Формула алімпіядных дасягненняў

- 14:51Адукацыйная прастора

“Выбраць правільна прафесію няпроста, і не кожнаму гэта ўдаецца. Я ўвасобіла ў жыццё сваю мару. Я — настаўнік! Настаўнік — гэта інтэлігентнасць і вечная маладосць душы, — адзначае настаўніца працоўнага навучання сярэдняй школы № 16 Ліды Гродзенскай вобласці Святлана Іванаўна Гагалушка. — Мая прафесія адпавядае маім схільнасцям, адкрывае магчымасці для творчасці і прафесійнага росту, таму яна прыносіць мне радасць і задавальненне. Але самае галоўнае — я люблю дзяцей, мне падабаецца мець зносіны з імі, дапамагаць ім, бачыць усмешкі на іх тварах”.

Перадумовай да выбару будучай прафесіі С.І.Гагалушка стала школа, дзе яна займала актыўна-творчую пазіцыю: дапамагала настаўнікам, удзельнічала ў шматлікіх конкурсах і алімпіядах. І да кожнай справы імкнулася ставіцца творча. А любімым вучэбным прадметам было менавіта “Працоўнае навучанне”, на якім, дзякуючы настаўніку, дзяўчына ўвасабляла сваю творчасць у разнастайных вырабах. І ўжо 26-ы год Святлана Іванаўна дзеліцца ведамі і вопытам са сваімі выхаванкамі. Якія толькі мастацкія тэхнікі ні асвоілі яе дзяўчаты! У 2019 годзе педагогу прысвоена кваліфікацыйная катэгорыя “настаўнік-метадыст”.

Па меркаванні настаўніцы, эфектыўнасць правядзення ўрока працоўнага навучання ў многім залежыць ад яго падрыхтоўкі (дакладнасці дыдактычнай мэты, падбору вучэбнага матэрыялу, прадукцыйных метадаў і прыёмаў навучання, уліку як характару класа, так і індывідуальных рыс навучэнцаў і інш.). Настаўніца пераканана, што менавіта станоўчыя эмоцыі дапамагаюць далейшаму руху наперад, таму важным момантам з’яўляецца заахвочванне навучэнцаў. Святлана Іванаўна не скупіцца на пахвалу, што дапамагае дзяўчатам адчуваць сябе ўпэўненымі. 

Зразумела, што для развіцця творчай актыўнасці навучэнцаў выкарыстоўваць метады традыцыйнага навучання недастаткова, патрэбны сучасныя адукацыйныя метады. Адным з эфектыўных метадаў, якому настаўніца аддае перавагу і які дазваляе развіваць творчую актыўнасць навучэнцаў, з’яўляецца метад праектаў.

— Цікавасць да метаду праектаў у мяне з’явілася даўно, — адзначае педагог. — Ён найлепш дае магчымасці пашырыць межы ўрока. Метад праектаў грунтуецца на вырашэнні якой-небудзь праблемы з дапамогай вучэбна-пазнавальных прыёмаў у выніку самастойных і калектыўных дзеянняў вучняў і абавязковай прэзентацыі зробленага. Вынікі выкананых праектаў павінны быць “адчувальнымі”: тэарэтычная праблема павінна мець канкрэтнае рашэнне, практычна канкрэтны вынік, гатовы да выкарыстання як на ўроку, так і ў рэальным жыцці.

Рэалізацыя метаду праектаў на практыцы вядзе і да змены пазіцыі настаўніка. З носьбіта гатовых ведаў ён ператвараецца ў арганізатара пазнавальнай, даследчай і творчай дзейнасці сваіх навучэнцаў. Мяняецца псіхалагічны клімат у класе, бо мне неабходна пераарыентаваць як сваю работу, так і работу навучэнцаў на розныя віды дзейнасці даследчага, пошукавага, творчага характару. Работа над праектамі актывізуе навучэнцаў, што значна павышае эфектыўнасць засваення тэхналагічных ведаў.

