Да дня беларускай навукі ў Дзяржаўным камітэце па навуцы і тэхналогіях прайшла прэс-канферэнцыя для журналістаў. У ёй прынялі ўдзел старшыня згаданага камітэта Аляксандр Шумілін, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч і галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей Кілін.
Як гэта часцей за ўсё і бывае ў перадсвяточныя дні, гаварылі найперш аб дасягненнях навуковай галіны. А лічбы сапраўды красамоўныя.
Як паведаміў Сяргей Якаўлевіч Кілін, у 2013 годзе за кошт рэспубліканскага бюджэту акадэмічнымі арганізацыямі выканана работ на 1 трыльён рублёў. А прадукцыі і паслуг рэалізавана на 2,6 трыльёна рублёў. “Прычым гэтая лічба не канчатковая, — заўважыў галоўны вучоны сакратар акадэміі, — створаныя прадпрыемствы будуць і далей працаваць і прыносіць прыбытак. Эфектыўнасць укладанняў у навуку відавочная”.
Сяргей Якаўлевіч адзначыў, што праектам праграмы ўдасканалення навуковай сферы ніякае рэфармаванне не прадугледжана: “Мы як пачалі займацца вытворчасцю навукаёмістай інавацыйнай прадукцыі, так і працягнем рухацца ў гэтым напрамку. Сёння нам патрэбны новыя цэнтры і лабараторыі, якія б працавалі ў самых прарыўных галінах. Напрыклад, бачым, што трэба развіваць кагнітыўныя тэхналогіі, — значыць наспела пара адкрываць адпаведную лабараторыю”.
Па такім прынцыпе зараз ствараецца цэнтр стваловых клетак, першая чарга якога будзе запушчана ўжо 1 красавіка, а другая — у чэрвені. Там будзе праводзіцца генетычнае тэсціраванне людзей на прадмет схільнасці да розных хвароб, здольнасці да таго ці іншага віду спорту, а таксама лячэнне на аснове стваловых клетак.
“У Акадэміі навук больш як чвэрць супрацоўнікаў — моладзь, — паведаміў Сяргей Якаўлевіч. — Таму НАН, нягледзячы на 85-гадовы ўзрост, арганізацыя зусім не старая. У тых інстытутах і лабараторыях, дзе ёсць добрыя распрацоўкі, маладыя вучоныя нядрэнна зарабляюць. Калі ж лабараторыі працуюць неэфектыўна, моладзь туды не пойдзе. Усё даволі проста і празрыста, трэба толькі дапамагаць маладым вучоным у выбары перспектыўных напрамкаў даследаванняў. Таму мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з Міністэрствам адукацыі. Шмат выпускнікоў універсітэтаў прыходзяць у арганізацыі Акадэміі навук, працуюць, абараняюць дысертацыі і становяцца выдатнымі вучонымі”.
Дарэчы, сістэма адукацыі таксама мае вельмі добрыя навуковыя вынікі. Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч адзначыў, што сёння ў вышэйшай школе працуюць больш за тысячу дактароў і больш за 6 тысяч кандыдатаў навук. А ўсяго даследаваннямі займаюцца каля 12 тысяч чалавек.
“У нас ёсць нагода парадавацца за дасягненні ўніверсітэцкай навукі, дзе атрыманы канкрэтныя вынікі, звязаныя з практычнай сферай і фундаментальнымі даследаваннямі. Амаль у кожным універсітэце ёсць дасягненні сусветнага значэння і адпаведныя публікацыі, — заявіў Сяргей Аляксандравіч. — Таму важна разумець, што навука ў найбольшай ступені можа забяспечваць стабільнае і ўстойлівае развіццё краіны па ўсіх напрамках. І асноўная нагрузка тут кладзецца на ўніверсітэцкую навуку, бо менавіта ва ўніверсітэтах фарміруецца чалавек — яго светапогляд і прафесійныя кампетэнцыі”.
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Аляксандр Шумілін таксама адзначыў плён акадэмічнай, універсітэцкай і галіновай навукі. Адначасова ён звярнуў увагу на адну вельмі важную праблему, звязаную з укараненнем вынікаў даследаванняў.
“У нас ёсць выдатныя высокатэхналагічныя распрацоўкі, аднак яны не дастаткова запатрабаваны рэальным сектарам эканомікі. Навацыямі цікавяцца прыватнікі, прадстаўнікі замежных кампаній, але, на жаль, нашы прадпрыемствы не спяшаюцца браць іх на ўзбраенне”, — заўважыў Аляксандр Шумілін.
Такім чынам, адной з найважнейшых праблем навукі з’яўляецца няпросты шлях да патэнцыяльнага спажыўца. Навуковыя арганізацыі адчуваюць пастаянны інтарэс да сваіх распрацовак з боку замежнікаў, а вось свае, родныя прадпрыемствы марудзяць. А шкада! Беларуская навука мае імкненне і дастатковы патэнцыял для таго, каб прынесці рэальную карысць айчын-най эканоміцы. Відавочна, што пераадоленне названай перашкоды — гэта адна з прыярытэтных задач менеджараў ад навукі.