Галоўнай у размове стала інтэграцыйная тэматыка

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на сустрэчы ў Мінску абмеркавалі беларуска-расійскія адносіны, інтэграцыйныя пытанні і міжнародную абстаноўку, паведамілі ў прэс-службе кіраўніка беларускай дзяржавы.

“Чарговы раз ёсць магчымасць абмеркаваць і канкрэтызаваць некаторыя пытанні, праблемы, якія, магчыма, узнікаюць у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі”, — сказаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у пачатку сустрэчы.

Ён адзначыў, што зусім нядаўна беларуска-расійскія адносіны абмяркоўваліся ў Магілёве на пасяджэнні саюзнага Саўміна, а таксама ў час яго сустрэчы з кіраўніком урада Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. “Мы ў дружалюбнай атмасферы маглі абмеркаваць усе пытанні. Закрытых тэм у нас няма. У нас вельмі адкрытыя адносіны з Прэм’ер-міністрам Расіі. Таму мы даволі ўважліва, наколькі гэта было магчыма ў тым фармаце, прагаварылі некаторыя пытанні”, — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў якасны характар узаемадзеяння знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін. “Калі б у нас усе міністэрствы так узгоднена працавалі, напэўна, у нас не было б ніякіх праблем”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Сяргею Лаўрову абмеркаваць будучыню беларуска-расійскіх адносін, інтэграцыю ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза з улікам сустрэчы на самым высокім узроўні, якая мае адбыцца 31 мая ў Астане.

“Хацелася б пачуць вашы ацэнкі і па некаторых міжнародных праблемах, асабліва па Украіне, Сірыі, каб вы, магчыма, нават увялі мяне ў курс справы па некаторых падзеях апошняга часу, каб мы ведалі, як каардынаваць і карэкціраваць сваю пазіцыю па тых ці іншых пытаннях”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка адзначыў гатоўнасць адказаць на ўсе пытанні. “У нас заўсёды з вамі абсалютна даверны і дружалюбны фармат размовы. У гэтым фармаце я гатовы абмеркаваць з вамі любыя пытанні”, — сказаў прэзідэнт.

“Мы сапраўды поўнасцю раздзяляем канцэпцыю нашых адносін, якую вы цяпер выклалі. Пытанні ўзнікаюць паміж любымі дзяржавамі, саюзнікамі. Але адрозненне нашых адносін у тым, што гэтыя пытанні мы сумленна ставім перад нашымі таварышамі, партнёрамі. І заўсёды разумеем адзін аднаго, хоць часам рашэнні шукаюцца не за адзін дзень”, — падкрэсліў Сяргей Лаўроў.

Ён адзначыў рэгулярны фармат беларуска-расійскіх кантактаў як на двухбаковай аснове, так і ў шматбаковым фармаце. Міжнародная абстаноўка патрабуе цеснай каардынацыі па пытаннях еўрапейскай бяспекі, сітуацыі ва Украіне, Сірыі і ў цэлым становішча на Блізкім Усходзе. Міністр адзначыў важнасць беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і ў розных міжнародных фарматах, у тым ліку ў ААН, АБСЕ, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

Сяргей Лаўроў таксама асобна абазначыў тэму аб недапушчэнні гераізацыі нацызму і перапісвання гісторыі, важнасці сумеснага захавання памяці аб Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнах.

Аляксандр Лукашэнка і Сяргей Лаўроў на сустрэчы падрабязна абмеркавалі інтэграцыйную тэматыку, графік кантактаў на найвышэйшым узроўні, якія маюць адбыцца, у тым ліку ў фармаце ЕАЭС у Астане, у час III Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў СНД. У цэнтры ўвагі было і ўзаемадзеянне па лініі ЕАЭС — ЕС.

Асобна бакі спыніліся на тэме развіцця Садружнасці Незалежных Дзяржаў і Еўразійскага эканамічнага саюза. Адзначана падабенства пазіцый у пытанні неабходнасці захавання і пераўтварэння СНД, каб гэтая структура была больш моцнай і дзейснай. Што тычыцца ЕАЭС, то ў перыяд беларускага старшынства ў 2015 годзе дасягнуты сур’ёзныя вынікі ў развіцці інтэграцыі. Разам з тым яшчэ застаюцца некаторыя пытанні, над вырашэннем якіх работа прадаўжаецца.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *