Галіновай навуцы неабходна выходзіць на прамысловую вытворчасць

- 11:19Інфармацыйная гадзіна

Рэзідэнтам “БелБіяграда” плануецца прадаставіць прэферэнцыі, заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка на сходзе ў рамках Тыдня нанаіндустрыі ў Беларусі, прымеркаванага да Года навукі.

“Стварэнне “БелБіяграда” — важная і актуальная тэма. Пакуль гэтае ўтварэнне зарэгістравана на агульных падставах, у тым ліку падатковых. Лічу, што поспеху не будзе, калі не зробім тое ж самае, што і для ІТ-парка. Падрыхтаваны адпаведны ўказ прэзідэнта, — сказаў Уладзімір Сямашка. — У гэтым выпадку эфект ад работы “БелБіяграда” будзе не меншы за той, што канстатуем па ІТ- парку. У галіновай навуцы ёсць зачыны, якія трэба не толькі рэалізоўваць у лабараторыях, неабходна выходзіць на прамысловую вытворчасць”.

Навукова-тэхналагічны парк “БелБіяград”, створаны для садзейнічання развіццю бія-, нана-, фарм- і іншых навукаёмістых тэхналогій, прэзентаваны ў рамках Тыдня нанаіндустрыі ў Беларусі. У мерапрыемствах прыняла ўдзел дэлегацыя групы “Раснана”.

Закранаючы тэму ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі ў сферы навукі, Уладзімір Сямашка адзначыў: “Нашы стратэгіі ў навукова-тэхналагічнай, інавацыйнай сферах супадаюць. Перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва бачым у ажыццяўленні сумесных праектаў у сферы энергетыкі, пошуку альтэрнатыўных крыніц энергіі, вытворчасці новых матэрыялаў для прамысловасці і будаўніцтва, медыцыны, сельскай гаспадаркі. У Беларусі набыты вялікі вопыт стварэння электроннай і аптычнай сістэмы мэтавай апаратуры, бачым вялікія перспектывы ў сумесным развіцці касмічных тэхналогій”.

Сярод мерапрыемстваў Тыдня нанаіндустрыі — рэспубліканская выстава прадукцыі, абсталявання і прыбораў для нанаіндустрыі, агульны сход Рэспубліканскай асацыяцыі нанаіндустрыі (РАНІ) з удзелам прадстаўнікоў Савета Міністраў, НАН, Мі надукацыі, Мінпрама, Дзяржстандарту і бізнес-структур.