Флагман адукацыі

- 15:56Апошнія запісы, Якасць адукацыі

Аб сучасных трэндах у прафесійным развіцці педагогаў Міншчыны, актуальных вектарах развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дарослых і планах работы на год Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі мы пагутарылі з рэктарам, кандыдатам педагагічных навук, дацэнтам Інгай Пятроўнай Кандрацьевай.

Асноўны складнік паспяховай работы сістэмы адукацыі — кадры. Яркія, захопленыя, з жаданнем прафесійна развівацца, здольныя выхаваць такіх жа вучняў. Якія магчымасці для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў Мінскай вобласці прадастаўляе інстытут?

— Асноўная функцыя інстытута — прафесійнае развіццё педагагічных кадраў вобласці. На працягу мінулага года больш за 28 тысяч кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі наведалі 276 курсаў павышэння кваліфікацыі і 304 тэматычныя семінары. Сёлета плануецца працягнуць рэалізацыю праграм па такіх запатрабаваных тэмах, як удасканаленне прафесійнай дзейнасці педагога ў кантэксце кампетэнтнаснага падыходу, развіццё прадметна-метадычных кампетэнцый настаўніка ва ўмовах абнаўлення зместу адукацыі, фарміраванне метапрадметных кампетэнцый навучэнцаў. Сярод новых зместавых ліній — псіхалагічныя аспекты развіцця асобы ў сучасным сацыякультурным асяроддзі, прыярытэтныя напрамкі ў арганізацыі і правядзенні вучэбнага даследавання, фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці менеджара дашкольнай адукацыі, мадэляванне ўрока ў фармаце відэаканферэнцыі, інавацыйныя адукацыйныя практыкі ў аспекце развіцця матэматычнай і фінансавай дасведчанасці навучэнцаў.

У арганізацыйным дызайне павышэння кваліфікацыі робім акцэнт на лічбавізацыю. Зачынам для гэтага сталі створаныя намі прадукты, якія дазваляюць аўтаматызаваць аддалены запіс на вучэбныя курсы, фарміраваць спіс слухачоў, ствараць і рэдагаваць вучэбна-праграмную дакументацыю, складаць расклад заняткаў (вынік рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя мадэлі кіруемага развіцця электронных сэрвісаў для павышэння якасці прадастаўлення адукацыйных паслуг ва ўстанове дадатковай адукацыі дарослых”. — Заўвага аўтара).

— Інга Пятроўна, акрамя тэматычных семінараў, якія формы работы з педагогамі вы лічыце прадукцыйнымі і выніковымі?

— Сёння эфектыўнай пляцоўкай для абмеркавання актуальных праблем адукацыйнай практыкі, генерацыі новых ідэй, стварэння сучасных дыдактычных прадуктаў з’яўляюцца 14 абласных творчых груп. Яны аб’ядноўваюць 177 крэатыўных, ініцыятыўных і паспяховых у сваёй справе кіраўнікоў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, настаўнікаў-прадметнікаў. Сёлета ў фокусе ўвагі дзейнасці творчых груп будуць падрыхтоўка заданняў да прадметных алімпіяд, у тым ліку дыстанцыйных, экспертыза і адбор на ўзроўні вобласці вучэбных матэрыялаў для адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, рэцэнзаванне кампанентаў вучэбна-метадычных комплексаў, падрыхтоўка прапаноў і рэкамендацый па вывучэнні асобных раздзелаў вучэбных праграм, распрацоўка метадычных матэрыялаў па развіцці функцыянальнай пісьменнасці навучэнцаў, дыдактычных сцэнарыяў вучэбных заняткаў, лічбавых адукацыйных рэсурсаў.

Важную ролю ў падтрыманні прафесійнага тонусу спецыялістаў адукацыі адыгрываюць штогадовыя дыстанцыйныя алімпіяды для педагагічных работнікаў. Сёлета пры праходжанні гэтых выпрабаванняў педагогам неабходна будзе прадэманстра­ваць прафесійныя кампетэнцыі, якія адлюстроўва­юць іх узровень валодання зместам вучэбнага прадмета і методыкай яго выкладання, выкарыстання лічбавых адукацыйных рэсурсаў і сэрвісаў для арганізацыі вучэбнага працэсу.

— Якія катэгорыі спецыялістаў сістэмы адукацыі сёння маюць патрэбу ў дадатковым прафесійным суправаджэнні?

