Галоўны крытэрый ацэнкі заканадаўчай дзейнасці — якасць і аператыўнасць заканадаўчых рашэнняў

- 13:33Інфармацыйная гадзіна

Дэпутаты прымуць удзел у рабоце па ўдасканаленні Канстытуцыі. Аб гэтым заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка на семінары для азнаямлення дэпутатаў з інфармацыйна-пошукавай сістэмай “Эталон” і іншымі дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі.

Перад дэпутатамі стаяц­ь сур’ёзныя задачы. Яны былі абазначаны кіраўніком дзяржавы на сустрэчы з парламентарыямі 5 снежня 2019 года, а таксама абумоўлены спецыфікай бягучага года. “Галоўнай палітычнай па­дзеяй для краіны стане правядзенне кампаніі па выбарах прэзідэнта. Завяршаецца пяцігодка, і ўсе дзярж­органы, уключаючы Палату прадстаўнікоў, павінны ўнесці свой уклад у дасягненне яе праграмных мэт. Таксама дэпутацкаму корпусу трэба будзе далучыцца да распрацоўкі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на чарговае пяцігоддзе. Акрамя таго, нам трэба прыняць удзел у рабоце па ўдасканаленні Канстытуцыі”, — сказаў Уладзімір Андрэйчанка.

Крытэрыем ацэнкі заканадаўчай дзейнасці ён назваў якасць і аператыўнасць заканадаўчых рашэнняў, якія прымаюцца. “Законы павінны забяспечваць устойлівае развіццё краіны, эканамічны рост, павышэнне дабрабыту і ўзроўню жыцця насельніцтва. Пры гэтым яны павінны быць своечасовымі і запа­трабаванымі”,— падкрэсліў спікер. Ён дадаў, што тэрмін разгляду законапраектаў у Палаце прадстаўнікоў не павінен перавышаць аднаго года. “Інакш кажучы, на працягу года з моманту паступлення ў Палату прадстаўнікоў мы павінны прыняць гэты закона­праект. Для гэтага дэпутатам трэба праяўляць актыўнасць, ініцыятыву на ўсіх стадыях заканатворчага працэсу. У рабоце над законапраектамі важны асабісты ўклад кожнага дэпутата”, — упэўнены Уладзімір Андрэйчанка.

Акрамя семінара, у Палаце прадстаўнікоў адбылося ўручэнне нагрудных знакаў парламента і пасведчанняў дэпутатаў.