Форум рэгіёнаў прызваны падтрымаць ініцыятывы, якія даюць магчымасць мінімізаваць цяжкасці ў жыцці нашых дзяржаў

- 14:59Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Форум рэгіёнаў — гэта пляцоўка, дзе можна абмеркаваць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сучасных эканамічных умовах. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч у час пасяджэння арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні Форуму рэгіёнаў.

“З улікам тых праблем, якія перажывае сусветная эканоміка, мы павінны падтрымаць ініцыятывы, якія даюць магчымасць мінімізаваць цяжкасці ў эканамічным і сацыяльным жыцці нашых дзяржаў”, — сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

“На мой погляд, Форум рэгіёнаў павінен узяць курс на два ключавыя напрамкі работы. Першы — гэта роўныя правы грамадзян у нашым саюзным будаўніцтве. Папярэднія форумы былі прысвечаны сельскай гаспадарцы і прамысловасці, мы абмяркоўвалі роўныя ўмовы для беларускіх і расійскіх суб’ектаў гаспадарання. Цяпер мы гаворым аб гуманітарным супрацоўніцтве. Было б вельмі добра, калі б мы ў большай ступені зблізілі пазіцыі. Другі напрамак — маладзёжная палітыка”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Старшыня Савета Рэспублікі адзначыў, што паступалі прапановы правесці наступны, чацвёрты па ліку, Форум рэгіёнаў у Санкт-Пецярбургу і поўнасцю прысвяціць яго тэме маладзёжнай палітыкі. Гэтая ініцыятыва абмяркоўваецца. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што разам з аспектамі эканамічнага і матэрыяльнага характару, пастаянная работа над якімі непазбежная, Беларусі і Расіі трэба развіваць супрацоўніцтва ў гуманітарнай і духоўнай сферах. “Можа, не ўдасца вырашыць усе пытанні, ці то медыцынская дапамога, ці то пенсіённае забеспячэнне, умовы працы і адукацыі грамадзян, у рамках падрыхтоўкі і правядзення Форуму рэгіёнаў, але прадвызначыць, дамовіцца на будучыню магчыма”, — сказаў ён на заканчэнне.

Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што Беларусі на форуме трэба прадэманстраваць поспехі і цікавыя праекты. “Тым больш што мы рыхтуемся да V Усебеларускага народнага сходу”, — дадаў ён.
Да старту ІІІ Форуму рэгіёнаў засталося няшмат часу, і ўсе падрыхтоўчыя мерапрыемствы павінны быць праведзены на адпаведным узроўні і ў вызначаныя тэрміны.

У сваю чаргу намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Анатоль Русецкі канстатаваў, што праграма форуму падрыхтавана і ўзгоднена з расійскім бокам, а спісы ўдзельнікаў сфарміраваны. “Афіцыйны склад удзельнікаў — 350 чалавек, хоць удзельнічаць будзе намнога больш”, — дадаў Анатоль Русецкі. Ён звярнуў увагу, што да пачатку афіцыйнай часткі мерапрыемства ў прадстаўнікоў Беларусі і Расіі будзе час на перагаворы і падпісанне кантрактаў.

ІІІ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі пройдзе ў Мінску 7—8 чэрвеня. Мэта мерапрыемства — пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага су-працоўніцтва і садзейнічанне ўстанаўленню прамых кантактаў паміж рэгіёнамі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дзяржаў у сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.

У час форуму таксама запланавана пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Адбудуцца спецыялізаваныя мерапрыемствы, у тым ліку фестываль рэгіянальных тэлеканалаў Беларусі і Расіі “Вобраз часу”, другі этап Спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, маладзёжны форум IT-youth і Міжнародная выстаўка “Белагра-2016”. На ёй плануецца падпісаць дзевяць розных пагадненняў паміж прадстаўнікамі Беларусі і Расіі. Дэлегаты форуму прымуць удзел у мерапрыемствах Дзён Масквы ў Мінску, якія пройдуць 7—9 чэрвеня.