Формулу паспяховага ўрока раскрыла настаўніца сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Аксана Свістунова

- 16:10Учитель года

Прэм’ера рубрыкі: “Настаўнік года”. У рэгіёнах ужо названы імёны лепшых педагогаў. Мы пазнаёмім чытачоў з тымі, хто будзе змагацца за перамогу ў фінале рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года”.

“Працаваць з чыстым сэрцам і адкрытай душой, знаходзіць у кожным дзіцяці лепшае” — так вызначае сваё педагагічнае крэда настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска Аксана Свістунова. Пра місію першага настаўніка, конкурсныя выпрабаванні і паспяховы ўрок карэспандэнт «Настаўніцкай газеты» пагаварыла з педагогам.

— Мне здаецца, я заўсёды ведала, што буду настаўніцай пачатковых класаў. У дзяцінстве любіла гуляць у школу: вучыла сваіх лялек, сястрычак, — расказвае Аксана Віктараўна. — Мае першыя настаўнікі Часлава Зянонаўна Халамай і Лілія Сяргееўна Церашкова сталі для мяне прыкладам дабрыні, патрабавальнасці і сур’ёзнасці. Памятаю іх бязмежную любоў да кожнага вучня. На іх прыкладзе я бачыла, наколькі гэта выдатна — быць настаўнікам!

Маё навучанне прайшло ў Ваўкавыскім педагагічным каледжы і Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, куды я паступала, свядома выбраўшы спецыяльнасць “Пачатковыя класы”. Пра тое, што стала настаўніцай, не шкадую. Я задаволена сваёй прафесіяй. Вучні даюць мне творчыя сілы і жаданне працаваць. Калі ты бачыш аддачу ад дзяцей, іх цікавасць, агеньчык у вачах — гэта матывуе.

Увогуле, школьнае жыццё — гэта дзівосны свет, поўны яркіх фарбаў. Мой педагагічны стаж складае 24 гады. За гэты час я зразумела, што самы вялікі плюс работы ў школе — усведамленне таго, што ты сапраўды прыносіш карысць грамадству, краіне, а галоўнае, дзецям. Адказна быць першым настаўнікам. Бо менавіта мне баць­кі давяраюць самае дарагое, што ў іх ёсць, — сваіх дзяцей. З’яўляюся правадніком для сваіх вучняў, дапамагаю ім раскрыцца і здзяйсняць кожны дзень адкрыцці. А яшчэ работа ў школе — гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць не толькі вучні, але і калегі па працы, гэта прафесійны рост.

Аксана Віктараўна Свістунова — пераможца абласнога этапу рэспуб­ліканскага конкурсу прафесійнага майс­тэрства “Настаўнік года — 2023” у намінацыі “Пачатковыя класы”.

Людзі не могуць жыць без акружэння і без зносін з іншымі людзьмі. У жыцці я таварыскі чалавек, у мяне ёсць сапраўдныя сябры. Цаню сваю сям’ю і работу, таму мой жыццёвы дэвіз — “З добрым настроем ісці на работу і вяртацца дадому”.

— Аксана Віктараўна, што прыцягвае ў рабоце з малодшымі школьнікамі?

— Школьны дзень… З чаго ён складаецца? Вядома, з сустрэч з вучнямі. У класе іх 29, і ўсе яны розныя! Прыцягвае іх непасрэд­насць. Люблю бачыць, як у малых у вачах запальваецца светлячок разумення. Кожны раз, заходзячы ў клас, ты сутыкаешся з сітуацыямі, якія трэба выра­шыць імгненна. Ты можаш падрыхтавацца да ўрокаў, але да нейкіх пазаштатных сітуацый, раптоўных пытанняў падрыхтавацца складана.

У першы клас прыходзіць маленькі чалавек — далікатны, неакрэплы, някемлівы. Ён чакае любога слова адабрэння, пахвалы, каб усміхнуцца ў адказ сваёй дзіцячай усмешкай. Якім вырасце ён? Як адгукнецца маё слова ў будучыні?

