Ганарацца мовай, традыцыямі, гісторыяй

- 14:56Гродзеншчына

Новы рэстаран з’явіўся ў Гродне. Праўда, існаваў ён паўдня. Імправізаваны рэстаран “Пан Бульбан”, дзе падавалі толькі нацыянальныя беларускія стравы — дранікі, бярозавы сок, блінцы з мёдам і варэннем, бульбу і сала, стаў адной з пляцовак свята “Беларускі карагод”, які зладзілі ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўнікоў № 1.

У гэты дзень у ліцэі можна было ўба­чыць хлопцаў і дзяўчат у нацыянальных строях, па калідорах хадзілі гістарычныя постаці, а на паверхах і ў кабінетах разгортаваліся выставы і майстар-класы, на якія запрасілі народных умельцаў.

— Выхаванне на традыцыях беларускай культуры, гісторыі, прывіццё навучэнцам павагі і гордасці за нашу дзяржаву — аснова сістэмы выхаваўчай работы ў ліцэі, — расказвае дырэктар Алена Іванаўна Жалезняковіч. — Беларуская мова гучыць на ўсіх нашых мерапрыемствах, на беларускай мове вядзецца справаводства. Удзел у правядзенні свята прымалі навучэнцы і іх бацькі, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання. Мы хацелі, каб “Беларускі карагод” захапіў як мага больш удзельнікаў.

Пачалі свята Несцерка і Шкаляр, у ролі якіх выступілі навучэнцы Андрэй Данільчык і Глеб Атрошчанка. У жартоўнай форме яны даказалі, што цэнтр сусвету знахо­дзіцца менавіта ў іх ліцэі, і з такім пазітыўным настроем пачалося падарожжа па іншых пляцоўках.

Андрэй і Глеб вучацца прафесіі сталяра-станочніка. Андрэй гаворыць, што добра ведае беларускую мову з дзяцінства. Калі праводзіў лета ў вёсцы ў бабулі, і чуў мову, і размаўляў на ёй, як гэта рабілі людзі вакол. Дарэчы, каманда Андрэя “Лявоніха” перамагла ў конкурсе “Спрытны гаспадар” на лепшае веданне роднай мовы.

Супрацоўнікі бібліятэкі ліцэя разам з Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкай імя акадэміка Я.Ф.Карскага прадставілі факсімільныя кніжныя помнікі беларускай культуры “Напісанае застаецца”. Была разгорнута выстава сучаснай літаратуры “Нам засталася спадчына”.

“Што ў вадзе родзіцца і ў вадзе расходзіцца?”, “Не разаб’еш гаршчок — не з’ясі і кашы” і яшчэ шмат іншых загадак, прымавак, прыказак пачулі ўдзельнікі свята, узбагаціўшы свае веды пра народныя традыцыі. А цікавыя звесткі пра Гродна паведамілі вядомыя гістарычныя персанажы Давыд Гарадзенскі і князь Вітаўт, Антоній Тызенгаўз, Максім Багдановіч і Эліза Ажэшка.

Беларускія песні, танцы, п’еса “Збянтэжаны Саўка” аб’ядналі на сцэне ліцэя навучэнцаў і выкладчыкаў. Яны прадставілі таксама народныя рамёствы: ткацтва, саломапляценне, ганчарнае і кавальскае мастацтва.

Завяршылася свята літаратурнай вечарынай “Мой край, мой рай бульбяна-жытны…”, дзе гучалі вершы пра беларускія нацыянальныя стравы і дзе іх можна было пакаштаваць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.