Фізкультура з камп’ютарам

- 11:41Выхаванне

Яшчэ студэнтам Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры Віталь Храмаў адзначыў для сябе, што навучанне спартыўным рухам і прыёмам праз моўную перадачу рэкамендацый выкладчыка, трэнера не такое эфектыўнае, як візуалізацыя гэтага дзеяння. Праз шмат гадоў ужо выкладчык факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат педагагічных навук В.У.Храмаў прыйшоў да высновы, што магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій дазволяць значна павысіць якасць выкладання фізічнай культуры, і пачаў ствараць электронныя сродкі навучання, якія становяцца адным са складнікаў тэхналогіі выкладання фізічнай культуры.

— Адным з недахопаў урока фізічнай культуры і здароўя з’яўляецца зніжэнне аб’ёму фізічнай нагрузкі з прычыны таго, што значная колькасць вучэбнага часу затрачваецца на заслухоўванне новай інфармацыі, выкананне практыкаванняў з нізкай нагрузкай, — гаворыць Віталь Уладзіміравіч. — Інтэнсіфікаваць гэты працэс, зрабіць яго больш эфектыўным, цікавым і даступным для навучэнца можна з дапамогай камп’ютара, калі на мультымедыйным экране можна бачыць рухі і паўтараць іх. Ідуць заняткі з кожным вучнем, у той час калі пры звычайнай арганізацыі ўрока педагог не заўсёды мае магчымасць індывідуальна працаваць з кожным. А тут быццам з’яўляецца асабісты электронны настаўнік.

Першым вопытам стала распрацоўка электроннага вучэбна-метадычнага дапаможніка (ЭВМД) “Урокі фізічнай культуры і здароўя. Баскетбол” для 5—11 класаў. Экс-перымент пачаўся у 2010/2011 навучальным годзе ў шасці навучальных установах Гродзенскай вобласці. Мэтай яго было не толькі выявіць зручнасць карыстання камп’ютарнай праграмай на ўроку, але і атрымаць ацэнкі настаўнікаў па ўзроўні камфортнасці, выяўлення праблем, якасці відэанагляднасці.

— Ацэнка ўзроўню гатоўнасці настаўнікаў фізічнай культуры выкладаць баскетбол з дапамогай ІТ выконвалася намі ў адпаведнасці з праграмай рэспубліканскага педагагічнага эксперымента і была падтрымана тагачасным міністрам адукацыі А.М.Радзьковым, — расказвае В.У.Храмаў. — У нашым даследаванні мы вывучалі тры групы найбольш важных, на нашу думку, відаў спецыяльных прафесійных кампетэнцый. Першая звязана з тэарэтычнай падрыхтаванасцю спецыялістаў, другая — з іх здольнасцю ажыццяўляць якасны паказ тэхнікі баскетбола, трэцяя — характарыстыка вучэбна-метадычных уменняў і навыкаў педагагічнай дзейнасці.

Пры гэтым новаўвядзенні вывучалася таксама стаўленне школьнікаў, іх бацькоў, настаўнікаў фізічнай культуры і адміністрацыі школ да выкарыстання электронных дыдактычных сродкаў на ўроках фізічнай культуры. Анкетаванне, напрыклад, паказала, што баскетбол рэгулярна прымяняюць пры вывучэнні спартыўных гульняў 60% настаўнікаў і не прымяняюць 8%, што баскетбол як від спорту цікавы хлопчыкам, а для дзяўчынак больш прывабны валейбол. 83% рэспандэнтаў выказаліся, што камп’ютарная нагляднасць зрабіла вучэбны матэрыял больш зразумелым, 81% — урокі сталі больш цікавымі, 76% — відэазапіс прыцягвае ўвагу, у 72% з’явілася жаданне навучыцца тэхніцы баскетбола і ў 71% — цікавасць да баскетбола.

Сёння створаны электронныя сродкі навучання “Баскетбол”, “Валейбол”, “Футбол”, “Лёгкая атлетыка”, “Аэробіка”, “Атлетычная гімнастыка” і “Спартыўна-аздараўленчы турызм”. Удзел у гэтай рабоце прынялі выкладчыкі і студэнты кафедры спартыўных дысцыплін, а яе загадчык В.У.Храмаў абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Інавацыйныя тэхналогіі навучання рухальным дзеянням у сістэме фізкультурнай адукацыі (на прыкладзе Рэспублікі Беларусь)”.

