Галоўная задача — усебакова развіваць нашу моладзь

- 9:10Інфармацыйная гадзіна

Установы вышэйшай адукацыі павінны рыхтаваць адукаваных спецыялістаў розных галін і займацца выхаваннем моладзі. Гэта падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка падчас наведвання Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў Магілёве.

“Перад ВНУ задача стаіць не толькі ў тым, каб даць добрыя веды, але і падрыхтаваць чалавека, грамадзяніна і патрыёта. Гэтая работа заключаецца ў тым, каб выкладаць той ці іншы прадмет і, самае галоўнае, усебакова развіваць нашу моладзь. Сюды ўваходзіць і фізічная падрыхтоўка. Павінна быць планавая і правільная арганізацыя гэтага працэсу. Нашы студэнты павінны рэалізоўваць свае творчыя здольнасці, прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўстановы. Не толькі выкладчыкі фарміруюць ВНУ, але і студэнты. Вельмі важна, што ў кожным універсітэце ёсць свае традыцыі, наладжаны прадметны і ўзаемапаважлівы дыялог паміж прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнтамі. Гэтыя традыцыі павінны развівацца, дапаўняцца новымі фарматамі”, — адзначыў Ігар Петрышэнка.

Беларуска-Расійскі ўніверсітэт рыхтуе спецыялістаў па беларускіх і расійскіх адукацыйных пра­грамах. Тут ёсць 21 спецыяльнасць першай ступені, 7 спецыяльнасцей другой ступені вышэйшай адукацыі па беларускіх адукацыйных праграмах; 10 напрамкаў падрыхтоўкі бакалаўраў і 3 напрамкі падрыхтоўкі магістраў па расійскіх пра­грамах. Ва ўніверсітэце вучацца амаль 5 тысяч студэнтаў. “БРУ — асаблівая ВНУ. У гэтым годзе яна адзначае свой 60-гадовы юбілей. Гэта першы такі праект, які рэалізуецца ў беларуска-расійскай адукацыйнай прасторы і рыхтуе ў тым ліку спецыялістаў інжынернага профілю. Мы бачылі сёння распрацоўкі, якія выкарыстоўваліся ў будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Вельмі прыемна, што студэнцкія атрады прымалі ўдзел у будаўніцтве АЭС. Тут ёсць шэраг распрацовак, якія ўкараняюцца ў прамысловую сферу на такіх гігантах, як БелАЗ. Універсітэт ідзе ў нагу з часам і рыхтуе спецыялістаў пад патрэбы нашай краіны і эканомікі”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Паводле слоў рэктара БРУ Міхаіла Лусцянкова, за апошнія два гады ў ВНУ з’явілася 8 новых напрамкаў па беларускіх і расійскіх адукацыйных стандартах. “Наша ўстанова развіваецца. Гэта адпавядае пасылам, якія гучалі на VI Усебеларускім народным сходзе. Так, адным з тэзісаў на УНС было павышэнне якасці адукацыі. У прыватнасці, мы адкрываем новыя спецыяльнасці. Акрамя таго, нашы лабараторыі аснашчаюцца самым сучасным абсталяваннем. Мы рыхтуем спецыялістаў у галінах машынабудавання, будаўніцтва, энергетыкі, інфармацыйных тэхналогій. Таксама актыўна ўзаемадзейнічаем з навуковымі і адукацыйнымі арганізацыямі Расійскай Федэрацыі. У нас заключана больш за 100 міжнародных дагавораў. З іх больш як 60 — з ВНУ Расійскай Федэрацыі, 20 — менавіта за апошнія некалькі гадоў, — адзначыў Міхаіл Лусцянкоў. — Удзельнічаем у эксперыментальным праекце “Універсітэт 3.0”, рыхтуем рыначна арыентаваных спецыялістаў, якія могуць не толькі распрацоўваць і прапаноўваць ноу-хау, але і рэалізоўваць іх на практыцы. Усе нашы студэнты працаўладкоўваюцца, нават тыя, што атрымліваюць адукацыю на платнай аснове, калі яны хочуць атрымаць першае месца работы. Спецыяльнасці машынабудаўнічага профілю цяпер асабліва запатрабаваны: на аднаго студэнта часам прыпадае па дзве-тры заяўкі. Таму мы можам гаварыць пра 100%-нае працаўладкаванне нашых выпускнікоў”.

