Гатоўнасць № 1

- 16:46Адукацыйная прастора, Рознае

Ва ўстановах адукацыі Магілёўшчыны амаль скончана падрыхтоўка да новага навучальнага года

Працяглыя летнія канікулы падыходзяць да свайго лагічнага завяршэння. Менш чым праз месяц адпачыўшая дзятва зноў запоўніць навучальныя ўстановы. Навучэнцаў сустрэнуць абноўленыя і ўтульныя ўстановы адукацыі, бо, пакуль школьнікі адпачывалі і аздараўляліся, тут ішлі рамонтныя работы.

Як паведамілі ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкама, увага пытанням падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ўдзяляецца належная. Своечасовасць фінансавання, зладжаная работа педагагічных калектываў, а таксама пастаянны кантроль за якасцю і аператыўнасцю работ даюць адпаведны вынік. На сённяшні дзень большасць навучальных устаноў ужо атрымалі пашпарты гатоўнасці.

Так, у Бялыніцкім раёне ўсе 25 навучальных устаноў раёна хоць зараз гатовы прыняць навучэнцаў. Паказчык уражвае. Але, як заўважыла начальнік мясцовага аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Мякшына, ніякага сакрэту ў яго дасягненні няма.

— Педагагічныя калектывы нашых навучальных устаноў добрасумленна і адказна ставяцца да любой справы ці задачы. Падрыхтоўка да новага навучальнага года не выключэнне. Непасрэдна да рамонту некаторыя ўстановы прыступілі яшчэ напрыканцы мая, астатнія падключыліся ў чэрвені — ліпені. Акрамя асноўных работ па касметычным рамонце, шмат сіл было ўкладзена ў азеляненне і добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый. Удзялялася пэўная ўвага замене электрасетак, сантэхнікі, сістэм ацяплення. Немалыя сродкі былі затрачаны на выкананне супрацьпажарных мерапрыемстваў: усталяваны рэтранслятары “Маланка”, набыта неабходная колькасць самаратавальнікаў, вогнетушыцеляў. Наогул, работы хапала ў кожнай установе, але дзякуючы зладжанай працы сёння яна цалкам завершана, — патлумачыла Таццяна Уладзіміраўна.

Сярэдняя школа № 2 райцэнтра сустракае зіхатлівым бляскам свежапафарбаваных падлог у кабінетах і калідорах, новымі шпалерамі на сценах.

— Работу па падрыхтоўцы да чарговага навучальнага года мы пачынаем яшчэ ў верасні. Пачынаем з тых работ, якія не перашкаджаюць вучэбнаму працэсу. Такі падыход да справы і фінансава прасцейшы, і фізічна лягчэйшы для работнікаў. А інакш выканаць увесь спектр намечаных работ проста немагчыма, бо лета кароткае, а зрабіць трэба многае, — адзначае дырэктар школы Уладзімір Котаў.

Будынак сярэдняй школы № 2 эксплуатуецца з 1962 года. Аднак выглядае навучальная ўстанова па-сучаснаму — штогод кіраўніцтва і калектыў працуюць над развіццём матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама неадкладна прыводзяць у належны стан тое, што патрабуе рамонту. Сёлета тут быў выкананы капітальны рамонт цепласетак. Папрацавалі таксама над абнаўленнем спартыўнай залы і стадыёна.

— Будынак школы мы таксама абнавілі. Пафарбавалі частку фасада і цокаля, перафарбавалі майстэрню па працоўным навучанні, падрамантавалі вучэбныя кабінеты, правялі неабходныя работы ў музеях, — расказвае Уладзімір Міхайлавіч.

Дарэчы, у школе два музеі: прыроды і баявой славы. Адметным з’яўляецца не толькі вялікая колькасць цікавых экспанатаў, але і тое, што стэнды і мэбля — справа рук школьных умельцаў, кіруе якімі настаўнік тэхнічнай працы Сяргей Аляксеевіч Грашчанка. Па ўласнай ініцыятыве яны вырабляюць не толькі стэнды і мэблю, але і малыя архітэктурныя формы, якія ўпрыгожваюць прылеглую да школы тэрыторыю.