Сістэма работы настаўніцы дае плён. У апошнія гады адзначаецца станоўчая дынаміка ва ўзроўні падрыхтаванасці навучэнцаў: большасць з іх валодаюць тэрміналогіяй, ма­юць трывалыя веды па прадмеце, творча прымяняюць веды, уменні і навыкі, атрыманыя на ўроках, актыўна выкарыстоўваюць іх пры стварэнні праектаў. З задавальненнем адзначае педагог і ўзрастаючую якасць выканання работ, якой атрымліваецца дасягнуць дзякуючы стараннасці, цярпенню і ўменням дзяўчат.

Выніковым з’яўляецца ўдзел вучняў у канферэнцыях даследчых работ, конкурсах творчага майстэр­ства. З 2017 па 2019 год на навукова-практычных канферэнцыях рэгіянальнага ўзроўню выхаванкі настаўніцы занялі першае, два другія і трэцяе месцы. Тры даследчыя работы апублікаваны ў рэспубліканскім зборніку навуковых артыкулаў вучнёўскай моладзі “Першы крок у навуку”. Штогод  вучні  Святланы Іванаўны займаюць прызавыя месцы на алімпіядах рознага ўзроўню па працоўным навучанні. Так, на другім этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцамі С.І.Гагалушка за апошнія тры гады заваявана 6 дыпломаў I ступені, 3 дыпломы II ступені; на трэцім этапе — дыплом I ступені, 3 дыпломы III ступені.

— Наша формула поспеху на алімпіядз­е: матывацыя + веды + праца. Работа з адоранымі навучэнцамі шматгранная і складаецца з трох блокаў (як, зрэшты, і ўся адукацыйная дзейнасц­ь) — гэта работа з навучэнцамі, работа з педагогамі і работа з бацькамі. Работа з вучнямі пачынаецца 1 верасня і не заканчваецца з завяршэннем навучальнага года, бо мае вучаніцы працягваюць займацца і летам, выконваючы практычныя заданні, — расказвае Святлана Іванаўна. — Але, перш чым настаўнік пачне займацца з вучнямі і рыхтаваць іх да алімпіяды, неабходна выпрацаваць у іх пазітыўную матывацыйную стратэгію, каб яны самі захацелі рыхтавацца і ўдзельнічаць у спаборніцтвах. Адначасова неабходна працаваць і над стварэннем групы, каманды навучэнцаў, якія рыхтуюцца да алімпіяд. Камандная работа дазваляе арганізаваць узаемадапамогу, перадачу вопыту ўдзелу ў алімпіядах, псіхалагічную падрыхтоўку новых удзельнікаў. Гэтаму садзейнічае прынцып  “роўны навучае роўнага”, бо частку работы па падрыхтоўцы малодшых могуць узяць на сябе старэйшыя, а навучаючы іншых, яны будуць удасканальваць і свае веды. Пастаянна знахо­дзячыся ў атмасферы вырашэння праблем, метадаў рашэння заданняў, абмеркавання, любая вучаніца будзе нават неўсвядомлена ўбіраць новыя веды, уменні, псіхалагічныя ўстаноўкі. Дзецьмі павінны рухаць матывы самасцвярджэння, самаўдасканалення, самарэалізацыі.

Ініцыятыўная, энергічная Святлана Іванаўна Гагалушка пераканана, што настаўніку недапушчальна таптацца на адным месцы, яго не можа задавальняць тое, што рабіў учора. Трэба ісці ў нагу з часам, глядзець у будучыню, пастаянна займацца самаадукацыяй. І ўсё гэта дзеля таго, каб працягваць сваю няпростую, але любімую работу: вучыць і выхоўваць навучэнцаў, каб са сцен школы выйшлі асобы, гатовыя жыць, вучыцца і працаваць у такім няпростым сучасным свеце, а таксама бачыць вочы сваіх вучаніц, іх удзячныя позіркі і захапленне навакольных ад сапраўдных шэдэўраў, выкананых дзяўчатамі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.