Галоўнае для майстра — мець фантазію, жаданне і цярпенне

- 8:50Выбар прафесіі

Калі папрасіць віцябляніна назваць самыя значныя ўстановы прафесійнай адукацыі паўночнай сталіцы, то ў ліку першых абавязкова будзе названы філіял БДТУ “Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж”. Добра ведаюць яго і ў Прыдзвінскім краі, і ў іншых рэгіёнах Беларусі, і нават у замежжы. Прычым не толькі на прадпрыемствах і ў арганізацыях, дзе працуюць і якія ўзначальваюць выпускнікі, але і ў асяроддзі прадстаўнікоў інтэлектуальнай, спартыўнай і творчай эліты.

Многія выпускнікі памятаюць каледж як месца, дзе яны атрымалі сваю першую значную перамогу: на базе ўстановы традыцыйна праходзяць спартыўныя спаборніцтвы, заключныя этапы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, яркія творчыя фестывалі. Матэрыяльна-тэхнічная база каледжа дазваляе праводзіць іх на дастойным узроўні.
Прывяду некалькі прыкладаў. Для заняткаў спортам каледж мае дзве спартыўныя і трэнажорную залы, выдатную лыжную базу, басейн. Для якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў тут абсталявана 8 камп’ютарных кабінетаў, аснашчаных сучасным праграмным забеспячэннем, створана электронная бібліятэка. Для арганізацыі харчавання навучэнцаў і работнікаў працуюць 2 сталовыя і 2 буфеты (між іншым сярэдні кошт смачнага комплекснага абеду ў мінулым навучальным годзе складаў 13 тысяч рублёў). Побач з вучэбнымі карпусамі — інтэрнат на 507 месцаў, у якім створаны ўсе ўмовы для пражывання, адпачынку і навучання.
А яшчэ ў каледжы ёсць свае аўташкола, салон-магазін (там рэалізуюцца вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сувенірная прадукцыя з керамікі, лазы, саломкі, разьбяныя і тканыя вырабы, ювелірныя ўпрыгажэнні, выкананыя навучэнцамі каледжа), цырульня. Дарэчы, паслугамі апошняй разам з навучэнцамі і выкладчыкамі ахвотна карыстаюцца жыхары і госці горада, а для пастаянных кліентаў дзейнічае сістэма скідак. І, безумоўна, нельга абысці ўвагай цудоўны музей, дзе прадстаўлены выніковыя, кваліфікацыйныя, дыпломныя, лепшыя творчыя работы навучэнцаў аддзялення “Мастацтва і дызайн”. Зрэшты, амаль усе карпусы каледжа нечым нагадваюць выставачныя залы: на сценах калідораў і фае эксклюзіўныя карціны з саломкі і керамікі, манументальныя дэкаратыўныя пано. Гэта сапраўднае царства прыгажосці, утульнасці і парадку!
Каледж рыхтуе спецыялістаў адразу па некалькіх унікальных для нашай краіны спецыяльнасцях. Візітоўкай установы на працягу дзесяцігоддзяў з’яўляецца аддзяленне “Мастацтва і дызайн”. Як адзначыла загадчык аддзялення Алена Сяліцкая, сюды паступаюць тыя, каму цікава працаваць з дрэвам, глінай, металам, саломкай, каму хочацца прыдумваць і ўдасканальваць, тварыць, адкрываць новае. Навучэнцы атрымліваюць веды па кампазіцыі і колеразнаўстве, скульптуры і пластычнай анатоміі, чарчэнні і перспектыве, выконваюць работы па выяўленчым мастацтве, увасабляюць свае ідэі і задумы ў аб’ёмна-прасторавых кампазіцыях.
Прафесійныя навыкі навучэнцы адпрацоўваюць у майстэрнях разьбы па дрэве, ткацтве, саломапляценні, у ювелірнай майстэрні, у дзвюх майстэрнях керамікі, мэблевым і сталярным цэхах. Ніводзін гарадскі, рэгіянальны і рэспубліканскі кірмаш, конкурс, фестываль, дзе прадстаўляюцца работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, не абыходзіцца без удзелу навучэнцаў каледжа. Яны штогод перамагаюць у абласных і рэспубліканскіх конкурсах прафесійнага майстэрства, іх работы ўпэўнена ўваходзяць у спіс найлепшых на выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці.
— На ўсіх спецыяльнасцях аддзялення навучанне арганізавана па адзіным прынцыпе: ад простага да складанага, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Валянціна Юпатава. — Спачатку будучыя мастакі вучацца якасна і хутка ствараць вырабы па прапанаваным узоры. І толькі потым у іх пачынаецца непасрэдна творчая праца. Навучэнцы самі распрацоўваюць праекты, прадумваюць адпаведныя эскізы і выконваюць іх у матэрыяле.