— Пры правядзенні рамонтных работ мы стараемся спраўляцца сваімі сіламі. Грошы зарабляем у рамках пазабюджэтнай дзейнасці і платных адукацыйных паслуг, неабходную работу выконваюць тэхнічны персанал і педагагічны калектыў. Адметна, што сваю працоўную лепту ўносяць і навучэнцы. У прыватнасці, вучнёўскія брыгады працавалі над добраўпарадкаваннем прышкольнай тэрыторыі, — падкрэсліў Уладзімір Котаў.

Своечасова падрыхтаваліся да новага навучальнага года і ў сярэдняй школе № 1 імя Пашкоўскага. Па словах намесніка дырэктара Таццяны Мандрыкавай, усе рамонтныя работы ў асноўным былі праведзены на сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці ўстановы адукацыі.

— Навучэнцы і педагогі адказна і беражліва адносяцца да школьнай маёмасці, таму мы правялі толькі касметычны рамонт вучэбных кабінетаў, замянілі санвузлы, халадзільнае абсталяванне на харчаблоку, устанавілі душавую кабіну ў спартыўнай зале. Напэўна, самым значным для навучэнцаў стане абнаўленне кабінета фізікі. Па адпаведнай праграме Міністэрства адукацыі мы атрымалі поўнае сучаснае абсталяванне для гэтага класа, — падзялілася Таццяна Васільеўна.

Сельскія навучальныя ўстановы раёна таксама чакаюць вучняў. Так, у Вішоўскай сярэдняй школе станоўчую ацэнку гатоўнасці да новага навучальнага года атрымалі яшчэ напрыканцы ліпеня.

— Але і папрацаваць для гэтага нам давялося значна: пафарбавана падлога, аклеены шпалерамі сцены, абноўлены сталовая, актавая і спартыўная залы. Асабліва хацелася б адзначыць працу настаўніцы пачатковых класаў Алены Мікалаеўны Гаўрылавай, настаўнікаў фізічнай культуры Аляксандра Уладзіміравіча Дударава і Леаніда Міхайлавіча Дудкіна, настаўніка тэхнічнай працы Леаніда Пятровіча Галушкіна і яго вучняў Івана Качана, Максіма Ражкова, Эдуарда Шарстнёва. Выканаць усе работы за такі кароткі час атрымалася таксама дзякуючы фінансавай падтрымцы з бюджэту, дапамозе бацькоўскага камітэта і нашай шэфскай арганізацыі — СВК “Калгас “Радзіма”, — расказала дырэктар школы Кацярына Зайцава.

У Бялыніцкім цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі дзякуючы спонсарскай дапамозе замянілі ўсе аконныя блокі і ўваходныя групы. А сіламі педагагічнага калектыву праведзена добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы.

— У нас з’явілася сэнсарная дарожка, новыя клумбы і малыя архітэктурныя формы. Цяпер кожны куток прылеглай тэрыторыі выкарыстоўваецца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе, — расказала выконваючая абавязкі дырэктара Таццяна Маслакова.

Большасць дашкольных устаноў раёна ўжо прымае сваіх маленькіх наведвальнікаў. Між тым у некаторых дашкольных установах былі праведзены маштабныя рамонтныя работы. Напрыклад, у яслях-садзе № 5 райцэнтра раней эксплуатаванае не па прызначэнні памяшканне пераабсталявалі ў дашкольную групу.

— У памяшканні доўгія гады размяшчалася адно з аддзяленняў цэнтра абслугоўвання насельніцтва. Сёлета ж было вырашана зноў пачаць выкарыстоўваць яго па прызначэнні. Але для гэтага прыйшлося правесці капітальны рамонт. Была выканана афарбоўка сцен і падлогі, заменены сантэхніка, электрасетка і прыборы асвятлення, падведзена гарачая вада, закуплена новая мэбля і гульнявы інвентар. Большая частка работ фінансавалася са сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці дашкольнай установы. Цяпер садок дадаткова змогуць наведваць дваццаць дзяцей, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Таццяна Мякшына.

Як можна было пераканацца, установы адукацыі Бялыніцкага раёна сапраўды гатовы да новага навучальнага года. Такая ж сітуацыя назіраецца і ў шэрагу іншых раёнаў вобласці, у астатніх — падрыхтоўка на фінішнай прамой. Таму можна не сумнявацца, што ў хуткім часе кожная навучальная ўстанова Магілёўшчыны расчыніць дзверы перад сваімі вучнямі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.