У сталічным дзіцячым садзе № 342 Першамайскага раёна па-свойму далучыліся да акцыі «30 дзён да Перамогі» — дзеці разам з бацькамі наведваюць месцы, якія ўшаноўваюць памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны, і адлюстроўваюць гэта ў фота, расказала карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» загадчыца ўстановы Вольга Анфілец.
— Мы з радасцю далучыліся да гэтай акцыі, а нашы выхаванцы і іх бацькі ахвотна нас падтрымалі, — адзначыла суразмоўніца. — Удзельнічаюць усе — і малышы, і дзеткі са старшых груп. З усіх нашых 270 выхаванцаў больш за палову ўжо прынеслі тэматычныя фота. Па выніках арганізуем стэнд. Упэўнена, нават, калі дзіця яшчэ зусім малое і не поўнасцю разумее нашу гісторыю, з часам яно пра ўсё даведаецца і абавязкова будзе берагчы гэты здымак. У тэлеграм-канале сада мы падказваем бацькам, куды можна паехаць, бо не ўсе ведаюць, колькі ў нас цікавых месцаў памяці. Часцей за ўсё наведваюць манумент на плошчы Перамогі ў Мінску і знакаміты помнік-танк каля Дома афіцэраў.
В. Анфілец лічыць, што гутаркі пра вайну, подзвігі герояў падчас Вялікай Айчыннай, безумоўна, трэба праводзіць з малышамі. І ў садзіку іх рэгулярна арганізуюць — патрыятычнаму выхаванню тут удзяляецца шмат увагі. Дзецям расказваюць пра вайну асцярожна, без апісання жахаў — даносяць самае галоўнае: як трэба цаніць мір на роднай зямлі. Але аповеды не заменяць тое, што можна ўбачыць сваімі вачыма. Таму сямейныя падарожжы па месцах памяці такія важныя для дзяцей і іх бацькоў.
Таксама да свята Перамогі ў дзіцячым садзе афармляюць стэнд — дзеці і педагогі прыносяць фота сваіх родных, якія ваявалі ў Вялікую Айчынную.
— Увогуле, фота — гэта вобраз, які добра запамінаецца, а дзеці ў такім узросце лепш успрымаюць менавіта візуальную інфармацыю, — кажа намеснік загадчыцы па асноўнай дзейнасці Анжаліка Карачун. — Ездзяць нашы выхаванцы не толькі па Мінску, але і па ўсёй Беларусі, напрыклад, наведваюць мемарыяльны комплекс «Хатынь», Брэсцкую крэпасць, «Лінію Сталіна». Бацькам раім абавязкова звадзіць дзяцей у музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны — гэта незабыўны вопыт.
Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота прадастаўлены дзіцячым садам