Што неабходна, каб забяспечыць дзіцяці добры адпачынак у летніку? Камфортныя ўмовы, добразычлівае асяроддзе, вясёлыя танцы, гучныя песні, цікавыя гульні, энергічныя спартыўныя мерапрыемствы. Здаецца, складнікі гэтыя вядомы кожнаму, але вынікі атрымліваюцца ва ўсіх розныя. Чаму? Таму што неабходна пэўная формула, па якой гэтыя складнікі аптымальна змешваць, а таксама ўменне і жаданне педагога гэтую формулу шукаць і прымяняць. Тыя, у каго гэта атрымліваецца найлепш, штогод становяцца ўдзельнікамі конкурсу педагагічных каманд выхаваўча-аздараўленчых устаноў адукацыі. Заключны тур абласнога этапу конкурсу “Формула разумнага лета” адбыўся на базе аздараўленчага лагера “Нёман” у Стаўбцоўскім раёне.
Удзел у конкурсе бралі 9 каманд. Ім давялося прайсці праз чатыры конкурсныя заданні, у якіх педагогі праявілі свае арганізатарскія і камунікатыўныя здольнасці, творчы падыход і арыгінальнасць, прадэманстравалі новыя методыкі і прыёмы работы.
У “Творчай візітоўцы” канкурсанты расказалі аб лагерах, дзе працуюць, асаблівасцях арганізацыі адпачынку і аздараўлення дзяцей у летніку, сваім педагагічным крэда. Каманда аздараўленчага лагера “Нёман” падрыхтавала цікавыя гумарэскі аб рабоце педагогаў у лагеры. Каманда педагогаў лагера “Крынічка” са Старадарожчыны аб сваіх працоўных буднях і аб тым, чым зацікавіць дзяцей летам, расказала ў вершах. Прадстаўнікі лагера “Дружба” Дзяржынскага раёна жартаўліва расказалі аб сваім шляху ў важатыя. Каманда аздараўленчага лагера “Арэса” Любанскага раёна запомнілася энергічнымі танцамі і спевамі, а каманда аздараўленчага лагера “Лясны гарадок” Мінскага раёна — вясёлымі тэатралізаванымі сцэнкамі. Аб тым, як праходзілі заняткі і забаўляльныя мерапрыемствы ў профільных лагерах, расказалі прадстаўнікі лагера для юных географаў і хімікаў “Арыён”, што дзейнічаў ва Уздзенскім раёне, і летніка для аматараў фізікі, матэматыкі і біялогіі “Эрудыт”, што працаваў на базе Нясвіжскай гімназіі. Адпачынак, творчасць, здароўе па-піянерску адлюстравалі ў цікавай тэатралізацыі прадстаўнікі аднайменнага піянерскага лагера, што запрашаў гэтым летам юных жодзінцаў. Якім можа быць лета з любімымі дзецьмі казачнымі бонсцікамі, паказалі педагогі з Вілейкі.
Найбольш поўна артыстычныя здольнасці і крэатыўнасць педагогаў раскрылі прадэманстраваныя ў другім конкурсным заданні творчыя нумары з “Важацкага вечара”. Была тут дыскатэка ў стылі 90-х, прысвячэнне ў важатыя, квест для педагогаў, аповед аб начных падрыхтоўках да выступленняў і нават “пасяджэнне суда”. Усе выступленні, аздобленыя гумарам і музыкай, былі яркімі і запамінальнымі.
Фізкультхвілінка, дыскатэка, пальчыкавыя гульні, флэшмоб, загадкі, піянерскі сказ — гэта толькі некаторыя віды актыўнасці, якія прапанавалі канкурсанты дзецям, дэманструючы сваё ўменне арганізаваць гульні з залай у наступным конкурсным заданні.
Апошняе конкурснае заданне патрабавала правядзення масавага мерапрыемства. Гэтаму заданню вельмі рады былі выхаванцы лагера “Нёман”, якія сталі ўдзельнікамі мноства яркіх падзей. Так, напрыклад, каманда з Мінскага раёна падрыхтавала для іх квест “Пасланне будучым пакаленням”, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, а прадстаўнікі Жодзіна правялі гісторыка-патрыятычную гульню “Я — цімуравец”. Каманда педагогаў з Нясвіжа запрасіла падлеткаў на інтэлектуальны марафон. Дзелавую гульню “Дзівосны свет эканомікі” прапанавалі прадстаўнікі Уздзенскага раёна. Ператварыцца ў індзейцаў і пагуляць у цікавыя забаўляльныя гульні можна было на мерапрыемстве, што падрыхтавалі педагогі Старадарожчыны, патанцаваць, паспяваць летнія хіты можна было разам з важатымі са Стаўбцоўскага раёна. У касмічнае падарожжа разам з бонсцікамі адправілі дзяцей прадстаўнікі Вілейшчыны, спаборніцтвы па арыгінальных відах спорту арганізавалі для выхаванцаў лагера важатыя з Любанскага раёна.
Сваімі выступленнямі педагогі настолькі парадавалі і здзівілі журы, што, акрамя асноўных, з’явіліся дадатковыя ўзнагароды для самых яркіх зорак гэтага дня. Граматамі ў намінацыі “Лепшы педагог” былі адзначаны Таццяна Віктараўна Беляўцова, прадстаўніца каманды аздараўленчага лагера “Бонсці-лета” сярэдняй школы № 5 Вілейкі, і Дзмітрый Васільевіч Кавальчук, удзельнік каманды аздараўленчага лагера “Нёман” Стаўбцоўскага раёна. Пераможцай у намінацыі “Артыстызм і творчасць” стала каманда піянерскага лагера Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна.
На трэцяй прыступцы п’едэстала гонару апынулася каманда аздараўленчага лагера “Лясны гарадок” Мінскага раёна. Дыплом II ступені атрымала каманда дзіцячага аздараўленчага лагера “Дружба” Дзяржынскага раёна. Пераможцай стала каманда аздараўленчага лагера “Арэса” Любанскага раёна, якая і прадставіць Мінскую вобласць на Рэспубліканскім конкурсе “Формула разумнага лета” ў НДЦ “Зубраня”.
Дар’я Рэва.
Фота аўтара.