— Укараненне ў адукацыйны працэс новага спосабу забеспячэння нагляднасці, заснаванага на мультымедыйнай тэхналогіі, уплывае на рэалізацыю методыкі выкладання фізічнай культуры. Аблягчаецца ўспрыманне школьнікамі інфармацыі, што дазваляе вырашаць дыдактычныя задачы на больш высокім узроўні, — гаворыць Віталь Уладзіміравіч. — Сёння ў Беларусі каля 450 карыстальнікаў ЭВМД па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. Кошт аднаго дапаможніка па відзе спорту складае 25 рублёў, праграмнае забеспячэнне можна ўстанавіць на тры камп’ютары.

Да пераваг правядзення заняткаў з выкарыстаннем электроннага дапаможніка ў адрозненне ад традыцыйнага можна аднесці і тое, што камп’ютарная анімацыя дазваляе ў дэталях вывучыць тэхніку рухальных дзеянняў пры групавой арганізацыі заняткаў, канспект заняткаў можна скапіраваць на іншы камп’ютар, сеткавая версія дазваляе абмеркаваць з іншымі карыстальнікамі змест кожнага інфармацыйнага кадра.

Асноўны кірунак навуковых даследаванняў доктара педагагічных навук В.У.Храмава — навуковыя і метадычныя асновы інфарматызацыі фізкультурнай адукацыі. Ён апублікаваў больш за 120 навуковых і 10 вучэбна-метадычных работ. Пад кіраўніцтвам В.У.Храмава падрыхтавана 16 магістраў педагагічных навук па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўкі, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры”.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя школы № 39 Гродна Ганна Рыбачок практыкуе прымяненне электронных сродкаў навучання. А як аспірант факультэта фізічнай культуры ГрДУ Г.П.Рыбачок працуе над навуковым даследаваннем “Навукова-метадычныя падыходы да навучання школьнікаў лёгкай атлетыцы з прымяненнем электронных дыдактычных сродкаў”.

— Дзецям вельмі падабаецца, калі на ўроку настаўнік выкарыстоўвае праектар для дэманстрацыі рухаў, прыёмаў, — расказвае Ганна Пятроўна. — Па-першае, для сучасных дзяцей выкарыстанне тэхнікі і такой нагляднасці вельмі зразумелае і цікавае. Па-другое, настаўнік не можа быць універсальным па ўсіх відах спорту. Я, напрыклад, не валодаю спецыяльнай футбольнай тэхнікай, а з дапамогай ЭВМД магу дзяцей гэтаму навучыць. А галоўная мэта маёй навуковай работы — распрацоўка метадычных рэкамендацый настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, каб яны маглі без праблем выкарыстоўваць іх.

Што ж тады перашкаджае больш шырокаму выкарыстанню такой методыкі ў школах?

— Гатоўнасць і магчымасць настаўнікаў прымяняць камп’ютарную тэхніку і праграмнае забеспячэнне, а таксама наяўнасць тэхнічнай інфраструктуры ў навучальнай -установе, — гаворыць В.Храмаў. А Ганна Пятроўна дадае, што галоўным з’яўляецца жаданне педагога працаваць па-новаму, а для гэтага трэба не толькі дзяцей вучыць па-новаму, але і самому вучыцца працаваць з выкарыстаннем новых методык і тэхналогій. Вельмі важна, калі і кіраўніцтва навучальнай установы вітае новыя методыкі, падтрымлівае настаўніка ў яго пачынаннях.

На факультэце фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы сёння рыхтуюць студэнтаў так, каб яны маглі выкарыстоўваць электронныя сродкі навучання. Гэтыя тэхнікі з’яўляюцца абавязковым элементам адукацыйнага працэсу.

Доктар педагагічных навук В.У.Храмаў бачыць працяг работы ў стварэнні сучасных мабільных дадаткаў.

Памарым. Бацькі спартыўнага хлопчыка ці дзяўчынкі таксама могуць стаць карыстальнікамі такіх электронных падручнікаў і трэніравацца разам дома. Патэнцыял сучасных сацыяльных сетак — гэта кансалідацыя вопыту. Трэнер ці настаўнік з глыбінкі можа вучыць дзяцей з выкарыстаннем перадавых тэхналогій, у тым ліку перадавога аўтарскага вопыту. Затым паказаць дасягненні свайго вучня ў Instagram і такім чынам прадставіць перспектыўнага спартсмена зацікаўленым трэнерам, атрымаць парады.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.