Фундамент адносін створаны, трэба нарошчваць гандлёва–эканамічныя кантакты

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Дасягнуць тавараабароту з Пакістанам у памеры $1 млрд можна нават без напружання. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Ісламскай Рэспублікі Пакістан Масудам Ханам Раджой з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі.

Кіраўнік дзяржавы цёпла падзякаваў дыпламату за яго ўклад у развіццё дружалюбных беларуска-пакістанскіх сувязей. “Вы нямала, нават шмат зрабілі ў плане ўстанаўлення вельмі дружалюбных адносін паміж Беларуссю і Пакістанам”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў яго склаліся вельмі добрыя кантакты з кіраўніцтвам Пакістана. Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што яшчэ не раз удасца сустрэцца і абмеркаваць перспектывы развіцця двухбаковых сувязей.

“Перад намі стаяць няпростыя задачы. Мы стварылі фундамент нашых адносін, і цяпер трэба нарошчваць перш за ўсё гандлёва-эканамічныя кантакты, — падкрэсліў прэзідэнт. — У нас канкрэтныя мэты — трэба перасягнуць мільярдны ўзровень нашага тавараабароту, чаго б гэта ні каштавала. Патэнцыял найвялікшы. Проста трэба працаваць. Нават без напружання мы зможам перасягнуць гэты рубеж. Мы будзем вельмі высока цаніць, калі ў гэтым напрамку нашы сябры ў Пакістане будуць рухацца. Я вас хачу запэўніць, што мы ў гэтым напрамку зробім усё”.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы сказаў, што Беларусь для Пакістана заўсёды будзе надзейным сябрам, нягледзячы на якія-небудзь сусветныя катаклізмы.