Фізіка — самы просты школьны прадмет, упэўнена настаўніца Гарадзішчанскай сярэдняй школы імя М.А.Скіпара Баранавіцкага раёна Наталля Сталярчук. Дзякуючы гульням і відовішчным доследам на ўроках, у гэтым яна пераконвае і сваіх вучняў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Не вучыць, а натхняць вучыцца
Сёлета споўніцца 25 гадоў, як Наталля Сталярчук працуе настаўніцай фізікі, прычым амаль увесь гэты час — у Гарадзішчанскай сярэдняй школе. Акрамя фізікі, яна выкладае і матэматыку. Бягучы навучальны год для Наталлі Аляксандраўны першы ў статусе выпускніцы праекта “Настаўнік для Беларусі”. Гэта надало новы стыль яе выкладанню.
— Да ўдзелу ў праграме я ўжо мела грунтоўны багаж ведаў, але часцей прытрымлівалася класічных метадаў: падручнік, задачы, тлумачэнні. Мне ж хацелася палепшыць якасць сваіх урокаў і знайсці новыя падыходы, якія зрабілі б фізіку больш даступнай для вучняў. Пасля праекта “Настаўнік для Беларусі” я ссунула акцэнт з працэсу навучання на самога вучня, — дзеліцца Н.А.Сталярчук.
Адным з найважнейшых крокаў настаўніцы ў рамках праграмы стала асваенне гульнявых форм навучання. Сёння гэта неад’емная частка любога яе ўрока. Педагог расказвае:
— Я ведала, што гульня — гэта здорава, але раней яе прымяняла толькі ў выхаваўчай рабоце. Фізіка мне здавалася надта сур’ёзнай навукай, каб вывучаць яе праз гульню. Аказалася, што якраз такая форма работы вельмі эфектыўная. Я пачала ўключаць элементы гейміфікацыі ў свае ўрокі і ўбачыла, што так дзеці лепш запамінаюць матэрыял. Гульні зрабілі ўрокі больш жывымі, вучням стала цікавей вывучаць фізіку. Праграма дала мне разуменне, што важна не толькі вучыць, але і натхняць на вывучэнне.
Настаўніца не размяжоўвае гульні для 7 і 11 класа. Нават са старшакласнікамі яна знайшла прымяненне “Цуда-дыванку”, гульням “Крыжыкі-нулікі”, “Дзе логіка?”, “Фізічнае лато” і інш. Рашэнне задач па фізіцы і краязнаўства яна спалучае ў гульні “Падарожжа па вуліцах Гарадзішча”.
— У розных класах мяняецца толькі фармат. Калі ў 7 класе можна папрацаваць у парах, то ў 11 класе вучням хочацца больш спаборніцкіх момантаў, каманднай работы. Незалежна ад узросту, трэба не скупіцца на балы за правільныя адказы, што стварае атмасферу саперніцтва і радасці ад перамогі, — гаворыць Н.А.Сталярчук.
Замест слоўнага тлумачэння фізічных законаў Наталля Аляксандраўна арганізоўвае для вучняў розныя эксперыменты і квізы. Гэта дае вучням магчымасць не проста слухаць і назіраць, але і актыўна ўдзельнічаць у іх, рабіць высновы і бачыць вынікі эксперыментаў на свае вочы. Часам самі дзеці выступаюць у ролі настаўніка: пэўныя тэмы яны тлумачаць тым аднакласнікам, якія гэтага не разумеюць.
Не бойцеся памылак
Каб лёгка навучыць складанаму, у настаўніцы ёсць свае прыёмы. Так, яна навучыла дзяцей шпаргалкі… маляваць. Па яе словах, калі прыдумваеш, як візуалізаваць правіла, ты яго лепш запамінаеш. Сабраць усю тэорыю ў наглядны фармат педагогу дапамагаюць кластары (імі выпускнікі карыстаюцца цяпер на занятках па фізіцы ў каледжах і УВА).
— Наша любімая форма праверкі тэарэтычнага матэрыялу — “Адгадайка”. На любую тэму я рыхтую дзесяць пытанняў, адказы на якія дзеці павінны даць адным словам. Напрыклад, як абазначаецца хуткасць ці формулы для вылічэння шчыльнасці? Калі я тлумачу новую тэму, адразу пазначаю, што будзе ў гульні “Адгадайка”. Значыць, гэта тое, што дзецям трэба запомніць. Так аб’ёмны тэарэтычны матэрыял атрымлівае тэзісную форму, што лёгка ўкладваецца ў памяці дзяцей, — дзеліцца Наталля Аляксандраўна.
У настаўніцы ёсць некалькі правіл, ад якіх яна не адступае. Напрыклад, яна робіць упор не на моцнага вучня, а на сярэдняга. Пры гэтым кожны ў класе дакладна ведае, як зарабіць вышэйшую адзнаку. Яшчэ Н.А.Сталярчук ніколі не павышае на дзяцей голас. Педагог тлумачыць:
— Крычаць на дзіця — апошняя справа. Ды і навошта? Бо яно зрабіла памылку? Дык памыляцца — гэта нармальна. Я дзецям кажу: “Гаварыце, не маўчыце, не бойцеся агучваць свой варыянт, нават калі ў ім не ўпэўнены! Так вы хутчэй навучыцеся”.
Заходзьце! У нас адчынена!