Мая роля — навучыць вучыцца, дапамагчы раскрыць тую цікавасць, у якой дзіця захоча развівацца, навучыць радавацца сваім поспехам і поспехам сваіх аднакласнікаў, дапамагчы дзіцяці стаць адказным. Бо тое, што ўспрынята ім у дзяцінстве, адгукнецца ў самастойным жыцці.

Так прыемна ганарыцца сваімі вучнямі, якія атрымліваюць маленькія перамогі на кожным уроку. І ў сумеснай працы мы ўзбагачаем адно аднаго.

— Назавіце прынцыпы, якімі кіруецеся ў сваёй дзейнасці.

— Імкнучыся знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня, стараюся спазнаць яго, раскрыць яго здольнасці і талент, абу­дзіць у ім жаданне вучыцца. У вучнёўскім калектыве стараюся знайсці агульную мову з кожным дзіцем, не падаўляючы яго інтарэ­саў, ініцыятывы, індывідуальнасці, асобы. Усіх навучэнцаў называю толькі па імені.

Не простае, але галоўнае правіла — стаць прыкладам для сваіх вучняў. Быць прыкладам дабрыні і павагі, любові да сям’і, працы і Радзімы. Бо настаўнік пакідае пасля сябе след, нябачны на першы погляд, але вельмі важны ў жыцці чалавека.

— Якім методыкам, тэхналогіям аддаяце перавагу?

— Люблю актыўную работу на ўроку, калі навучэнцы гавораць, разважа­юць. Выкарыстоўваю тэхналогію актыўнай ацэнкі і яе элементы зваротнай сувязі і “НаШтоБуЗУ”, што садзейнічае больш эфектыўнаму навучанню. Прымяняю элементы тэхналогіі крытычнага мыслення, што дапамагае развіваць прадукцыйныя ўменні вучняў, здольнасць да самаацэнкі, самакантролю, уменне планаваць уласную дзейнасць.

Удумліваму прадукцыйнаму чытанню дапамагае выкарыстанне прыёмаў візуа­лі­зацыі матэрыялу. Многія дарослыя, калі чытаюць, робяць запісы, нататкі на палях, фіксуюць цікавыя моманты, цытаты, меркаванні, свае адчуванні. Гэты прынцып я і выкарыстоўваю ў рабоце з малодшымі школьнікамі.

Работу над тэкстамі на ўроках літаратурнага чытання і вучэбнага прадмета “Чалавек і свет” выбудоўваю па прынцыпе актыўнага ўваходжання ў тэкст: “Што я бачу? Што я чую? Што я адчуваю?”.

Скрайбінг — эфектыўны прыём візуа­лізацыі. Дапамагае фарміраваць у вучняў чытацкія ўменні разумення і прайгравання прачытанага. Гэта стварэнне візуальнага канспекта тэксту, данясенне складанага сэнсу ў выглядзе простых вобразаў, запісаная гісторыя.

Рашэнне тэкставых задач з’яўляецца скразным для ўсяго курса матэматыкі. Арганізоўваю работу так, каб кожны навучэнец навучыўся асэнсавана чытаць, наглядна ўяўляць усе адносіны паміж велічынямі, што спрыяе ў канчатковым выніку пошуку правільнага рашэння. Мадэлі вельмі дапамагаюць у гэтым. А выкарыстанне розных відаў мадэлей прыводзіць да таго, што пачаткоўцы глядзяць на задачу з розных бакоў, з энтузіязмам і цікавасцю прымаюцца за работу.

— Аксана Віктараўна, якім, на ваш погляд, павінен быць урок, каб ён прынёс задавальненне і настаўніку, і вучню?