— Асаблівае месца ў дзейнасці інстытута займае прафесійнае суправаджэнне педагогаў сацыяльных і педагогаў-псіхолагаў. На семінарах і трэнінгах дэталёва прапрацоўваюцца пытанні ранняга выяўлення сямейнага недабрабыту, абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, прафілактыкі суіцыдальных, дэвіянтных і адыктыўных паводзін у непаўналетніх, арганізацыі постінтэрнатнага суправаджэння дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, сацыяльна-педагагічнай падтрымкі і псіхалагічнай дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей.

— Што яшчэ ў планах работы інстытута на 2022 год?

— Плануецца пашырыць спектр мерапрыемстваў па імплементацыі асноўных палажэнняў канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Беларусі на 2019—2025 гады. Базісам для абноўленай дарожнай карты лічбавізацыі рэгіянальнай адукацыі з’яўляюцца ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічных магчымасцей, сістэмная метадычная работа па пытаннях абароны інфармацыі ва ўстановах адукацыі, выніковы ўдзел навучэнцаў і педагогаў вобласці ў IT-конкурсах рознага ўзроўню.

Відавочна, што за поспехамі навучэнцаў стаяць педагогі, якія разумеюць патрабаванне бесперапыннага прафесійнага развіцця. На абласны конкурс “Педагагічная IT-мазаіка” ў гэтым годзе зарэгістравана 336 конкурсных работ. Лепшыя праекты будуць прадстаўлены на XV Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. У адпаведнасці з сучаснымі трэндамі, у бягучым годзе ўсе намінацыі абласнога конкурсу набылі не толькі новую назву, але і змест. Сярод іх — “Анлайн-вучэбныя заняткі”, “Інтэрактыўная стужка часу”, “Дынамічная карта”, “Інтэрактыўны плакат”, “Кір­маш прафесій”.

На нацыянальным адборачным этапе V Міжнароднай Scratch-алімпіяды па крэатыўным праграмаванні ў пяці намінацыях з дзесяці дыпломы пераможцаў атрымалі 8 навучэнцаў Міншчыны. Каманда  вобласці перамагла і па выніках паўфіналу конкурсу “Mobiквіз”. Перамогу заваяваў вучань сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Павел Барбук.

Інстытут імкнецца падрыхтаваць педагога да эфектыўнага адукацыйнага ўзаемадзеяння з сучасным “лічбавым” вучнем. У бягучым годзе будзе прадоўжана работа па распаўсюджванні STEM-падыходу ў рэгіянальнай адукацыі. Ужо некалькі гадоў рэалізуецца ўнікальны адукацыйны праект для педагогаў “Мабільны STEM-клас”. Кантэнт праекта ў гэтым годзе будзе пашырацца і развівацца. Сярод запланаваных тэм — “Выкарыстанне робататэхнічнага набору MatataLab у STEM-адукацыі”, “Развіццё ІКТ-кампетэнцый педагогаў у STEM-адукацыі”, “Асновы 3D-прататыпавання для рэалізацыі STEM-падыходу ў адукацыі”.

— А якія новыя кірункі работы асвойваюць супрацоўнікі інстытута ў галіне развіцця навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў?

— Варта акцэнтаваць увагу на такім даволі новым напрамку работы, як суправаджэнне адбору высокаматываваных навучэнцаў вобласці на адукацыйныя змены ў Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і распрацоўка механізмаў іх педагагічнай падтрымкі пасля завяршэння навучання. На гэты момант 143 навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці прынялі ўдзел у другім этапе адбору, 56 з іх былі залічаны на адукацыйную змену і прайшлі навучанне ў тэхнапарку.

— Як вядома, педагогам для асобаснага росту і развіцця важна адчуваць падтрымку калег-аднадумцаў, абменьвацца вопытам. Як гэта адбываецца ў Мінскай вобласці?

— Важную стымулюючую і мабілізацыйную функцыю ў пошуку трэка індывідуальнага прафесійнага росту педагога выконвае клуб педагагічных работнікаў “Флагман”. Каманда аднадумцаў з 2009 года прырастае таленавітымі і актыўнымі педагогамі. Сёння членамі клуба з’яўляюцца 45 педагогаў. Дзе­сяць з іх маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст” (усяго ў галіне 66 настаўнікаў-метадыстаў).

У 2022 годзе дысемінацыя эфектыўных педагагічных практык будзе рэалізоўвацца па кластарным тыпе ў фармаце фестываляў і выязных акцый, падчас якіх члены клуба будуць праводзіць адкрытыя ўрокі, дзяліцца аўтарскімі распрацоўкамі ў творчых лабараторыях, на майстар-класах, круглых сталах і прафесійных дыялогавых пляцоўках.

Марына КУНЯЎСКАЯ.