можам у вялікай колькасці: у нас няма цяпліцы, каб можна было пасеяць насенне ў студзені — лютым. Таму мы іх вырошчваем толькі для сваіх патрэб, а для школьнага бізнесу выбралі іншы кірунак — хатнія кветкі, — тлумачыць кіраўнік бізнес-кампаніі.
Фіялкі і іншыя расліны карыстаюцца вялікім попытам, асабліва ў педагогаў. На базе школы часам праводзяцца раённыя мерапрыемствы для педагогаў і да іх прымяркоўваюцца выставы-кірмашы.
— Наша задача — не столькі зарабіць грошы, колькі даць дзецям практычныя навыкі: навучыць іх даглядаць кветкі, вырошчваць, перасаджваць, укараняць іх. Гэта ў большай ступені прафарыентацыйны кірунак. Толькі на першы погляд здаецца, што ўкараніць фіялку проста. Мы выкарыстоўваем толькі правераныя спосабы, і ёсць нават думка напісаць даследчую работу па размнажэнні фіялак у неспрыяльных умовах — пры недахопе святла і цяпла ў халодную пару года, — дзеціцца Наталля Сметанюк.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва школы