Форум навучэнцаў «Першы крок у навуку» сабраў у Мінску больш чым 200 школьнікаў з усёй краіны

- 16:07Новости

Рэспубліканскі форум навучэнцаў “Першы крок у навуку” сабраў у Мінску больш чым 200 школьнікаў з усёй краіны. Арганізатарам мерапрыемства выступіў савет маладых вучоных На­цыя­нальнай акадэміі навук, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

“У такім фармаце форум праводзіцца ўпершыню, — звярнуў увагу намеснік старшыні савета маладых вучоных НАН Беларусі Максім Кучвальскі. — У мінулым годзе форум быў часткай дарослай канферэнцыі “Першы крок у навуку”. Мы ўбачылі да яго вялікую цікавасць школьнікаў, іх педагогаў, таму вырашылі зрабіць форум самастойным мерапрыемствам”.

Арганізатары ставілі перад сабой дакладную задачу: прыцягнуць таленавітых дзяцей у навукова-даследчую дзейнасць, навучыць іх правільна прадстаўляць вынікі сваёй працы.

“Да ўдзелу ў форуме мы запрасілі вучняў 10 і 11 класаў, — дадаў старшыня савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Станіслаў Юрэцкі. — Гэта тыя дзеці, якія ў найбліжэйшы час будуць выбіраць прафесійны шлях, паступаць ва УВА. Таму мы спецыяльна запрасілі іх, каб дапамагчы сарыентавацца менавіта на навуковую, інавацыйную сферу, паказаць перавагі акадэмічнай навукі і растлумачыць, чаму ў яе варта ісці. Сімвалічна, што перад пленарным пасяджэннем вучні і іх педагогі наведалі выставу маладзёжных распрацовак. Яна была арганізавана для таго, каб нашы маладыя навукоўцы паказалі вучням, што навука — гэта цікава, навуку ро­біць менавіта моладзь. Мы яшчэ раз паказалі дзецям, што не трэба баяцца, варта смела ісці ў навуковую сферу”.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі — навучэнец 11 класа гімназіі Фаніпаля Глеб Салко. Ён прыехаў на канферэнцыю ра­зам са сваёй настаўніцай англійскай мовы Аляксандрай Лукашык. Педагог адзначыла, што Глеб выдатна валодае англійскай мовай. На форуме ён прадстаўляў работу “Фальклорныя бестыарыі дзвюх культур”.

“Сённяшні свет вельмі мабільны — можна паляцець у любы пункт планеты, а культуры розных краін удала пераплятаюцца паміж сабой, што дае нам магчымасць вывучаць іх глыбей, — адзначыла Аляксандра Лукашык. — Улічваючы нашу работу па фальклорным бестыарыі дзвюх культур, мы параўноўвалі магічных істот англійскай і беларускай культур. Нам было цікава вызначыць, наколькі яны розныя і чым падобныя, чаму нашы магічныя істоты не “прыжыліся” ў англійскай культуры і наадварот”.

Для таго каб напісаць навуковую работу па вызначанай тэме, настаўніца ра­зам з вучнем перачыталі мноства кніг, вывучылі інфармацыю са шматлікіх дадатковых крыніц. На пытанне, чаму захапіўся вызначанай тэмай, Глеб Салко адказаў, што яго заўсёды прыцягвалі міжкультурныя камунікацыі, падабалася вывучаць свет, чытаць часопісы і глядзець перадачы пра падарожжы. І падарожнічаць, безумоўна, бо падарожжы — самая дасканалая форма пазнання і вывучэння свету.

“Ва ўсёй нашай культуры, у літаратуры і ў народнай творчасці магічныя істоты больш блізкія да людзей, — па слядах даследавання дзеліцца навучэнец гімназіі Фаніпаля. — У заходніх культурах магічныя істоты — гэта нешта міфічнае, што існуе само па сабе”.

Са сваёй навучэнкай на форум “Першы крок у навуку” прыехала настаўніца хіміі і біялогіі гімназіі Фаніпаля Дар’я Кіркевіч.

“Наша работа прысвечана тэме электронных цыгарэт, той шкодзе, якую яны наносяць арганізму, — тлумачыць настаўніца. — Падчас даследавання мы параўноўвалі склад электронных і звычайных цыгарэт. Дзякуючы праведзенай рабоце, вызначылі, што ў склад электронных цыгарэт уваходзяць цяжкія металы, альдэгіды. Гэта ўсё асядае ў лёгкіх таго, хто курыць”.

На пленарным пасяджэнні маладыя вучоныя НАН прадставілі даклады аб перспектыўных напрамках развіцця айчыннай і замежнай навукі. Пасля гэтага работа канферэнцыі была працягнута па дзесяці кірунках.

На секцыі “Філалогія” навучэнцы прадставілі даклады па такіх тэмах, як асаб­лівасці перакладаў пейзажнай лірыкі, празаічная мініяцюра як дакументальны фільм, асаблівасці перакладу паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” на англійскую мову і інш.

Выступленне навучэнцаў у секцыі “Экалогія” патрабавала, акрамя даклада, прадставіць вынікі сваіх даследаванняў у галіне экалогіі, прыродакарыстання і энергазберажэння. Удзельнікі падзяліліся вынікамі праведзенага параўнальнага аналізу і ацэнкі якасці водных рэсурсаў у розных раёнах краіны, абмеркавалі пытанні выкарыстання тэхналогій будучыні ў замене пластыку, перапрацоўкі адходаў, далі комплексную характарыстыку раслінным фармацыям. 

Адметнасцю канферэнцыі стала работа секцыі, прысвечанай космасу. Удзел у ёй прынялі навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка разам са сваёй настаўніцай фізікі Таццянай Максіменка. Дзякуючы Таццяне Яўгенаўне, вучні не проста цікавяцца космасам: яны пішуць даследчыя работы, з якімі перамагаюць у адпаведных алімпіядах і міжнародных тэматычных канферэнцыях. 

Сёння ў скарбонцы Таццяны Яўгенаўны і яе вучняў больш за 300 даследчых работ. Усе яны адзначаны дыпломамі, прычым многія — на міжнародным узроўні. На працягу апошніх 15 гадоў навучэнцы гімназіі № 1 Слуцка не проста займаюцца даследаваннямі па тэме космасу, а вывучаюць у ім слуцкі след. Захап­ленне космасам пачалося з фізікі, а дакладней, пасля правядзення семінарскіх заняткаў па тэмах рэактыўнага руху і закону захавання імпульсу.

“Адны з семінарскіх заняткаў былі прысвечаны вывучэнню сувязі нашага горада і раёна з космасам”, — працягвае нас­таўніца.

“Першы крок у навуку” — гэта выдатны старт для школьнікаў у іх станаўленні як даследчыкаў. Плануецца, што ў наступным годзе форум збярэ яшчэ больш вучняў, зацікаўленых навукай, адкрые новыя імёны і праекты, вартыя ўвагі.

Наталля САХНО
Фота аўтара