У каледжы можна атрымаць і такую рэдкую прафесію, як залатых і сярэбраных спраў майстар. Валянціна Юпатава з гордасцю прадставіла мне майстра вытворчага навучання Яўгенію Кандукову. Беларускія ўніверсітэты не ажыццяўляюць падрыхтоўку ювеліраў і адначасова педагогаў, майстроў вытворчага навучання, таму Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж гадуе кадры з уласных выпускнікоў. Вось і Яўгенія спачатку паспяхова скончыла каледж па сваёй спецыяльнасці, а сёлета — мастацка-графічны факультэт ВДУ імя П.М.Машэрава (працавала ў роднай установе і вучылася завочна).
— Наш каледж амаль 10 гадоў рыхтуе ювеліраў, — паведаміла Яўгенія Вячаславаўна. — Лепшыя і самыя мэтанакіраваныя выпускнікі маю ць сёння ўласныя майстэрні. Я пачала працаваць два гады назад і хачу даць сваім навучэнцам як мага больш ведаў і ўменняў. Гэта дапаможа ім творча развівацца, удасканальваць свае прафесійныя навыкі, лепш уладкавацца ў жыцці. А навучэнцы ў нас вельмі творчыя, побач з імі я сама расту як педагог і псіхолаг.
Яўгенія Кандукова расказала такі выпадак. Да яе аднойчы падышла дзяўчынка і сказала: “Яўгенія Вячаславаўна, мне ўначы прысніўся ювелірны выраб, я хачу яго зрабіць”. Калі яна паказала эскіз, майстар была ўражана і прапанавала сваю дапамогу.
— Калі ў навучэнца ёсць жаданне атрымаць новыя веды і навыкі, я заўсёды падтрымаю, — гаворыць Яўгенія Вячаславаўна. — Можа, мы крыху адыдзем ад тэмы, але зробім задуманае. Галоўнае для будучага ювеліра — мець фантазію, жаданне і цярпенне.
Навучэнцы пачынаюць з асваення валачэння і працягвання дроту, вырабу простых заручальных пярсцёнкаў, а выпускнікам па сілах ужо больш складаныя вырабы. Праўда, на занятках будучыя майстры не працуюць з золатам і серабром, вучацца на латуні, мельхіёры, медзі. Але іх нават складаней апрацоўваць, чым каштоўныя металы, якія больш мяккія, падатлівыя. Навучыўшыся апрацоўваць латунь і медзь, выпускнік упэўнена працуе з каштоўнымі металамі.
Сёння практычна няма чалавека, які ў сваім жыцці так ці інакш не выкарыстоўваў бы камп’ютар і не фатаграфаваў. Гэтым, відаць, і тлумачыцца велізарная цікавасць абітурыентаў да прафесіі аператара камп’ютарнай графікі. Ён займаецца распрацоўкай дызайну з выкарыстаннем фатаграфій кліента, ажыццяўляе карэкцыю малюнкаў, аднаўляе пашкоджаныя фатаграфіі, працуе з тэкставымі і графічнымі рэдактарамі, а таксама з мультымедыйнымі сродкамі. Па сутнасці перад намі адна з самых актуальных і запатрабаваных прафесій на сучасным рынку працы.
У нашы дні неад’емнай часткай дызайну офісаў, магазінаў, рэстаранаў, жылых памяшканняў і прадметаў побыту сталі мастацка-афарміцельскія работы. Выкарыстанне сучасных матэрыялаў, веды ў галіне камп’ютарных тэхналогій і ўменне працаваць з графічнымі праграмамі адкрываюць шырокія магчымасці перад выканаўцамі мастацка-афарміцельскіх работ у сферы дызайну інтэр’ера, прамысловай графікі, рэкламы. Гэтыя людзі выконваюць афармленне памяшканняў — ад малярных да складаных мастацка-афарміцельскіх работ, працуюць у рознай тэхніцы з выкарыстаннем розных матэрыялаў (насценны роспіс, роспіс па дрэве, шкле, мазаіка), па эскізах, шаблонах, эталонах ствараюць плакаты, графічныя схемы, афармляюць шыльды і знешнюю рэкламу, ажыццяўляюць мастацкі роспіс пано, элементаў дэкаратыўнага афармлення інтэр’ераў дамоў, гандлёвых залаў, устаноў.
Каледж рыхтуе кадры і для сферы культуры. Творча адораныя юнакі і дзяўчаты праз невялікі час пасля паступлення пачынаюць займацца ў маладзёжным культурным цэнтры.
— Практыка паказвае, што адных толькі заняткаў у гуртках недастаткова: маладым людзям патрэбны жывыя зносіны з равеснікамі, — каменціруе Валянціна Юпатава. — Увагу навучэнцаў прыцягваюць маладзёжныя музычныя тэлеперадачы, і яны імкнуцца пераймаць сваіх музычных куміраў, мараць паспрабаваць свае сілы ў эстрадных жанрах мастацтва. Таму асноўная задача нашага цэнтра — выявіць юных талентаў і даць ім навыкі сцэнічнага мастацтва, навучыць іх элементам сцэнічнай граматы, тэхніцы прамовы, харэаграфіі, акцёрскаму майстэрству. Наяўнасць развітога музычнага ўспрымання і пачуцця рытму дазваляе юнакам і дзяўчатам паспяхова справіцца з задачай падрыхтоўкі эстраднага шоу. Наведвальнікі цэнтра выступаюць на канцэртах у каледжы, удзельнічаюць у гарадскіх творчых вечарынах і фестывалях; некаторыя з іх пасля заканчэння каледжа паступілі ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Хочаце набыць цікавую, запатрабаваную, творчую прафесію? Тады вам да нас!

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.