Галоўная задача — дыверсіфікацыя экспарту і выхад на новыя рынкі

- 9:59Інфармацыйная гадзіна

Беларусь па выніках 2016 года плануе экспартаваць сельгаспрадукцыі на $2,1 млрд, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей Багданаў пасля ўрачыстага адкрыцця міжнароднай спецыялізаванай аптовай выставы-кірмашу “Прадэкспа-2016”.

“Паводле аператыўных даных, за 10 месяцаў па экспарце атрымалася вельмі нядрэнная дынаміка. У грашовым выражэнні экспарт у нас склаў 99,3 працэнта да ўзроўню мінулага года — гэта прыкладна $1,9 млрд. Па выніках года план у 100 працэнтаў мы перавыканаем, чакаем $2—2,1 млрд”, — растлумачыў Аляксей Багданаў і паведаміў, што ў натуральным выражэнні Беларусь ужо нарасціла аб’ёмы экспарту (мяса — на 17 працэнтаў, малочнай прадукцыі — на 4 працэнты). “Калі мы засталіся б на тым узроўні па экспарце ў натуральным выражэнні, што і ў мінулым годзе, то мы недабралі б сотні мільёнаў долараў. А так за 9 месяцаў у нас дадатковая экспартная выручка складае амаль $100 млн”, — расказаў ён.

Пры гэтым Аляксей Багданаў адзначыў, што ёсць праблемы ў тым, што большасць прадпрыемстваў затрымаліся на расійскім рынку. “Яны лічаць, што туды лёгка і проста пастаўляць прадукцыю, а значыць, не трэба рухацца далёка. Так разважаць нельга, гэта мысленне ўчарашняга дня. Сёння мы павінны думаць аб дыверсіфікацыі нашага экспарту і выкарыстоўваць любую магчымасць, каб выйсці на іншы рынак. Расія ўкладвае велізарныя грошы ў рост уласнай вытворчасці. І мы павінны думаць, куды нашу прадукцыю паставіць”,— падкрэсліў ён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча паведаміў, што ў гэтым годзе ўжо ёсць першыя вынікі па дыверсіфікацыі экспарту, з’явіліся яшчэ дзве краіны, з якімі пачала гандляваць Беларусь. “Пакуль гэта маленькія аб’ёмы, але мы паступова выходзім на новыя рынкі, а выхад на новы рынак звязаны з тратамі. Гэта і зніжэнне цэн для ўваходу ў рынак, і маркетынгавыя даследаванні, маркетынгавыя платы ў магазінах. Трэба разумець, што гэта шлях няпросты, але мы вымушаны па ім ісці. Калі мы сёння гэтага не зробім, заўтра апынёмся з лішкамі прадукцыі, якую не будзе куды прадаваць”, — канстатаваў ён.

Паводле слоў Аляксея Багданава, добрыя вынікі паказвае работа з рынкамі Афрыкі і Азіі. Прадстаўнік Мінсельгасхарча таксама нагадаў, што актыўна рэалізоўваюцца і праекты з Кітаем.