У рамках праграмы Наталля Аляксандраўна рэалізавала праект “Дзень адчыненых дзвярэй кабінета фізікі”, у межах якога паказвае малодшым школьнікам, як можна вывучаць фізіку праз жывыя эксперыменты і інтэрактыўныя мадэлі.
— Падручнікамі цяпер менш карыстаюся (часцей імі карыстаюцца дзеці дома). На ўроках жа робім упор на эксперыменты, а па аўторках займаемся гэтым з усімі жадаючымі і перад урокамі. Прыходзяць на такія дні адкрытых дзвярэй усе жадаючыя з малодшых класаў, каб пазнаёміцца з фізікай. У мяне ёсць памочнікі сярод дзесяцікласнікаў. З імі мы прыдумваем эксперыменты, доследы і праводзім іх для малодшых школьнікаў у кабінеце фізікі. Напрыклад, робім 3D-мадэлі на смартфонах. Нядаўна з першакласнікамі выклікалі маланку з дапамогай электрафорнай машыны. Дзеці адчулі сябе сапраўднымі чараўнікамі. У канцы сустрэчы праводзім невялікую віктарыну з прызамі для самых уважлівых, — расказвае настаўніца.
Уласныя праекты
Новы, больш высокі ўзровень валодання фізікай надае дзецям упэўненасці, і таму яны смела ствараюць уласныя праекты. Для многіх яны становяцца “білетам” на навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Пачынаючы з 2021 года вучні Наталлі Аляксандраўны засвойваюць там праграмы па фізіцы.
— Першая наша паездка ў тэхнапарк адбылася ў 2021 годзе, калі ён толькі адкрыўся. Ад Брэсцкай вобласці ўсяго шэсць навучэнцаў падалі тады заяўкі на адбор. Наш Аляксандр Крывой (сёння ён студэнт, будучы энергетык) прайшоў навучанне па робататэхніцы і вярнуўся іншым чалавекам. У яго гарэлі вочы! Ён быў у захапленні ад лабараторый, абсталявання, умоў, якія створаны там для навучання. Пасля гэтага я мэтанакіравана пачала рыхтаваць з дзецьмі праекты, каб яны таксама ўбачылі іншы фармат навучання, каб змаглі папрацаваць з шыкоўным абсталяваннем, каб ацанілі перспектывы прафесій тэхнічнага кірунку, — гаворыць Н.А.Сталярчук.
Педагог не раз даказала, што для ўдалага праекта не трэба адмысловых умоў. Тут больш важны правільны выбар тэмы. Напрыклад, з дзецьмі яны разглядалі розныя віды тэрмометраў і вывучалі, якія ўмовы ўплываюць на хібнасць вымярэнняў. Нядаўна журы высока ацаніла работу Марыны Віннік па вывучэнні каэфіцыента трэння: з настаўніцай дзяўчына прыдумала свае доследы, якія дапамаглі праверыць тэорыю ўплыву тэмпературы паверхні, вагі прадметаў і іншых нюансаў на каэфіцыент трэння.
Дарэчы, якраз гэтымі днямі Марына працягвае свае даследаванні ў тэхнапарку, змяніўшы аднакласніцу Кацярыну Стрыжнёву, якая ў лютым праходзіла там навучанне па кірунку “Энергетыка і сувязь”.
Часам эксперыменты, якія становяцца асновай даследчых праектаў, прапаноўваюцца ў звычайных лабараторных работах, прадугледжаных праграмай, толькі мая суразмоўніца са сваімі вучнямі іх пашырае. Гэтая здольнасць у простым знаходзіць цікавае і называецца даследчымі схільнасцямі. А часам спектр тэм праектаў выходзіць за межы фізікі. Напрыклад, Настасся Масло хацела трапіць на навучанне ў секцыі “Зялёная хімія” і таму разам з педагогам выконвала праект па біялогіі. У сваёй рабоце яна вывучала ўплыў розных забруджванняў на папуляцыю пчол. Тата з мамай і дзядуля Настассі — пчаляры. Дзяўчынка з дзяцінства ім дапамагае, таму гэтая тэма ёй цікавая і блізкая.
Для многіх вучняў Наталлі Сталярчук праектная дзейнасць становіцца спосабам яшчэ ў школе прымераць на сябе будучую прафесію, выбраць яе свядома. Сярод яе выпускнікоў шмат тых, хто звязаў жыццё з фізікай. Гэта інжынеры, праграмісты, энергетыкі, прыборабудаўнікі і інш.
Некаторыя вучні, як і Наталля Аляксандраўна, выбралі для сябе прафесію настаўніцы фізікі і матэматыкі. Так, у Пачапаўскай школе фізіку і матэматыку выкладае Вольга Борыс, Наталля Садоўская працуе настаўніцай фізікі і матэматыкі ў Мінскім раёне (нядаўна, паспяхова выступіла ў конкурсе “Настаўнік года”), Вераніка Лопух працуе ў мінскай школе, у Кобрыне настаўнічае Вольга Хілевіч. Дарэчы, сама Наталля Аляксандраўна вядзе ўрокі яшчэ і ў Сталовіцкай сярэдняй школе Баранавіцкага раёна. Там яна бачыць сваю будучую калегу ў дзесяцікласніцы Паліне Шабан, хаця першапачаткова дзяўчына планавала паступаць на філфак. Значыць, кагорта тых, хто любіць фізіку і ўмее заразіць ёй сваіх вучняў, будзе пашырацца.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА