Днямі ў будынку рэктарата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адкрылася выстава “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў”. Арганізатарамі мерапрыемства, прысвечанага выбарам прэзідэнта краіны, выступілі Саюз жанчын БДУ, Фундаментальная бібліятэка БДУ і ўсе падраздзяленні галоўнай альма-матар краіны, Рэспубліканская грамадская арганізацыя “Белая Русь”, Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці і Нацыянальнае агенцтва па турызме пры тэхнічнай падтрымцы “Настаўніцкай газеты”.
Белая зала на першым паверсе будынка рэктарата БДУ фактычна ператварылася ў гэтакую маленькую Рэспубліку Беларусь, але са сваімі вялікімі дасягненнямі. Экспанаты выставы, а іх тут звыш 100, размешчаны па геаграфічным прынцыпе — наведвальнікі маюць магчымасць абысці Беларусь і за 5 хвілін (калі іх вочы не зачэпяцца за штосьці ўнікальнае), і за дзень, а то і за два-тры, нават пяць… Кітайскія студэнты, якія прысутнічалі на адкрыцці экспазіцыі, а потым да самага вечара з цікаўнасцю разглядалі-мацалі экспанаты, ужо засведчылі гэта. Нашай не вельмі вялікай краіне ў самым цэнтры Еўропы ёсць чым пахваліцца! У якасці экскурсаводаў на выставе працуюць студэнты гістарычнага факультэта БДУ, сябры тутэйшага клуба экскурсаводаў, які заснавала старшы выкладчык гістфака Ірына Алюніна. Падыдзем да іх.
Вікторыя Санько, якая адказвае за стэнд Гомельскай вобласці, дэманструе колбу з нафтай: “У Гомельскай вобласці нафта здабываецца прамысловым шляхам. Першае радовішча было адкрыта яшчэ ў 1964 годзе”. Пачаўшы з нафты, Вікторыя працягвае свой цікавы аповед пра Гомельшчыну. Расказвае пра палац Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, веткаўскіх старавераў, флору і фаўну Прыпяцкага Палесся, прадукцыю Жлобінскага металургічнага цэха… А напрыканцы сваёй антрэпрызы дае мне якісьці дзіўны масіўны прадмет ромбападобнай формы і кажа: “А вы лізніце…” Я лізнуў. Гэта соль. Соль з Мазырскага радовішча каменнай солі.
Павел Трубяцкі на стэндзе Магілёўшчыны падрабязна расказвае пра славутыя гарады гэтага рэгіёна нашай краіны: сам Магілёў, Бабруйск, Шклоў, Горкі, Быхаў, Мсціслаў, Клімавічы, Слаўгарад, Чэрыкаў, Чавусы, Глуск… Асцярожна бярэ ў рукі чучала цецеравятніка: “Яны водзяцца толькі на Магілёўшчыне. Між іншым гэта драпежныя птушкі”.
Тым часам галоўны ініцыятар выставачнага праекта “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў”, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літатаратуры і культуры БДУ, старшыня Саюза жанчын БДУ Ірына Казакова адзначае, што канцэптуальна арганізатары выставы хацелі падкрэсліць тое самае славутае, чым можа ганарыцца кожны рэгіён нашай краіны, — ці гэта нейкае культурнае дасягненне, як “Славянскі базар у Віцебску”, ці радовішча нафты ў Гомельскай вобласці, ці будаўніцтва атамнай электрастанцыі на Гродзеншчыне, ці вядомы сёння на ўсёй постсавецкай прасторы “Савушкін прадукт” з Брэстчыны. “Мы ставілі мэту ахапіць усе нашы вобласці ў сэнсе іх гісторыі, культуры, прыроды, сучасных тэхналагічных дасягненняў, — адзначае Ірына Валер’еўна. — А ў якасці наведвальнікаў выставы мы чакаем усіх нашых універсітэцкіх выкладчыкаў, студэнтаў, абітурыентаў, выпускнікоў, якіх за гады існавання БДУ ўжо назбіралася звыш 170 тысяч. Усё, што мы робім, — для нашага любімага ўніверсітэта…” Выстава “Мая Радзіма — Беларусь. Універсітэт у кантэксце дасягненняў” будзе працаваць у Белай зале ў рэктараце БДУ да 5 кастрычніка. У гэты дзень заключным акордам праекта на філалагічным факультэце прагучыць канцэрт народнага хору выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта “Родніца”.
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.