— Вядома ж, сучасным. Урок, які абу­джае цікавасць да пазнання новага, прыносіць задавальненне ўсім удзельнікам працэсу навучання. Урок з выкарыстаннем розных прыёмаў, напоўнены радасцю зносін, абавязкова запомніцца. Шчасце, драйв, натхненне, якія атрымліваеш ад класна праведзенага ўрока, калі дзеці ў захапленні і ты разам з імі, нічым не заменіш.

Формула паспяховага ўрока: прыняцце мэт + моцныя веды + сумесная праца + творчасць + станоўчыя эмоцыі + рэфлексія.

— Конкурсны ўрок атрымаўся?

— Урок быў няпросты — урок літаратурнага чытання ў 3 класе ў раздзеле “Вясновы дзень год корміць”. Тэма ўрока “М.Багдановіч “Перад паводкай”, А.Русак “Мама”.

Тэма прымусіла прадумаць незвычайную форму ўрока. Яркім яго вынікам стала складанне мудборда — дошкі настрою вершаў пра вясну і маму. Рада, што ўсё атрымалася.

— Прыгадайце, калі ласка, яркія моманты абласнога этапу конкурсу.

— Конкурс быў насычаным і эмацыянальным, як мяняюцца карцінкі ў калейдаскопе. Пастаянны рух, рух наперад у напрамку прафесійнага росту. Гэта свайго роду педагагічная майстэрня. Гэта і каласальная праца. Праца каманды адна­думцаў, улюбёных у сваю прафесію (калег з роднай сярэдняй школы № 7, адміністрацыі, метадыстаў раённага метадычнага кабінета — Алены Іванаўны Фірончык і Ірыны Мечыславаўны Вялесік).

На гэтых спаборніцтвах я прадстаўляла вопыт педагагічнай дзейнасці на тэму “Фарміраванне чытацкіх уменняў малодшых школьнікаў на ўроках літаратурнага чытання праз выкарыстанне прыёмаў візуалізацыі”. Дзеці, якія прыходзяць вучыцца ў школу, — гэта пакаленне з кліпавым мысленнем. Велізарны паток разнастайнай інфармацыі ўспрымаецца фрагментамі, яркімі вобразамі. Усведамленне гэтай праблемы падштурхнула мяне да пошуку новых форм работы, якія садзейнічаюць развіццю чытацкіх уменняў навучэнцаў.

У такім вопыце прапаную сістэму работы па фарміраванні чытацкіх уменняў у малодшых школьнікаў, неабходных для разумення і прайгравання літаратурнага твора з дапамогай выкарыстання прыёмаў візуалізацыі: скрайбінгу, мудборда, “сотавага” плана, карты твораў, інфаграфікі.

Якія самыя яркія моманты конкурсу? Знаёмства з таленавітымі сапернікамі. Майстар-клас для педагогаў Слонімскага раёна, дзе атрымала яркую зваротную сувязь, якая матывуе развівацца далей. Хвалюючы момант узнагароджання. Эмоцыі ў зале групы падтрымкі.

— Што аказалася для вас самым складаным на конкурсе?

Публічнае выступленне перад вопытнай аўдыторыяй. Кожнае слова павінна было гучаць правільна, ёміста, з сэнсам. Баялася, што эмоцыі перашкодзяць выказаць усё ад душы.

— Абласны этап спаборніцтваў завяршыўся. Пакуль можна выдыхнуць. А якія планы на найбліжэйшы час?

— Хутка скончыцца навучальны год, засталося не так многа часу, таму ўся ўвага рабоце, каб мае першаклашкі паказалі добрыя вынікі пры выкананні выніковых кантрольных работ.

Хочацца таксама прайсці курсы па стварэнні якасных і прыгожых прэзентацый, каб зрабіць блог класа больш інтэр­актыўным, навучыцца рыхтаваць цікавы кантэнт.

Адпачыць, набрацца сіл, зрабіць работу над памылкамі і годна прадставіць сябе, школу, Ваўкавыскі раён і Гро­дзенскую вобласць на рэспуб­ліканскім этапе конкурсу “Настаўнік года”. Толькі наперад!

 Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара