Гатовы зрабіць столькі, колькі чакае ад нас Грузія

- 10:11Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Грузія ў найбліжэйшы час павінны зрабіць крок да тавараабароту ў памеры $200 млн. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэм’ер-міністрам Грузіі Георгіем Квірыкашвілі.

Закранаючы эканамічныя адносіны Беларусі і Грузіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краін ёсць мэта — $200 млн тавараабароту. “Гэта, я лічу, першы крок, які мы павінны зрабіць ужо ў найбліжэйшы час”, — сказаў прэзідэнт.
Бакі добра вывучылі магчымасці і патрэбы адно аднаго ў частцы ўзаемных паставак, сумеснай вытворчасці. “Калі вас цікавіць еўрапейскі рынак, еўраазіяцкі, вы ведаеце, што забароненых тэм у Беларусі для вас няма”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, тавараабароту ў памеры $200 млн краіны дасягнуць вельмі хутка, калі будуць рухацца ў гэтым напрамку.
Візіт Георгія Квірыкашвілі ў Беларусь Аляксандр Лукашэнка назваў не проста знакавым. Паводле слоў беларускага лідара, гэта сведчанне сур’ёзных намераў Грузіі ўмацоўваць адносіны з Беларуссю. Першапачаткова тут чакалі з візітам папярэдніка Георгія Квірыкашвілі на прэм’ерскай пасадзе. Новы кіраўнік урада пасля назначэння планаў адмяняць не стаў. “Гэта сведчыць пра тое, што курс Грузіі адносна Беларусі стабільны. Гэты знак мы ўбачылі і пачулі”, — сказаў прэзідэнт.
Гаворачы аб сваім афіцыйным візіце ў Грузію ў 2015 годзе, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы шмат аб чым дамовіліся. Але галоўнае, паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, мы зразумелі, што ў нас вялікія магчымасці. Тады мы прынялі рашэнне, што ўрады павінны пайсці ў авангардзе рэалізацыі гэтых рашэнняў”. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок ад гэтага курсу не адступіць. Беларусь гатова зрабіць столькі, колькі чакае ад яе Грузія, якой вядомы магчымасці беларускіх партнёраў.
Пераходзячы да пытанняў супрацоўніцтва ў знешняй палітыцы, прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі і Грузіі практычна няма разыходжанняў. “Няважна, які курс узяла Грузія і якога прытрымліваемся мы. Гэта нам не перашкаджае выбудоўваць адносіны, — адзначыў беларускі лідар. — Жыццё ідзе, час мяняецца. Мы разумеем гэтыя працэсы, адсочваем іх”.
Беларусь і Грузія бачаць, у якім напрамку складваецца сітуацыя ў свеце, і гатовы з улікам гэтага пры неабходнасці карэкціраваць свае адносіны. “Але толькі ў бок паляпшэння”, — рэзюмаваў прэзідэнт.
У сваю чаргу Георгій Квірыкашвілі адзначыў, што ўсе кантакты паміж краінамі актывізаваліся пасля афіцыйнага візіту ў Грузію Прэзідэнта Беларусі ў красавіку 2015 года. “Урады працуюць вельмі актыўна. Ёсць канкрэтныя праекты, якія ўжо рэалізоўваюцца. Думаю, што патэнцыял значна вышэйшы”, — сказаў прэм’ер. Ён выказаў упэўненасць, што тавараабарот $200 млн — гэта рэальная лічба, якой можна лёгка дасягнуць. Так, у сферы інвестыцый адкрываюцца вялікія магчымасці для супрацоўніцтва.
Краіны нарошчваюць узаемадзеянне і ў культурна-гуманітарнай галіне. “Па ўсіх сферах намячаецца вялікі прагрэс”, — канстатаваў Георгій Квірыкашвілі. Такая пазітыўная тэндэнцыя намецілася дзякуючы візіту беларускага лідара, падкрэсліў прэм’ер-міністр.
Беларускія і грузінскія партнёры павінны развіваць супрацоўніцтва гэтак жа актыўна. “Мы ўсе нацэлены на канкрэтныя вынікі”, — сказаў Георгій Квірыкашвілі.