Паступова Беларуска-Расійскі ўніверсітэт асвойвае гуманітарныя напрамкі. “Плануем і далей пашыраць пералік спецыяльнасцей, асабліва тых, што звязаны з высокатэхналагічнымі галінамі прамысловасці. Дарэчы, адыходзім ад канцэпцыі профільнага тэхнічнага ўніверсітэта. Напрыклад, адкрылі спецыяльнасць “Замежнае рэгіёназнаў­ства”, у мінулым годзе ажыццявілі першы набор. Гэта напрамак гуманітарнага плана. Адкрываем і спецыяльнасці фізіка-матэматычнага напрамку. Рыхтуем дакументы на спецыяльнасці “Геадэзія”, “Нафтагазавая справа”. У цэлым стараемся прадаставіць абітурыентам шырокі выбар. За апошнія пяць гадоў у нашай ВНУ адкрыта больш спецыяльнасцей, чым за ўвесь перыяд яе існавання, — падкрэсліў рэктар. — Час па­трабуе дынамічнага развіцця: мы павінны адпавядаць сучасным запатрабаванням. Тэхналогіі, якія былі актуальныя на першым курсе, на чацвёртым ужо могуць устарэць. Пералік новых спецыяльнасцей і на­прамкаў падрыхтоўкі якраз павінен адказваць на гэтыя выклікі. Развіваем і такія напрамкі, якія, здавалася, страчваюць актуальнасць, паколькі рынак перанасычаны. Напрыклад, эканамічны профіль. Калі эканаміст атрымлівае кваліфікацыю ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, то становіцца больш запатрабаваным. Спынілі набор на спецыяльнасць “Маркетынг”, але адкрылі на “Электронны маркетынг” — гэта тое, што адпавядае часу”.

Ігар Петрышэнка азнаёміўся з тэхнічнай базай ВНУ. Размова ішла аб удасканаленні прыёму абітурыентаў і якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. “Сёння мы абмяркоўвалі з рэктарскім складам, якія яшчэ ёсць рэзервы для таго, каб і адукацыйныя стандарты павышаць, і ўдасканальваць прыём студэнтаў. Калі таленавітае дзіця, абітурыент паўдзельнічаў у профільнай алімпія­дзе і перамог, ён павінен па пэўных ільготах, можа, нават без уступных экзаменаў, паступаць у ВНУ. Бо ён ужо на алімпіядзе вытрымаў гэты экзамен, адчуў хваляванне і паказаў свае здольнасці, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — З 1 студзеня гэтага года мы ажыццявілі першы набор у дзіцячы тэхнапарк у Мінску. Плануем, што падрыхтоўка дзяцей па тэхнічных спецыяльнасцях дасць магчымасць на адпаведныя спецыяльнасці і ў тэхнічныя ВНУ краіны пасту­паць без конкурснага адбору. Узнімаліся і пытанні навучання ў магістратуры, папаўнення прафесар­ска-выкладчыцкага складу маладымі вучонымі. Яны павінны і самі рыхтавацца, і вучыць наступныя пакаленні студэнтаў. Акрамя таго, ВНУ павінна адсочваць лёс сваіх выпускнікоў, як яны рэалізаваліся ў жыцці, на першым рабочым месцы. Можа, іх недавучылі, недавыхавалі — калі ёсць такі недахоп, над ім трэба папрацаваць. Гэта зона адказнасці і ВНУ, і калектыву, у які выпускнік прыйшоў працаваць. Усе гэтыя моманты дадуць магчымасць актыўна ўключаць моладзь у стваральны працэс уласнай падрыхтоўкі і стымуляваць яе ўносіць уклад у развіццё краіны”.

У актавай зале вучэбнага корпуса прайшла сустрэча з прафесарска-выкладчыцкім складам і студэнцкім актывам Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. Ігар Петрышэнка расказаў аб ключавых аспектах развіцця краіны, якія абмяркоўваліся на VI Усебеларускім народным сходзе. Акцэнт быў зроблены на маладзёжнай палітыцы, адукацыі і захаванні сацыяльных гарантый.